«Сталін не ведаў»? Як працавала савецкая ўлада

Каб кіраваць краінаю, трэба рэальна і цвяроза ацэньваць сітуацыю. Адказным за збор інфармацыі пра настроі савецкіх грамадзянаў у 1930-я гг. быў НКВД. Таму дакументы НКВД – бясцэнная крыніца інфармацыі пра дачыненні савецкай улады з народам.

У 2019 г. выдавецтва «Логвінаў» апублікавала кнігу на 1120 старонак пад назваю «Улада і грамадства: БССР у 1929–1939 гады». Гэтая кніга – плён 20 гадоў працы ў архівах, праведзенай кандыдаткай гістарычных навук Ірынай Раманавай. Яна ж сталася ўкладальніцаю гэтае кнігі і аўтаркаю прадмовы.

У выданне ўвайшлі дакументы, прызначаныя для ўнутранага карыстання бальшавіцкіх партыйных функцыянераў і службоўцаў НКВД у перыяд 1929–1939 гг.

Безумоўна, у той перыяд савецкія газеты заўсёды трубілі пра неверагодныя здабыткі СССР ува ўсіх магчымых сферах жыцця, усенароднае падтрыманне мудрага курсу бальшавіцкай партыі і вялікага стырнавога – таварыша Сталіна. Прызначалася гэта для грамадзянаў, але яны адчувалі фальш і вучыліся чытаць між радкоў.

А вось для прыняцця рашэнняў бальшавіцкія бонзы абапіраліся на інфармацыю з сакрэтных дакументаў. За страту такога дакументу можна было атрымаць 10 гадоў турмы. Гэтыя дакументы вельмі каштоўныя, бо ў іх НКВД фіксуе рэальную грамадскую думку, настрой савецкіх грамадзянаў, злоўжыванні савецкіх чыноўнікаў, у тым ліку саміх чэкістаў. Натуральна, нават у дакументах, прызначаных асабіста для Сталіна, было месца для розных недамовак і перакручвання.

Для самой Ірыны Раманавай найцікавейшае пытанне – чаму таталітарны рэжым здольны пратрымацца так доўга? Груба кажучы, чаму народ трываў кіраванне Сталіна і не паўставаў?

«Калі гаварыць пра тыя ж 30-я гады ці пра таталітарызм, то для нас будзе таксама вельмі важным пытанне: як усё ж такі таталітарныя рэжымы здабываюць такую шырокую падтрымку? Чаму яны так доўга функцыянуюць? А гэта немагчыма вывучыць толькі па гісторыі зверху [з перспектывы дзяржавы. – Заўв. «Белсат»]. Гэта патрэбна вывучаць гісторыю знізу [з перспектывы «малога чалавека». – Заўв. «Белсат»]: як усё большая колькасць людзей уцягваецца ў функцыянаванне гэтага таталітарнага рэжыму».

Як НКВД сачыў за грамадскаю думкаю ў 1930-я? Колькі дакументаў трэба было апрацаваць даследніцы? Колькі з іх увайшло ў кнігу? Ці змагаліся з ілжэданосамі ў СССР? Як аддзяліць праўду ў дакуменце ад бравага рапарту чыноўніка, што трымаецца за свае месца, а ў выпадку сталінскіх часоў – часцяком проста за сваё жыццё? Чаму жартаў і кепікаў пра Леніна фіксавалася значна больш, чымся пра Сталіна? Ці знайшлі адлюстраванне ў сучаснай афіцыйнай гістарыяграфіі даследаванні спадарыні Ірыны? Пра гэта Ірыну Раманаву распытае доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

Беларусы – падданыя ці грамадзяне?

Ці трэба вярнуць у школу ўрокі народных спеваў?

Што ратавала ў Галадамор у Савецкай Беларусі?

Чаму беларускія землі раздзялілі ў 1921-м?

Чаму «партызанскі» народ пратэстуе мірна?

Калі царква была беларускай?

Новая дата для Дня абаронцы Айчыны

Якую будучыню для Беларусі рыхтаваў Сталыпін