Лукашэнка баіцца народнага гневу ў выніку рэферэндуму


Аляксандр Лукашэнка даўно і неаднойчы прамаўляў пра транзіт улады, які мусіў адбыцца пасля канстытуцыйнага рэферэндуму, што нібыта прызначаць на люты. Афіцыйная Канстытуцыйная камісія падрыхтавала тэкст новага Асноўнага Закону, прэзентавала яго 31 жніўня, і далей… маўчанне – вось ужо некалькі тыдняў.

Больш за тое, апошнія тыдні ў выказваннях Лукашэнкі гучаць ноткі, што цяперашняя Канстытуцыя не такая і кепская, няма пільнай патрэбы ўжо нешта мяняць і гэтак далей.

Ці магчымы варыянт, што кіраўнік Беларусі адмовіцца ад усіх сваіх публічных абяцанняў і скасуе любую форму транзіту ўлады? Гэтую ды іншыя тэмы Віталь Цыганкоў у сваёй «Размове» абмяркоўваў з аналітыкам Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Вадзімам Мажэйкам.

Вось некаторыя цікавыя тэзы, агучаныя экспертам:

  • Лукашэнка заўжды карыстаўся рэферэндумамі для развязання палітычных крызісаў рознага кшталту.
  • Гаварыць пра рэферэндум Лукашэнку вымусілі абставіны, ён не ведае, як павінен выглядаць кантраляваны транзіт улады.
  • Няма ідэальнага рэцэпту ўладнага транзіту, які задаволіў бы Лукашэнку.
  • Нават у сталінскі час у СССР была сістэма над адною асобай, а ў Беларусі гэтага няма.
  • Калі пачнецца барацьба ўнутры лукашэнкаўскіх элітаў, розныя групоўкі будуць ставіць на розных гульцоў: нехта на Расею, нехта на Захад.

Глядзіце «Размову» цалкам на YouTube-канале «Belsat News».

Калаж з фота: Denis Kostyuchenko / Viktor Drachev, TASS / Forum