«Geely» – ламачча ці беларуска-кітайскі прарыў?


Крызіс крызісам, а аўтамабіляў у беларусаў становіцца ўсё больш. Прычым не толькі імпартных, але і айчыннай вытворчасці. Як змяняюцца прыярытэты і густы беларускіх аўтамабілістаў? У якім насамрэч стане вытворчасць «Geely» каля Барысава? Высвятляем у праграме «Шчыра кажучы».

Летась беларусы набылі амаль 53 тысячы аўтамабіляў з салонаў. Гэтая лічба меншая за рэкордны 2019 год, але на ўзроўні дапандэмічнага 2018-га. І на гэтым фоне вельмі нядрэнна глядзіцца продаж беларуска-кітайскага аўта. Штопраўда, лідарства пакуль заваяваць не ўдалося.

«Плануецца выпуск новага аўтамабіля – «Atlas Pro». Яго прывязуць у гэтым годзе. Але пры гэтым збор старога «Atlas» застанецца, ён стане яшчэ таннейшы. Як «Ніва»: яна дасюль прадаецца, як у маім дзяцінстве, нават пахне так жа. Так і тут плануецца гэты аўтамабіль пакінуць як добры асобнік для тых, каму патрэбнае такога памеру і класу аўта», – апавядае інструктарка контраварыйнага кіравання Марыя Вашкевіч.

Незалежна ад рынкавых коштаў улады працягваюць адміністрацыйна падтрымліваць завод. Яшчэ ў 2016 годзе Аляксандр Лукашэнка загадваў, каб для службовых патрэбаў чыноўнікі набывалі менавіта «Geely».Вядома, напрыклад, што партыю новых аўтамабіляў беларускай вытворчасці ў мінулым годзе атрымала спецпадраздзяленне ДПС «Страла» МУС.

Таксама «Geely» закуплялі ў Следчы камітэт і выканкамы. Найбольш айчынныя чыноўнікі любяць «Geely Atlas». Праўда, не ўсе. Напрыклад, дыпламаты аднесліся даволі халодна да ідэі рэкламаваць «Geely» на ўласным прыкладзе.

«У нас былі два аўты. Аўтамабіль, замацаваны за мною. І аўтамабіль, замацаваны за консульскім працаўніком. Гэта былі «BMW»… Калі шчыра, мне цяжка ўявіць міністра замежных справаў у кітайскім аўтамабілі», – апавядае былы пасол у Швейцарыі Павел Мацукевіч.

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Дзе слабыя месцы «Geely»?
  • Вытворчасць «Geely» рэнтабельная?
  • Чаму беларусы абіраюць «Geely»?

Belsat.eu