Немцы завалілі маленькіх беларусаў падарункамі!


Нашая гераіня Таццяна была назіральніцаю на выбарах у Берасці, арганізоўвала вольны мікрафон, брала ўдзел у пратэстах. Да яе прыйшлі з ператрусам, пагражалі забраць дачку. Таццяна марыла пра кавалачак Беларусі, беларускае свята для дачкі пасля эвакуацыі ў Польшчу.

Беларус беларусу
Сілавікі штурмавалі кватэру берасцейскіх актывістаў на пажарнай машыне
2022.01.10 13:47

Рагнеда і Таццяна загадалі сваім жаданнем святочную імпрэзу ды беларускага Дзеда Мароза. Што было рабіць? Так з’явілася ідэя Беларускай ялінкі.

Беларускі дом гасцінна адчыніў свае дзверы для дзетак з рэпрэсаваных беларускіх семʼяў ды іхных бацькоў, а таксама супольна з нямецкім фондам падрыхтаваў больш за 500 падарункаў!

Адметнасць гэтых падарункаў у тым, што іх падрыхтавалі нямецкія дзеці для дзяцей з Усходу. У тым ліку Беларусі.

Таксама Беларускі дом у Варшаве падрыхтаваў пачастунак і стварыў утульную святочную атмасферу для малятаў.

Дзеці ў захапаленні ад імпрэзы.
Фота: «Беларус беларусу»

Нашая аўтарка і вядоўца Валярына стварыла сцэнар інтэрактыўнага спектаклю «Падарожжа за Каляднай Зоркай». Мы звярнуліся да беларускіх актораў – Андрэя і Дарʼі, якія раней працавалі ў беларускіх тэатрах. І яны з прыемнасцю адгукнуліся. Андрэй быў Дзедам Марозам, а Дарʼя – Каляднаю Зорачкай.

Таксама адгукнулася жанчына, якая жыве ўжо шмат гадоў у Польшчы, пазычыла строй Дзеда Мароза на гэтае свята.

Наш калега з «Белсату» Васіль знайшоў сапраўдныя казачныя боты для Дзеда Мароза. І мы такім чынам сабралі строй.

Кожнае дзіця атрымала падарунак. У тым ліку і нашая гераіня Рагнеда – акурат тое, пра што марыла, што прасіла ў лісце Дзеду Марозу. І гэта не можа не цешыць, што кожны застаўся задаволены.

Дзед Мароз і Рагнеда.
Фота: «Беларус беларусу»

«Вялікі дзякуй праграме «Беларус – беларусу». Таксама Беларускаму дому. І ўсім-усім, хто браў удзел у арганізацыі гэтага свята. Не зважаючы на такі цяжкі час, усё ж такі нам удалося сабрацца – кавалачак Беларусі атрымаўся тут у нас. Вельмі файная ўтульная атмасфера. І Рагнедзе тут вельмі спадабалася. Гэта самае галоўнае», – падзялілася ўражаннямі Таццяна.

Усе мы ведаем, што больш за 1000 палітычных вязняў цяпер у турме. І я хацела б папрасіць, каб кожны з нас напісаў пару словаў. Каб проста стала цяплей на душы.

Паштоўка палітвязню.
Фота: «Беларус беларусу»

«Мяне асабіста, апроч гэтай неймавернай салідарнасці, уразіла тое, што адзін хлопчык, калі падышоў да Дзеда Мароза, і той спытаўся, пра што марыць… Ён сказаў: «Я мару, каб Беларусь стала вольнай і Лукашэнка сышоў». І заплакаў. І гэта, вядома, кранула неймаверна. Па-мойму, заплакаў і сам Дзед Мароз на гэтым моманце. Гэта было вельмі кранальна», – расказала Валярына.

Агулам было весела, гучна, радасна! Усе дзеці былі заангажаваныя ў гэты спектакль, у гэтую дзею.

Заклікаю ўсіх вас глядзець праграму «Беларус – беларусу». Заходзіць на сайт. Выбіраць тых герояў, каму б вы хацелі дапамагчы, зрабіць невялікі цуд. Каго б вы хацелі падтрымаць. Гэта можна зрабіць публічна альбо ананімна з любога пункту свету. Лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.