Неймаверныя беларусы падтрымалі паўстанне 1830 года. Як гэта было?

Нацыянальна-вызвольныя ўзброеныя паўстанні супраць Расейскай імперыі нашыя продкі ўздымалі ў 1794, 1830 і 1863 гадах. Нягледзячы на тое, што паўстанне 1830 года паводле свайго маштабу, колькасці ўдзельнікаў і ахопу тэрыторыі не толькі не саступае, але і нават пераўзыходзіць два іншыя, яно заўсёды знаходзілася ў іх ценю. Чаму так адбылося? Высветлім у праграме «Intermarium».

У паўстання, што распачалося 29 лістапада 1830 г. у Варшаве, шмат асаблівасцяў і адметнасцяў, не ўласцівых рухам 1794 і 1863 гадоў. Акрамя ўнутранае прычыны – незадаволенасці панаваннем Расейскае імперыі ды яе палітыкаю – у выбуху 1830 года выразна прасочваецца моцны вонкавы ўплыў. Да яго спрычынілася перамога ліпеньскай рэвалюцыі ў Францыі і імкненне манархіі здушыць яе пры дапамозе ўзброенае сілы – гэта падштурхнула мясцовых патрыётаў фарсавана рыхтавацца да выступу.

«Частка шляхты думала, што з новым расейскім імператарам будзе мець правы, як у сваёй дзяржаве. Такія ілюзіі былі. Але за 30 гадоў зразумела, у якой сітуацыі апынулася (…). Беспадстаўная жорсткая справа філаматаў і філарэтаў супраць школьнікаў і студэнтаў паказала, што такое аўтакратычнае кіраванне», – расказвае Зіта Медышаўскіене, доктарка гістарычных навук з Інстытуту гісторыі Літвы.

У адрозненне ад 1794 і 1863 гадоў, у 1830 годзе не было ні кіраўнічага цэнтру, ні нізавых арганізацыйных структураў, ні рэгіянальных цэнтраў, на якія б можна было абаперціся ў справе распальвання і распаўсюду полымя ўзброенае барацьбы. Ці быў у паўстання моцны лідар?

«Напалеона ўжо не было больш за 9 гадоў, а тут патрэбны быў Напалеон, які выйграў бы вайну. А Напалеона не было (…). У польскай гістарыяграфіі надыходзіць перыяд лёгкай рэабілітацыі апошняга з кіраўнікоў паўстання – Яна Крукавецкага. Я займаюся генералам Мацеем Любіньскім, але таксама і генералам Скшынецкім. Ёсць у мяне своеасаблівая жарсць біёграфа, які абараняе свайго героя, – разумееш, што ён не зрабіў памылак. Але скажу, што самая выбітная постаць, адная з самых выбітных, звязаных з паўстаннем, – гэта Адам Ежы Чартарыйскі», – апавядае прафесар Варміньска-Мазурскага ўніверсітэту Норбэрт Каспарэк.

Тым не менш, распачатае як змова невялікай купкі вайскоўцаў, паўстанне ў хуткім часе перарасло ў маштабны, агульнанацыянальны рух. Першасную ролю ў гэтым адыграла падтрыманне простага народу, рэгулярнай арміі Каралеўства Польскага, а таксама Касцёлу.

Адным з найбольш важных пытанняў, якое развязвала паўстанцкае кіраўніцтва ў Варшаве, было далучэнне да ўзброенае барацьбы земляў ВКЛ, якія павінны былі стацца часткаю адроджанае Рэчы Паспалітай. Паўстанне непасрэдна на землях Літвы і Беларусі пачалося ўвесну 1831 года. Яго адметнасць у адрозненне ад уздыму на землях гэтак званай Кароны заключалася ў тым, што ўзброеная барацьба тут вялася пераважна партызанскімі метадамі.

«Паўстанне на беларускіх і літоўскіх землях адыграла гіганцкую мілітарную ролю, толькі значэння яму надаюць больш, чым яно тады мела сапраўды. Але ролю адыграла. На жаль, польскія сілы, якія ўзнялі паўстанне на тэрыторыі Каралеўства Польскага, не выкарысталі самаахвярнасці беларуска-літоўскіх паўстанцаў», – тлумачыць Норбэрт Каспарэк.

Пасля таго, як у чэрвені 1831 года пад Вільняй разбілі корпус генерала Гелгута, да якога паспелі далучыцца тысячы мясцовых жыхароў, актыўнасць інсургентаў пайшла на спад. Гэтаму садзейнічала і жорсткая палітыка па здушэнні нацыянальна-вызвольнага руху з боку царскіх уладаў. Расстрэлы, ссылка ў Сібір, мабілізацыя ў салдаты, секвестр і канфіскацыя маёмасці, фізічныя пакаранні.

«У Каралеўстве Польскім дзеялі іншыя законы. Тут была поўная амністыя, толькі восем асобаў не трапілі пад амністыю – сябры Нацыянальнага ўраду. А калі казаць пра тэрыторыі «забраныя» – я буду ўжываць гэтую назву, бо не хачу называць тэрмін «заходнія губерні»… Або – добра! – на літоўскіх і беларускіх землях. Тут рэпрэсіі былі значна мацнейшыя. Але яны таксама, у пэўнай ступені, злегендарызаваныя дзякуючы літаратуры», – дадае прафесар Каспарэк.

Каб пазбегнуць пакарання, тысячы нашых землякоў былі вымушаныя пакінуць сваю радзіму.

Госці праграмы «Intermarium»:

  • Зіта Медышаўскіене, доктарка гістарычных навук, Інстытут гісторыі Літвы, Вільня, Літва;
  • Дзмітрый Мацвейчык, кандыдат гістарычных навук, даследнік ХІХ ст. на беларускіх землях, Менск, Беларусь;
  • Норбэрт Каспарэк, доктар гуманістыкі, прафесар Варміньска-Мазурскага ўніверсітэту, Торунь, Польшча.

Belsat.eu

Больш матэрыялаў

Ці быў Наваградак сталіцай ВКЛ?

Як беларусы аб’ядналі Усход і Захад

Як масоны за Беларусь змагаліся

Якія злачынствы хаваюць беларускія лясы?

Праз сто гадоў беларусы зноў змагаюцца за сваю дзяржаву

Былі расстраляныя 3 рэктары БДУ, 10 рэдактараў газеты «Звязда». Як знішчалі Беларусь

Ці мы гэтак жа пераможам Лукашэнку, як палякі перамаглі камуністаў?

Як Расея магла знікнуць з мапы свету і прычым тут беларусы