Які патэнцыял арміі Лукашэнкі і чым яна можа дапамагчы Пуціну?


Пра тое, што Пуцін і Лукашэнка рыхтуюць беларусаў да вайны супраць украінцаў, мы распавялі на пачатку года, у студзені. На жаль, гэтыя прагнозы «Глабальнага пытання» аказаліся даволі рэалістычнымі.

Чыноўнікі Лукашэнкі не проста паінфармавалі ўкраінскага амбасадара ў Менску, што Украіна нібыта рыхтуе ўдар па тэрыторыі Беларусі. Цяпер міністр абароны, старшыня КДБ і іншыя людзі ў пагонах ездзяць з выступамі па заводах і пераконваюць, што вораг каля варотаў. Пры гэтым украінцы нібыта самі сабе перакрываюць шляхі наступу.

«На сённяшні момант практычна ўсе памежныя масты ўзарваныя, і аўтамабільныя, і чыгуначныя. Прымежныя дарогі цалкам замінаваныя. Нават ставяць супрацьтанкавыя міны ў тры шэрагі на дарогах», – так старшыня Памежнага камітэту Анатолій Лапо інфармаваў афіцэраў Узброеных сілаў Беларусі.

Уладзімір Макей у інтэрв’ю расейскім СМІ заяўляе, што ў Беларусі ўведзены рэжым контртэрарыстычнаяй аперацыі, бо нібыта ідуць правакацыі з памежжа. Той самы Макей, які пераконваў усіх у мірным характары вучэнняў «Саюзная рашучасць».

«Ніводнага вайскоўца, ніводнай адзінкі баявой тэхнікі не застанецца пасля гэтых вучэнняў. Пра гэта заяўлена і на ўзроўні Міністэрства абароны. Пра гэта заявіў і прэзідэнт Лукашэнка», – заяўляў міністр замежных справаў Лукашэнкі на прэс-канферэнцыі 16 лютага.

Сакратар лукашэнкаўскага Савету Бяспекі генерал-лейтэнант Вальфовіч супакойвае грамадзянаў: мабілізацыя не плануецца, набор у войска планавы, не надзвычайны. А вось што ён казаў за 4 дні да адкрытай фазы вайны Расеі супраць Украіны.

«Нашая краіна не дапамагае Расеі захапіць. Расеі не трэба захопліваць Украіну. Беларусі не трэба вайна. Мяркую, што і Расеі вайна не трэба», – казаў журналістам на палігоне Аляксандр Вальфовіч 20 лютага.

У выніку Расея адкрыта атакавала Украіну, у тым ліку з беларускай тэрыторыі. Цяпер Пуціну трэба падмога ад адзінага саюзніка.

Колькі дывізіяў у Аляксандра Лукашэнкі? Афіцыйна колькасць Узброеных сілаў у Беларусі – 65 тысячаў чалавек. З іх траціна – цывільны персанал. Астатнія – гэта таксама не толькі баявыя часткі. У гэтыя 45 тысячаў уваходзяць тылавыя структуры, ахова, абслугоўванне, сілы паветранай абароны, радыёэлектроннай барацьбы і іншыя. Колькі падрыхтаваных жаўнераў і афіцэраў скіруюць на фронт – ацэнкі экспертаў падзяліліся: ад шасці да максімум 20-ці тысячаў чалавек.

«Гэта Сілы спецыяльных аперацыяў, таксама я мяркую, што Лукашэнка захоча выкарыстаць Унутраныя войскі, якія можна выкарыстоўваць для абмежаваных аперацыяў. Але ўкраінскі досвед паказвае, што Унутраныя войскі не даюць вялікіх вынікаў, бо не прызвычаеныя да баявых дзеянняў», – тлумачыць Зміцер Міцкевіч, аналітык «Belarus Security Blog» і вайсковы аглядальнік «Белсату».

65 тысячаў – усе Узброеныя сілы Беларусі разам з салдатамі тэрміновай службы. Амаль столькі ж, паводле ўкраінскага Генштабу, Расея страціла забітымі на полі бою.

