Іншыя ўрады ў выгнанні: ці змаглі яны перамагчы?


Ужо 100 дзён дзейнічае Абʼяднаны пераходны кабінет, аб стварэнні якога Святлана Ціханоўская абвесціла ў жніўні на канферэнцыі «Новая Беларусь». Ці ёсць у Кабінету шанец перамагчы рэжым?

Вітаю, спадарства, гэта «Глабальнае Пытанне». Абʼяднаны пераходны кабінет, узначалены Святланай Ціханоўскай, стаў па сутнасці прататыпам Ураду Беларусі – толькі ў эміграцыі. Ён і быў створаны, як калектыўны выканаўчы орган для абароны незалежнасці, абароны Канстытуцыі і для таго, каб у Беларусі прайшлі сапраўдныя выбары.

Але сёння я не буду распавядаць пра дзейнасць Кабінету. Давайце лепш паглядзім, як яно ў людзей бывае.

Урад у выгнанні – штука не такая і рэдкая. Проста цяпер у Індыі існуе Урад свабоднага Тыбету ў выгнанні – праўда, свабодных тыбетцаў усё менш. Ёсць і Кітайская Рэспубліка, больш вядомая, як Тайвань. Гэтая часткова прызнаная дзяржава паспяхова супрацьстаіць прэсінгу камуністычнага Пекіну.

Падзяленне ўрадаў здараецца, калі падчас грамадска-палітычных крызісаў законная ўлада не можа паўнавартасна дзейнічаць удома.

«Або страта незалежнасці праз нейкую замежную акупацыю, замежнае ўварванне і вымушанасць законных уладаў краіны пакінуць тэрыторыю пад уздзеяннем вайсковай сілы, або ўнутраны пераварот, калі хтосьці захоплівае гэтую ўладу ўнутры краіны», – тлумачыць гісторык Аляксандр Пашкевіч.

У Беларусі ўзброены пераварот і захоп улады дэ-факта адбыўся ў 2020-м годзе, калі вынікі прэзідэнцкіх выбараў былі падробленыя Цэнтрвыбаркамам. Тады старшыня ЦВК абвесціла, што Аляксандр Лукашэнка набраў 80 % галасоў, а Святлана Ціханоўская – 10%.

У той жа дзень сілавікі Лукашэнкі адключылі інтэрнэт, правялі масавыя арышты на вуліцах, ужылі кулі і гранаты супраць бяззбройных людзей. Потым рэпрэсіі, катаванні і палітычныя забойствы працягнуліся і не спыняюцца дагэтуль, а Лукашэнка правёў сакрэтную інаўгурацыю, якую паказалі ў запісе. Гэта наўпрост супярэчыць Канстытуцыі Беларусі і інтарэсам грамадзян.

«Пасля таго, як іх пазбавілі магчымасці галасаваць, фактычна адзіная магчымасць – гэта масавыя вулічныя пратэсты. А вулічныя пратэсты былі задушаныя. Тут нельга казаць, што гэта акупацыя. Тут гібрыдная акупацыя», – падкрэслівае палітолаг Яўген Красулін.

Падобны досвед падзялення ўлады перажылі венесуэльцы. У 2019-м годзе сацыяліст Нікаляс Мадура правёў паўторную інаўгурацыю сябе, як прэзідэнта. Вулічныя пратэсты былі жорстка задушаныя, расстраляныя.

«Называюць лічбы ў некалькі тысячаў ці больш чым дзясятак тысячаў забітых, закатаваных», – распавядае Аляксандр Гойшык, журналіст і вандроўнік з Салігорску, які аб’ездзіў палову свету.

Апазіцыйны парламент – Нацыянальная Асамблея – абвесціла Мадуру ўзурпатарам.

«Пры адсутнасці законна абранага прэзідэнта ягоныя абавязкі і паўнамоцтвы пераходзяць да старшыні парламента – Нацыянальнай асамблеі», – тлумачыць Яўген Красулін.

