Выйсці з бамбасховішча пад абстрэлы


Ілля пераехаў у Кіеў з Беларусі пасля акцыяў пратэсту ў 2020-м. Але і там пачалася вайна, больш падрабязна – у праграме «Беларускі свет».

У той год хлопца затрымлівалі 4 разы, агулам ён адседзеў 67 содняў. Калі пачалася вайна, Ілля узяў дакументы і пайшоў у арт-паб «Торвальд», бо ўстанова месцілася ў былым бамбасховішчы, а ён працаваў там барменам. У першыя содні ў «Торвальдзе» сабраліся каля 170 асобаў. Ілля бегаў па ўсіх крамах Кіева, каб знайсці хоць нейкія прадукты, бо людзей трэба было карміць. Сёння горад ажывае, пільнай патрэбы рабіць запасы пакуль няма, але ўсё роўна сітуацыю спакойнаю называць яшчэ рана, Кіеў працягваюць бамбаваць:

«Тры тыдні як Кіеўская вобласць вызваленая, я ўжо жыву не ў бамбасховішчы, а ў кватэры. Даўно ўжо нічога не ўзрывалася. Учора мы ў кухні сядзелі і пачулі два выбухі. Літаральна за 10 хвілінаў язды ад нашага дому. Прыляцелі дзве ракеты ў жылы дом. Мяне гэта пужае: калі прыляціць наступным разам? І калі ў цябе прыляціць? І ці прыляціць?»

Каб хоць неяк абстрагавацца ад вайны, хлопец займаецца музыкай. Ілля не плануе з’язджаць, ён верыць, што з вызваленнем Украіны прыйдзе перамога і ў Беларусь, а таму пастанавіў застацца і дапамагаць чым толькі зможа.

Belsat.eu