«NaviBand» пераканаліся ў моцы салідарнасці беларусаў


Беларуская рэвалюцыя немінуча закранула ўсю творчую інтэлігенцыю. Нехта сядзіць, нехта замаўчаў. Гурт «Naviband» падтрымаў пратэст. І яны працягваюць прамаўляць. Усё гэта далося няпроста. Цяпер яны ў Польшчы, тут, у Гданьску. І гэтая нібыта часовая эміграцыя далася ў знакі. Але, між іншага, яны працягваюць натхняць беларусаў.

Ксенія і Арцём шпацыруюць па Гданьску.
Фота: «Беларус беларусу»

Падтрымка

«Тое, што мы выйшлі тады на акцыі, было імпульсам. Вельмі хацелася падтрымаць, мы разумелі: выходзілі дзяўчаты з кветкамі, не ведаючы, што іх можа чакаць… Гэта было вельмі смела. Калі гэты крок робіш, выказваешся і паказваеш, што ты не згодзен усё гэта трываць, то з’яўляюцца крылы і проста цябе нясуць. І мы вырашылі, што проста прыедзем. Спантанна. І выкажам сваю падзяку дзяўчатам з кветкамі: за тое, што яны там, што яны разам. Шкада, што шмат людзей пацярпелі цяпер. І гэта ўсё працягваецца. Гэта самае дрэннае, што адбываецца. Мы стараемся падтрымліваць беларусаў. Граць канцэрты для іх у розных гарадах», – расказвае Арцём.

«Граем для Беларусі – 2021»
2021.03.26 14:13

«Мы проста робім справу. Не думаем, сумуем мы ці не. Мы проста ідзем далей. Ідзем, ідзем, ідзем. І людзей таксама падтрымліваем. Натхняем. Нам шмат пішуць: «Вось што рабіць? Хочацца дадому». І што? Ты будзеш сядзець, проста сумаваць? Развівайся. Рабі што-небудзь. Прыдумвай. Сустракайся. Знаходзь новых людзей. Знаходзь новыя знаёмствы. І гэта самая, напэўна, галоўная думка, якую трэба сабе казаць кожны дзень. Каб не затухнуць», – сцвярджае Арцём.

Салідарнасць

«Проста гэта вельмі цяжка. Калі ты разумееш, што павінен стрымацца, калі табе хочацца плакаць. Але неяк пагружаешся ў іншы свет – і проста яго аддаеш людзям. І ўсё. Як праваднік працуеш у гэты момант», – кажа Ксенія.

На канцэрце ў Польшчы.
Фота: «Беларус беларусу»

«Салідарнасць, канечне, ёсць. І вельмі вялікая. Гэта вялікае свята. Асабліва на канцэртах. Апошняе вось было ў нас у Кракаве. Два канцэрты. Мы дамаўляліся з арганізатарам, каб пакінуць нашага сына. Бо не здолеў наш памочнік паехаць гэтым разам. І наш сын заставаўся ў сям’і беларусаў два дні запар. Там былі дзеці. Гэта вельмі крутая сям’я, вельмі сучасная, вельмі крэатыўная, цёплая. І мы іх бачылі ўпершыню», – дзеляцца артысты.

Тата і сын. Фота з асабістага архіва герояў

Мара

«У нас былі канцэрты, дзе трэба было набыць квіток. Напрыклад, у Польшчы было некалькі канцэртаў у розных гарадах. Але было шмат людзей, у якіх такой магчымасці не было. Нават набыць квіток. А яны хацелі прыйсці. Калі нам пішуць, дарэчы, мы запісваем у спіс і прапускаем людзей, калі ёсць такая сітуацыя. Такое бывае. Але было б крута зрабіць канцэрт цалкам для такіх людзей. Дабрачынны канцэрт для пацярпелых, для беларусаў, якія цяпер у складаным становішчы, якім цяжка тут і хто хацеў бы трапіць на канцэрт. Сабраць гэтых людзей, даць ім сілы і натхненне. Заспяваць для іх. Сказаць, што ўсё будзе крута. Сказаць, каб яны адчынялі свае дзверы і выходзілі».

Арцём і Ксенія.
Фота: «Беларус беларусу»

Пасля размовы з Ксюшай і Арцёмам на душы светла ды радасна. Яны напраўду даюць і сілу, і надзею. Калі ў вас ёсць жаданне зарганізаваць канцэрт для пацярпелых беларусаў, Ксюша і Арцём з прыемнасцю адгукнуцца. Давайце зробім гэта разам. А калі вы хочаце падтрымаць іншых нашых герояў, гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна, з любога пункту свету. Лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Калаж з фота: Andrea Anastasakis / unsplash