«З пачатку шырокамаштабнага ўварвання колькасць ЗСУ значна ўзрасла, на 700 тысяч чалавек… Збройныя Сілы Украіны – было 250 тыс. дадалося 700-750 тыс. Гэта каля мільёну. Нацгвардыі разам з памежнікамі – гэта яшчэ 90 тысяч і 60 тысяч. Узрасла колькасць і іншых службаў», – падлічвае Паўло Лакійчук, вайсковы аналітык Цэнтру глабалістыкі «Стратэгія XXI» (Кіеў).

Як тлумачыць эксперт, цяпер прыкладна паўтара мільёна ўкраінцаў абараняюць сваю зямлю. Кантрактнікі, навабранцы, мабілізаваныя з запасу – усе.

Наймагутнейшае войска ў свеце – гэта Узброеныя сілы Злучаных Штатаў Амерыкі. Найбольшы бюджэт, вайсковыя базы па ўсёй планеце, авіяносцы як гарады пасярод мора. На сёння агулам там служаць 1, 35 млн. вайскоўцаў. І ніякай абавязковай тэрміновай службы – толькі кантракт за шалёныя грошы з рознымі бонусамі.

Маленькі Ізраіль, якому давялося ваяваць абсалютна з кожным суседам, не можа адмовіцца ад набору на тэрміновую службу – там у войска набіраюць мужчынаў да 29 гадоў і жанчын да 26.

Швейцарыя засталася нейтральнай у Другую сусветную, бо магла нанесці непрымальную шкоду гітлераўцам. Там вайсковая служба абавязковая для ўсіх мужчынаў, але зборы і вучэнні расцягнутыя на 10 гадоў. Швейцарцы могуць мець у хаце аўтаматычную зброю – нават штурмавыя вінтоўкі. Зброю і боепрыпасы можна атрымаць ад дзяржавы, каб заўжды быць гатовымі абараняць свой край.

У Беларусі абавязковая тэрміновая служба – паўтара года. Але беларускія дэмбелі часта скардзяцца, што гэты час правялі за муштрай і ўпарадкаваннем тэрыторыі, без належнай баявой падрыхтоўкі.

«Прызыўная служба дае пэўныя навыкі – працы ў вайсковым калектыве, абыходжанне са зброяй, абыходжання з сістэмамі ўзбраенняў», – тлумачыць Паўло Лакійчук.

У 2015-м годзе пасля расейскай анексіі Крыму суседняя нам Літва вярнула прызыўную службу, каб рыхтаваць рэзерв салдатаў і навучаць кадравых афіцэраў.

«Пытанне: навошта трэба было адмяняць? Была такая ідэя, што вайны не будзе, а калі будзе вайна, то дзесьці далёка, і навошта нам такія вялікія ўзброеныя сілы», – распавядае Валдас Ракуціс, які прадстаўляе Камітэт нацыянальнай бяспекі Сейму Літвы.

Літоўцы таксама разлічваюць на калектыўную абарону блоку NATO і трэнуюцца паводле натаўскіх стандартаў.

А беларуская армія шмат у чым засталася савецкай, мяркуе Паўло Лакійчук. Гэта бачна на вучэннях, дзе не на памылках вучацца, а дэманструюць зладжанае выкананне роляў, як на балеце.

«Гэта важная паказуха для кіраўніцтва, мусіць быць добрая карцінка… Усе ведаюць, як будзе праходзіць аперацыя, якія сілы будуць задзейнічаныя, і які будзе вынік», – так апісвае дзеянні беларускага войска на вучэннях Паўло Лакійчук.

«Абмежаванне ініцыятывы, мысленне толькі паводле загаду вышэйшага камандавання і шаблоннае рашэнне. І добры военачальнік можа нават без вайсковай перавагі супраць гэтага ваяваць. Але мы не рыхтуемся да гэтага», – так ацэньвае савецкасць беларускага войска Валдас Ракуціс.

