Былы сілавік распавёў, як сочаць за беларусамі

Якія рэсурсы і сродкі выкарыстоўвае дзяржава, каб сачыць за сваймі грамадзянамі? Як паводзіцца, калі вы заўважылі за сабою «хвост»? Пра гэта паразмаўляем з інсайдарамі ў праграме «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскай.

Сачэннем за беларусамі займаюцца адразу некалькі структураў. Сярод іх – Дэпартамент забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС. Падобнае падраздзяленне мае і КДБ. Таксама гэта робяць Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнту і Служба бяспекі Лукашэнкі. Сачэнне адбываецца як за звычайнымі беларусамі, гэтак і за чыноўнікамі. Запісы гэтага праслухоўвання і публікуюць рэгулярна кіберпартызаны.

Пра метады сачэння за беларусамі распавядае былы следчы Андрэй Астаповіч, які пасля прэзідэнцкіх выбараў быў вымушаны з’ехаць з Беларусі і на тэрыторыі Расеі сам стаў аб’ектам сачэння.

Падставаю, каб сачыць за асобаю, можа быць крымінальны пераслед. Падазраванага будуць праслухоўваць, а калі трэба – то і «ногі» падставяць, сцвярджае былы следчы. То бок за асобай будуць хадзіць некалькі чалавек ці ездзіць на аўтамабілі і рабіць здымкі. Цяпер сачэнне ідзе поўнаю хадою, але не хапае чалавечага рэсурсу.

«Не тое што грошай няма ці яшчэ чаго-небудзь, – бракуе адмыслоўцаў, каб за кожным хадзіла сачэнне. Дапусцім, калі содні трэба прасачыць – чалавекі тры патрэбныя ці прынамсі два. […] Гэта доўгі, складаны працэс», – распавядае госць праграмы.

Паводле Андрэя Астаповіча, сачэнне можа цягнуцца з месяц – але гэта доўгі тэрмін, які патрабуе каласальных рэсурсаў.

Як жа паводзіцца, калі вы заўважаеце за сабой «хвост»? Ці варта з ім размаўляць?

«Калі вы хочаце пераканацца, ці было гэта дакладна сачэнне ці не, і гэтым паставіць кропку, спыніць гэтае сачэнне, якое не зразумела, чым скончыцца, – то чаму не. Вы можаце даведацца, што ў вас проста параноя, ці вас могуць адразу затрымаць, ці наадварот, гэтае сачэнне спыніць, калі на вас няма ніякіх доказаў», – адказвае былы следчы.

Астаповіч распавядае, што сачэннем займаюцца адмыслоўцы, якія ніколі не з’яўляюцца ў медыях, яны не мусяць «паліць» свой твар:

«Калі да кіраўніцтва дойдзе, што да яго вось так падышлі і яго апазналі як супрацоўніка міліцыі, то ў яго будзе дысцыплінарнае спагнанне або нейкія праблемы на працы. Могуць даць вымову, могуць прэмію зняць, могуць наогул прыбраць з пасады, калі яго раскрылі».

Часцяком нават родныя супрацоўнікаў, які займаюцца сачэннем, не ведаюць, дзе тыя працуюць.

«Паводле ўнутраных правілаў у іх па ўсіх базах выходзіць, што яны не супрацоўнікі міліцыі, што яны там ніколі не вучыліся і г. д. […] Дзень у іх ідзе за паўтара. То бок яны служаць не 20 гадоў, а нашмат менш – 10 ці 15. […] Яны выходзяць на пенсію даволі маладымі», – кажа Андрэй Астаповіч.

Таксама ў праграме:

  • Як праслухоўваюць мабільнікі беларусаў? Ці існуюць словы-трыгеры, на якія ўключаецца запіс?
  • Як адбываецца сачэнне праз мэсэнджары?
  • Павел Латушка распавядае, як за ім сачылі падчас працы ў дзяржаўным апараце
  • Анатоль Лябедзька згадае, як і дзе ён знайшоў «жучкі»
  • Пра што спецслужбовец папрасіў афіцыянтаў, калі ў кавярню прыйшла Марыя Калеснікава?

Праграма «Шчыра кажучы» выходзіць штосераду а 19:05 у эфіры «Белсату», а таксама на нашым YouTube-канале.

Калаж з фота: belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

Падлічылі, колькі каштуе беларусам ізаляцыя

У беларусаў няма грошай на мяса ды іншыя прадукты

У школах больш ваеншчыны, чымся адукацыі

Чаму людзі даносяць на сваіх родных?

На што зараз будуць хварэць беларусы?

«Вайна – гэта не аргумент». Як Беларусь прымае ўцекачоў з Украіны

Як улады рыхтуюцца да пагаршэння эканамічнай сітуацыі на прадпрыемствах

Лукашэнка трапіў у гісторыю, калі ён ні сваім, ні чужым не ўдружыў