«Я назірала, як забіваюць маіх суседзяў», – украінцы пра выжыванне пад абстрэламі


Як цяпер жывецца ва ўкраінскіх гарадах? Ці магчыма трапіць да доктара, карыстацца грамадскім транспартам, атрымліваць заробак, здымаць грошы з картак? У сённяшнім выданні «Шчыра кажучы» з Арынай Маліноўскай – гісторыі жыхароў Харкава, Ірпіня, Вінніцы, Кіева ды акупаванага расейскімі вайскоўцамі Херсону.

На фота: Уладзіслаў Сяменчанка

Уладзіслаў Сяменчанка – з Вінніцы. З пачаткам вайны ў горадзе ўвялі ваеннае становішча, баёў у ім няма, але расейская армія нанесла ўдары па наваколлі. Ракетны ўдар прыпаў на аэрапорт, які быў на рэканструкцыі: менш за дзесяць кіламетраў ад Вінніцы.

Уладзіслаў распавядае, што ў перапынках паміж сірэнамі жыхары могуць хадзіць па харчы і ў аптэкі, але не заўсёды паспяваюць дайсці, бо пачынаецца трывога.

«Цікавы факт, – зазначае Уладзіслаў. – Горад – украінскамоўны, і тут сапраўды абстрэльваюць толькі вайсковыя аб’екты, у адрозненне ад расейскамоўных гарадоў, дзе страляюць у мірных жыхароў».

У Вінніцы былі марадзёры, але горад добра ахоўвае паліцыя і тэрытарыяльная абарона. Жыхары пачуваюцца ў адноснай бяспецы.

Шчыра кажучы
Ці была непазбежнаю сённяшняя вайна ва Украіне?
2022.03.02 18:16

Жыхар Харкава Руслан Бадалаў кажа, што ў Харкаве працуе толькі крытычная інфраструктура: крамы і камунальныя службы, а таксама запраўкі, АЗС. З першага дня вайны ў крамах няма макароны, крупаў, цукру і мукі. У аптэках – настойка валяр’яны, бінты і шпрыцы – дэфіцыт, ёсць недахоп інсуліну. Ніякі грамадскі транспарт не працуе, а таксісты карыстаюцца сітуацыяй, каб зарабіць. Гарачая вада і святло – з перабоямі.

«Вы ж мусіце разумець, як працуе расейская армія. Яны, можа, адзін з дзесяці ўдараў наносяць па вайскоўцах, па вайсковай інфраструктуры… Дзевяць з дзесяці – гэта жылыя дамы і крытычная інфраструктура», – тлумачыць госць праграмы.

На фота: Канстанцін Рыжэнка

У Херсоне, які акупавалі расейцы, пачалі знікаць людзі, сцвярджае мясцовы жыхар Канстанцін Рыжэнка:

«Большасць – гэта журналісты, актывісты – тыя, хто актыўна ўдзельнічае ў мітынгах, валанцёры. Уломваюцца ў дамы былых ці дзейных супрацоўнікаў СБУ. Выбіваюць дзверы. Урываюцца да былых вайскоўцаў ці ўдзельнікаў, арганізатараў тэрытарыяльнай абароны».

Суразмоўца кажа, што ў першыя дні было шмат фактаў марадзёрства – як ад мясцовых жыхароў, так і ад вайскоўцаў, што прыбылі. Прычым вайскоўцы ў крамах бралі пераважна алкаголь і цыгарэты:

«Яны лічаць, што перамаглі, узялі горад, і яны некалькі дзён актыўна святкавалі. Пазней пайшла інфармацыя, што яны заходзяць у крамы – проста ў скрынкі выграбаюць прадукты. […] Яны могуць зайсці ў чыйсьці дом, выгнаць людзей з сутарэння, забраць у іх ежу і проста сказаць: мы сёння будзем жыць тут, есці вашыя харчы, а вы там рабіце, што хочаце».

Шчыра кажучы
Які далейшы сцэнар вайны? Міжнародныя эксперты ацэньваюць расклад расейскіх і ўкраінскіх сілаў
2022.03.09 17:02

Аляксандра нядаўна праз гуманітарны калідор выехала з Ірпіню, дзе ідуць актыўныя баі. Горад месціцца за 30 кіламетраў ад сталіцы, цяпер там няма электрычнасці, газу і сувязі, туды не завозяць харчоў і лекаў. Аляксандра малюе драматычныя сцэны з жыцця сваёй сям’і ў першыя дні вайны, перад тым, як яна выехала:

«Пакуль было святло, газ, мы намагаліся жыць, як звычайна. Мы падымаліся раніцаю, даволі рана, а 5-й раніцы яны звычайна пачыналі авіяналёты. Гатавалі каву, кармілі дзяцей, выходзілі на гаўбец і назіралі, як самалёты бамбяць. Нам, магчыма, пашанцавала ў першыя дні – бамбавалі пераважна цэнтр гораду, не наш раён. Таму я проста паліла, піла каву і назірала, як забіваюць маіх суседзяў. Увечары, пакуль быў інтэрнэт, мы дзяцей засоўвалі ў мульцікі, у фільмы ў слухаўках, каб яны менш чулі. Бо калі бахае, усе дзеці выдатна разумеюць, што яны зараз загінуць. На трэці дзень вайны малодшанькі пачаў называць расейцаў «підарасамі» і крычаць, што ўсе яны тут здохнуць. Мы яго не вучылі. Я не думаю, што трэба адвучваць. […] Маё дзіця ішло па трупах. […] Калі ты выйшаў – цябе застрэлілі. Калі мы выходзілі, ужо быў труп майго суседа, 75 гадоў, проста застрэлілі на вуліцы, ён проста ішоў на эвакуацыю».

На фота: Аляксандр Адамлюк, жызар Кіева

Паводле стану на 10 сакавіка Кіеў пакінуў кожны другі жыхар, заявіў мэр гораду Віталь Клічко. Аляксандр Адамлюк працуе на тэлебачанні, ён не стаў эвакуявацца і падчас вайны даслоўна жыве на працы.

«Карымат, плед, коўдра, падушка. Калі я не паспяваю даехаць дадому перад каменданцкай гадзінаю, я магу застацца тут, каб ранкам зноў працаваць. Тут няма вокнаў, то бок пакой адносна бяспечны. Калі будуць вулічныя баі, абстрэлы, сюды не павінны даляцець ніякія аскепкі».

Толькі за першыя паўтара тыдня вайны ў Польшчу заехалі больш як 1 мільён украінцаў, якія ўцяклі ад вайны. Некалькі соцень тысяч – у Малдову. Частка ўкраінцаў бяжыць у заходнюю частку краіны, дзе адносна спакойна. Там працуюць крамы, грамадскі транспарт і нават кавярні, ёсць грошы ў банкаматах. Але, як паведамілі нам тыя, хто цяпер у Львове, некаторыя праблемы ёсць і там: напрыклад, з паліцаў хутка знікаюць крупы і кансервы, цяжка запісацца да дактароў праз чэргі ці здаць аналізы праз адсутнасць рэагентаў у лабараторыях.

Праграма «Шчыра кажучы» выходзіць штосераду а 19:05 у эфіры «Белсату», а таксама на нашым YouTube-канале.

Фота: Rober Solsona / Forum