Праблема ў тым, што Беларусь усё больш падпарадкоўваецца Расеі, а Лукашэнка паводзіцца ўсё больш агрэсіўна, тлумачыць літоўскі дэпутат. У Польшчы кажуць яшчэ прасцей.

«Сёння Беларусь дэ-факта – частка Расеі з увагі на паводзіны Лукашэнкі, ягонага рэжыму. А гібрыдная атака на мяжу Польшчы год таму ўвосень была падрыхтоўкай да атакі супраць Украіны», – заявіў «Белсату» міністр абароны Польшчы Марʼюш Блашчак.

У «Глабальным пытанні» «Белсат» першым распавёў пра аперацыю «Шлюз» – як клан Лукашэнкі зарабляе грошы на нелегальнай міграцыі і як ператварыў яе ў гібрыдную зброю.

Таксама мы распавядалі, як дзеянні Пуціна далі новае жыццё блоку NATO. Але, на жаль, зрабілі нашую краіну часткай пагрозы.

«Я чакаю, што рэжым Лукашэнкі перастане быць суўдзельнікам гэтай вайны. Мы бачылі, як Беларусь выкарыстоўвалі ў якасці плацдарму для запуску ракетаў, для паветраных атак супраць Украіны», – так на пытанне «Белсату» адказаў генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг.

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны падлічылі, што цяпер у Беларусі 6 расейскіх ударных самалётаў, 4 ракетныя сістэмы «Іскандэр», 12 зенітных комплексаў С-400 і каля тысячы расейскіх вайскоўцаў.

Але зʼяўляюцца паведамленні, што ў Беларусь вязуць расейскіх «мобікаў». Ацэнкі розныя: ад 20 да 200 тысячаў.

«Гэта выглядае, як жаданне расейцаў перакінуць гэтых мабілізаваных, прынамсі, пэўнай часткі на плечы Лукашэнкі. Яго паставілі перад фактам: прыедзе такі кантынгент, яго варта будзе паіць, карміць, ды яшчэ і ўзброіць. Ну і трэніраваць таксама», – ацэньвае прыезд мабілізантаў Зміцер Міцкевіч.

Частку сваіх мабілізаваных расейцы трэнуюць на потым, а частку практычна адразу кідаюць у самыя гарачыя кропкі.

Вось што распавядаюць «мобікі» – у Сватаве Луганскай вобласці Украіны: «Мы мабілізаваныя. Мы тут увогуле не мусім быць. 11 дзён з моманту адпраўкі. Мы з Масквы зʼехалі 11 дзён таму. Колькі разоў страляў? Адзін. Тры ражкі».

Гэта тактыка маршала Жукава – закідаць праціўніка гарматным мясам, тлумачыць Паўло Лакійчук. Яе расейцы выкарыстоўвалі і ў сакавіку, калі рваліся на Кіеў, і ў чэрвені на ўсходзе Украіны.

«Прычым мяса бралася, дзе толькі можна. Калі была магчымасць не браць расейскую армію, элітныя часткі, то наперад кідалі на мяса мабілізаваных з акупаваных тэрыторыяў, кідаліся вагнераўцы, кідаліся любыя падраздзяленні, якія не ўлічваюцца ў баявых стратах», – распавядае вайсковы аналітык Цэнтру глабалістыкі «Стратэгія XXI» (Кіеў).

Калі тэндэнцыя захаваецца, то гарматным мясам могуць зрабіць і беларускіх вайскоўцаў – пад камандаваннем абʼяднанага штабу так званай спецыяльнай ваеннай аперацыі. То бок камандаваць будуць расейскія генералы.

Вядома, трэба спадзявацца на лепшае. Але неадэкватная рэакцыя ўраду Лукашэнкі на каронавірус, скрадзеныя выбары, міліцэйскі садызм і саўдзел у расейскай агрэсіі паказалі, што нам, беларусам, варта быць гатовымі супрацьстаяць кепскім сцэнарам і кепскім людзям. Абʼядноўвацца, арганізоўвацца, змагацца. Да сустрэчы ў «Глабальным пытанні».