Сарвацца з крамлёўскага ланцуга ўсё цяжэй? «ПраСвет» з Алінаю Коўшык


Першы ўвосень 2021 г. «ПраСвет» у новай студыі і з новым графічным афармленні. Тэмы праграмы:

Лукашэнка гуляе з крамлёўскім агнём. Як Расея мілітарызуе Беларусь?

Лукашэнка бароніцца ад размяшчэння ў нашай краіне расейскай вайсковай базы з 2013 года. Дзесяцігоддзямі зацягвае пачатае ім самым яднанне ў Саюзнай дзяржаве з Расеяй. Гэтак справа выглядае для тых, хто раз-пораз чытае інтэграцыйныя навіны. Але на сёння мы маем і расейскія самалёты на баявым дзяжурстве, і расейскія комплексы С400. І нават саюзныя праграмы ўжо гатовыя – не стае толькі ратыфікацыі ўрадамі краінаў. Колькі засталося ад беларускага суверэнітэту і чаму мы не зразумелі, як вялікі кавалак страцілі? Разбіраўся Усевалад Шлыкаў.

Ярмошына хацела сфальсіфікаваць выбары ў Грузіі?

Старшыню лукашэнкаўскага ЦВК Лідзію Ярмошыну зарэгістравалі незалежнай назіральніцай на муніцыпальных выбарах, якія пройдуць у краіне на пачатку кастрычніка. Пасля хвалі абурэння ў СМІ Ярмошына зняпраўдзіла інфармацыю, заявіўшы, што ад ЦВК у Грузію паедуць два чалавекі, і яе сярод іх няма. А ў нядзелю польская паліцыя затрымала беларуса – удзельніка пратэстаў Макарыя Малахоўскага, які жыве ў Польшчы з гуманітарнай візай. Пасля высвятлення акалічнасцяў маладзёна адпусцілі. Наколькі іншым краінам мэтазгодна супрацоўнічаць з Беларуссю на ўзроўні ведамстваў? Ці адкрыла Беларусь новы фронт «гібрыднай вайны», выкарыстоўваючы нават Інтэрпол? Глядзіце ў сюжэце Вольгі Міцкевіч.

Час сабраць дакументы на Лукашэнку для трыбуналу ў Гаазе. Інтэрвʼю з Радославам Сікорскім, еўрадэпутатам, экс-міністрам замежных справаў Польшчы

«Давайце называць рэчы сваімі імёнамі, – прапанавала кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен у штогадовым звароце да Еўрапарламенту. – Гэта гібрыдная атака, якая мае на мэце дэстабілізаваць Еўропу. Мы не станем трываць гэтага ніколі». Ці Абʼяднаная Еўропа згодная? У Страсбуры наш карэспандэнт Алесь Сіліч паразмаўляў з Радославам Сікорскім, былым міністрам замежных справаў Польшчы, а цяпер еўрадэпутатам.

Варшава мадэрнізуе войска. Чым Польшча плануе абараняцца?

Гледзячы на актыўную мілітарызацыю Расеі ды агрэсіўную рыторыку як Крамля, так і Лукашэнкі, краіны Захаду ўсё больш увагі надаюць пытанням бяспекі. І Польшча тут – адна з лідарак. Нашыя заходнія суседзі сёлета выдаткуюць на абарону больш за $ 13 млрд, што практычна ў 25 разоў больш за абарончыя выдаткі Беларусі. Найноўшае ўзбраенне, якое бліжэйшым часам мусіць трапіць ці ўжо трапіла да польскіх вайскоўцаў, прэзентавалі сёлета на Міжнародным салоне вайсковай прамысловасці ў горадзе Кельцэ. Зміцер Міцкевіч на ўласныя вочы паглядзеў, чым плануе Варшава абараняцца ад пагрозы з Усходу.

Першы месяц «Талібану». Хто дапаможа Афганістану?

Беларусь працягне развіваць эканамічныя сувязі з Афганістанам і ў цяперашніх няпростых умовах. Гэта словы Алега Іванова – надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара Беларусі ў Таджыкістане і па сумяшчальніцтве – у Афганістане. Словы пра «няпростыя ўмовы» – улічваючы ўсё, што адбываецца цяпер у краіне, – яўна занадта мяккае азначэнне. Роўна месяц таму «Талібан» увайшоў у Кабул, і ў краіне, дзе больш за 20 гадоў спрабавалі пабудаваць дэмакратыю, наступіла новая рэальнасць. Без вонкавай дапамогі Афганістан блізкі да калапсу і гуманітарнай катастрофы. Ад каго з міжнародных партнёраў можна чакаць дапамогі і колькі гэта каштуе? Высвятлала Святлана Аўчарова.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:35. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота на прэв’ю: president.gov.by