Жыхар Мастоў павесіў пудзіла міліцыянта, яшчэ адно паклаў у труну


Паўгода таму шматдзетная сям’я з Мастоў засталася без мужа і бацькі. Раніцою 11 лістапада міліцыянты ўручылі Віктару позву і забралі яго проста з дому. З таго часу двое сыноў, дачка і жонка яго не бачылі. Нягледзячы на тое, што віны Віктар не прызнаў, яго асудзілі на адзін год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Суд вызнаў шматдзетнага бацьку вінаватым у тым, што ён развешваў пудзілы міліцыянтаў пры дарозе.

«Я не ведала, што ён робіць і куды ездзіць. Яго забіралі ажно 7 чалавек. Яны забралі нашыя тэлефоны і камп’ютар. А потым вярнуліся і забралі нашае аўта! У нас у Мастах у полі стаялі таблічкі з надпісамі і труна, а ў труне было пудзіла ў міліцэйскай форме. І на прыпынках грамадскага транспарту ў вёсцы віселі яшчэ два пудзілы ў міліцэйскай форме. І яго ў гэтым абвінавацілі, хоць нават не знайшлі адбіткаў пальцаў. А аўтамабіль яны забралі, бо нібыта ён вазіў у ім гандляра труны, а гандляр нібыта запомніў нумары аўта і што там было два чалавекі – але апісаць іх не змог. Мне пагражалі, што дзяцей забяруць у прытулак!» – дзеліцца Таццяна, Віктарава жонка.

Таццяна.
Фота: Белсат

Тройчы ў доме сям’і чынілі ператрус. Казалі, што нехта пракалоў шыны міліцэйскага аўтамабіля, і нібыта шукалі тое, чым праколвалі. Да таго ж спрабавалі знайсці фарбу, якою «зламыснік» зрабіў надпісы каля пудзілаў у форме. Зазіралі нават у сабачую будку.

Сям’я жыве ў недарамантаваным доме. Усё ўручную рабіў Віктар. Цяпер жа ў чаканні любімага таты дзеці лістуюцца з ім і дасылаюць свае малюнкі.

Надзея.
Фота: Белсат

Таццяна працуе кухаркаю ў дзіцячым садку. Атрымлівае 180 рублёў авансу і 280 рублёў на картку, 460 рублёў на месяц вялікай сям’і не стае. Больш не можа аплачваць секцыяў і гурткоў для дзяцей.

«Мару, каб муж вярнуўся дамоў. Мне сорамна прызнацца, але б я вельмі хацела, калі раптам будзе такая магчымасць, звадзіць дзяцей у цырк у Менск і паглядзець горад. Ні Надзейка, ні Ілля… ніхто ніколі не быў у Менску», – кажа Таццяна. Таксама сям”я цяпер мусіць абыходзіцца без машыны.

Калі вы хочаце падтрымаць нашую гераіню і ейную сям’ю (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна), ажыццявіць ейную мару – звяртайцеся да нас: belarus2belarus@gmail.com.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога.

belsat.eu