Так афіцыйным выканаўцам абавязкаў прэзідэнта без права пераабрання стаў Хуан Гуайдо. Яго прызнала большасць дэмакратычных дзяржаваў свету. Гуайдо сабраў свой альтэрнатыўны кабінет міністраў.

Але сацыяліст Мадура адмовіўся сыходзіць. Яго падтрымалі Расея, Кітай і Куба. Венесуэла абрынулася ў пекла гіперінфляцыі і дэфіцыту.

«Я на ўласныя вочы бачыў, як грошы валяюцца на вуліцах. Бо адна купюра ў 100 тыс. балівараў гэта менш, чым 2 цэнты, і ты нічога не можаш на іх набыць», – нагадвае Аляксандр Гойшык.

Найбольш нафты ў свеце, але амаль няма бензіну. Пастаянныя адключэнні электрычнасці і вады – і гэта без вайны. Ад голаду і рэпрэсіяў за мяжу ўцёк кожны чацвёрты венесуэлец. Сілавікі атрымалі бязмежную ўладу адносна грамадзянаў, а Венесуэла стала цалкам паліцэйскай дзяржавай.

«За цэлы год падарожжа па Лацінскай Амерыцы – я наведаў 16 краінаў – і мяне абрабавалі толькі ў Венесуэле ў пастарунку Нацгвардыі ўжо на выездзе ў Калумбію», – абураецца беларускі вандроўнік.

Але ёсць прынцыповае адрозненне ад Беларусі.

«Гуайдо спакойна жыве ў сваім асабняку ў Каракасе, ён на волі, і ніхто яго не затрымаў», – нагадвае Аляксандр Гойшык.

Часта, аднак, бывае, што ад перавароту ці вайны законны ўрад мусіць ратавацца за мяжой.

«Калі мы прыгадаем Другую Сусветную вайну, якая дала найбольш такіх зʼяваў, то гэта Чэхаславаччына, Польшча – урады ў выгнанні. Нарвегія зноўку», – прыгадвае Яўген Красулін.

Гэта генерал Шарль дэ Голь. Падчас вайны ён узначаліў Французскі камітэт нацыянальнага вызвалення, альтэрнатыўны гітлераўскім марыянеткам у захопленым Парыжы. Дзякуючы дэ Голю, французы за мяжой і ў падполлі маглі супольна ваяваць супраць нямецкіх акупантаў.

Дзякуючы альтэрнатыўнаму ўраду, акупаваную Францыю, з тэрыторыі якой узляталі нямецкія самалёты – бамбіць брытанскія гарады – сталі ўспрымаць, як пацярпелую ад агрэсіі, а не як агрэсара.

«Французы прыйшлі не з пустымі рукамі, не проста іх прывезлі ў абозе войскі саюзнікаў. Яны мелі сваю вайсковую сілу, былі ўдзельнікамі адкрыцця другога фронту і вызвалення Францыі. І гэта паўплывала на тое, што з імі пасля вайны лічыліся», – тлумачыць Аляксандр Пашкевіч.

Нашыя суседзі палякі мелі Ўрад у выгнанні ад пачатку Другой Сусветнай, калі Гітлер і Сталін падзялілі Польшчу. Якраз падчас падрыхтоўкі гэтай праграмы ў Варшаве адбылося ўрачыстае перапахаванне трох прэзідэнтаў Ураду ў выгнанні: Уладзіслава Рачкевіча, Аўгуста Залеўскага і Станіслава Астроўскага. Іх труны перавезлі з могілак у брытанскім Ньюарк-он-Трэнце.

«Дзясяткі год прэзідэнты дзейнічалі спачатку ў Францыі, а потым у Лондане, зберагалі дзяржаўныя сімвалы незалежнай Польшчы, дзейнічалі ў справе працягласці Польскай дзяржаўнасці», – заявіў прадстаўнік ураду ў справе палякаў замежжа, міністр Ян Дзедзічак.

Аднак пасля сканчэння Другой сусветнай вайны саюзнікі адклікалі сваё прызнанне Ўраду Польшчы ў выгнанні, як адзінага легітымнага.

