Той самы Сярога, які выправіў паламанае АМАПам. Ціханоўская падзякавала яму на ўвесь свет


Памятаеце, у навагоднім звароце Святлана Ціханоўская ўзгадала аўтамеханіка, які «бясплатна рамантуе пашкоджаныя дубінкамі і выбухамі машыны»? Вось ягоная драматычная гісторыя з добрым фіналам.

Слыннага аўтамеханіка завуць Сяргей. Пачалося з таго, што ён даведаўся з сацсетак, як «ябацькі» пісалі фарбаю абразы на машынах «змагароў». Наш герой даў абвестку, што бясплатна прыбярэ фарбу. Калі ён даведаўся, што падчас хапуноў АМАП б’е дручкамі шыбы ў аўтамабіляў, то даў абʼяву аб тым, што бясплатна заменіць шыбы.

«І да мяне людзі звярталіся. І так я пазнаёміўся з мноствам цудоўных людзей. І багатых і не вельмі багатых. Мне было цікава паразмаўляць з аднадумцамі. І заўсёды, быўшы ў гэтай атмасферы, я быў упэўнены, што мы пераможам», – успамінае Сяргей.

Першы раз Сяргея затрымалі на маршы. Ён крочыў наперадзе і яго ўзялі як завадатара і небяспечнага злачынцу.

Сяргей.
Фота: «Беларус беларусу»

Другі раз Сяргея схапілі, калі ён з сям’ёй ішоў у кінатэатр: з прыпаркаванага на стаянцы буса выскачылі чатыры чорныя «піплы» і павалілі яго на зямлю.

«Калі ўзялі тату, я ўвогуле не ведала, што рабіць. Была безвыходнасць проста. І неяк сціснулася ўсё ўнутры. Страх быў вельмі вялікі. Узялі тату. Я не магла нічога зрабіць. Я пачала проста плакаць. Гэта быў шок вялікі для мяне», – успамінае малодшая дачка Паліна.

Агулам за кратамі Сяргей правёў 40 дзён. Ён вырашыў з’ехаць у Польшчу: дзеці былі траўмаваныя ўнутрыбеларускай сітуацыяй – баяліся хадзіць па вуліцах. Асабліва калі бачылі міліцыянтаў. Таксама іх мучылі кашмары, нават у Польшчы.

«Мне снілася дастаткова шмат сноў, але я памятаю толькі адзін з іх. Гэта як я была на мітынгу. Стала зʼяўляцца ўсё больш і больш амапаўцаў. І проста мільёны нейкія. І яны сталі з усіх бакоў падыходзіць і акружаць», – кажа сын Сяргея Цімафей.

Цімафей і Паліна.
Фота: «Беларус беларусу»

Сяргей сам звярнуўся ў нашую праграму, каб падзяліцца сваёй гісторыяй. Але цягам размовы выявілася, што выгаварыцца – не дастаткова, і дзецям неабходная псіхалагічныя дапамога і рэабілітацыя. Мы знайшлі псіхатэрапеўтаў, які дапамаглі нашым героям.

«Цяпер стала нашмат усё лепш, чым было, хачу сказаць. Пасля псіхолага. Рэальна дапамог ён мне, і стаў я нашмат сябе лепей адчуваць», – падзяліўся ўражаннямі Цімафей.

Святлана з сынам.
Фота: «Беларус беларусу»

Псіхолаг дапамог развязаць не толькі праблемы са страхамі ў Паліны, але і паспрыяў са школьнай адаптацыяй на новым месцы.

«Мне здаецца, хто не ведае і доўга са страхамі дужаецца, і ў яго не атрымліваецца, то лепш звярнуцца да псіхолага. Мы размаўлялі на розныя тэмы. Не толькі на страхі псіхолаг мне дапамог забыцца, але і дапамог вырашыць школьныя праблемы. Я ўжо нічога не баюся», – распавяла Паліна.

Паліна за падручнікамі.
Фота: «Беларус беларусу»

Жонка Сяргея, Святлана, раіць звяртацца да спецыялістаў усім, хто мае праблемы з адаптацыяй дзяцей, хто прыехаў на новае месца, зведаўшы рэпрэсіі і вайну ў сябе ўдома. Сяргей дадае, што апроч спецыялістаў, вельмі дапамагае выбрацца з дэпрэсіі мара…

Давайце прыслухаемся да парадаў, якія далі Сяргей і Святлана. Як быць, як дапамагчы сваім дзецям, як утрымацца эмацыйна і псіхалагічна. У гэтым хаосе. У гэтай вайне.

Сяргей з жонкай і дзецьмі кормяць качак.
Фота: «Беларус беларусу»

З вамі праект «Беларус – беларусу». Праграма, якая сведчыць пра тое, што беларускую салідарнасць немагчыма знішчыць. Калі вы хочаце падтрымаць нашых сённяшніх герояў, публічна або ананімна, з любога пункту свету лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com.

I памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога!

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:30 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.