«Я быў побач, калі забілі Тарайкоўскага»


Паша Цяпло быў валанцёрам і дапамагаў жанчынам, пацярпелым ад хватняга гвалту. Ён бачыў забойства сілавікамі Лукашэнкі Аляксандра Тарайкоўскага. Праз свае каштоўнасці ён вымушаны быў пакінуць Беларусь.

Паша – прафесійны цырульнік. У Беларусі ён актыўна валанцёрыў. Напрыклад, ездзіў з гораду ў маленькую глухую вёсачку, каб пастрыгчы дзяўчынку з асаблівасцямі, бо яна давярала толькі яму.

Паша Цяпло і кот Кіт.
Фота: «Беларус беларусу»

У жніўні 2020 года Паша апынуўся ў эпіцэнтры беларускіх пратэстаў у Менску. Ён быў на станцыі метро «Пушкінская», калі сілавікі застрэлілі Аляксандра Тарайкоўскага.

«Мы хадзілі на дастаткова шмат розных мітынгаў, аўтапрабегаў… Я ўдзельнічаў у тым, у чым мог, але ў нейкі момант мой ментальны стан не дазволіў мне больш хадзіць на мітынгі. Таму, на жаль, мая нейкая палітычная актыўнасць – яна была такая, больш падпольная… У мяне здарылася панічная атака на «Пушкінскай», калі забілі нашага чалавека, – распавядае Паша пра забойства Тарайкоўскага. – Я быў побач».

Паша пакінуў Беларусь, калі сілавікі зацікавіліся дабрачыннай арганізацыяй «Радзіслава». Паша там валанцёрыў, дапамагаў ахвярам хатняга гвалту. Раней ён сам зведаў гвалт у дачыненнях з жанчынай, звярнуўся ў «Радзіславу», атрымаў дапамогу – і сам стаў дапамагаць.

Аб працы прытулку «Радзіслава» распавядае рэпартаж «Блізкія людзі»:

Паша з’ехаў у Грузію, потым ва Украіну, а пасля пачатку расейскага ўварвання – у Польшчу. Гэтыя пераезды наклаліся дадатковым цяжарам на стан нашага героя. У Пашы біпалярны разлад асобы. У ягоным выпадку гэта ўскладняецца тым, што ён – небінарны чалавек.

Паша – асаблівы. І мысліць ён незвычайна, і выглядае ён нестандартна. Яму вельмі патрэбная падтрымка – і фінансавая, і псіхалагічная. А таксама ён спадзяецца скончыць татуіроўку, якую пачаў рабіць яшчэ да вайны ва Украіне.

Калі вы можаце дапамагчы нашым героям (публічна ці ананімна, з любога пункту свету), лістуйце: .

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.