«У камуністычны перыяд паралельна існавалі два ўрады – адзін, які быў працягам даваеннага, дзейнічаў у Лондане, і другі, прызнаны міжнароднай супольнасцю, залежны ад Масквы, у Варшаве», – тлумачыць польскі грамадскі дзеяч Мілаш Дабжыньскі, удзельнік руху захавання гістарычнай спадчыны РП.

Польскі камуністычны ўрад быў створаны Баляславам Берутам, камуністам, былым савецкім шпіёнам, памочнікам НКВД у рэпрэсіях палякаў. У Менску дагэтуль ёсць вуліца ў ягоны гонар.

«Ён быў проста марыянеткай, якога паставілі ў Сацыялістычнай Польшчы. Гэтыя ўсе лідары – і Гамулка, і Берут, і іншыя – яны ўсе былі па сутнасці стаўленнікамі Масквы, і асобнай нейкай палітыкі сваёй не праводзілі. Гэта была маскоўская савецкая палітыка», – распавядаў «Белсату» пра Баляслава Берута гісторык Ігар Мельнікаў.

Урад Польшчы ў выгнанні спыніў сваю дзейнасць, калі Польшча стала незалежнай.

«Апошні прэзідэнт Другой Польскай Рэспублікі Рышард Качароўскі ў 1990 годзе перадаў знакі ўлады першаму, дэмакратычна абранаму прэзідэнту незалежнай Польшчы Леху Валэнсу», – нагадвае Мілаш Дабжыньскі.

А найстарэйшы ў свеце ўрад у выгнанні – наш, беларускі. Гэта Рада Беларускай народнай рэспублікі, заснаваная 105 гадоў таму. З чаго 103 гады – у эміграцыі.

«Падобная Рада была ва Украіне, яна склала свае паўнамоцтвы. Рада БНР не склала. І добра, што не склала. Бо, як мы бачым, вольнай і незалежнай Беларусі на сённяшні дзень няма. І Рада БНР кіруецца Устаўной Граматай ад 25-га сакавіка, дзе прапісаныя ўсе гэтыя пазіцыі», – тлумачыць сакратар Рады БНР доктар Паліна Прысмакова.

25-га сакавіка 1918-га года ў Менску была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, першай нацыянальнай дзяржавы беларусаў.

«Гэта была хутчэй ідэя дзяржаўнасці, чым сама дзяржаўнасць», – мяркуе гісторык Аляксандр Пашкевіч.

На той момант наш народ меў найслабейшыя пазіцыі ў рэгіёне. Рада БНР была вымушаная з«ехаць ад савецкіх уладаў усё далей на Захад.

«Дзейнасць была хутчэй сімвалічная. Больш як сімвал дзяржаўніцкай ідэі, больш як нейкі цэнтр, які вакол сябе гуртаваў эміграцыю», – тлумачыць гісторык.

«Рада БНР спачатку была ў Беларусі, а потым ужо зрабілася ў выгнанні. І функцыі яе былі і ёсць – прадстаўляць беларускі народ, вольны беларускі народ і вольную беларускую дзяржаўнасць», – падкрэслівае Паліна Прысмакова.

Як тлумачыць доктар Паліна Прысмакова, Рада БНР перадасць свае сімвалічныя паўнамоцтвы, толькі калі Беларусь будзе цалкам незалежнай дзяржавай. І толькі беларускаму ўраду, які будзе кіраваць незалежнай Беларуссю непасрэдна ў Менску.

Дзейнасць урадаў і палітычных структураў за мяжой не заўжды бачная грамадзянам у акупацыі, асабліва ва ўмовах інфармацыйнай вайны і палітычных рэпрэсіяў. Але важная не толькі арганізацыйная праца, важная і сімвалічная праца: рэгулярна нагадваць усяму свету, што акупаваны народ – гэта не акупант, што людзі чакаюць свабоды, і дзейнічаюць, каб вярнуць сабе свабоду.