Які суддзя найбольш адданы Лукашэнку?


Карэспандэнты «Маю права» сустракаюцца з дзяўчатамі, якія летась у жніўні прайшлі праз пекла ізалятару на Акрэсціна – камеру № 18.

Ганна Лепяшкевіч з Менску, 24 гады, мае два чырвоныя атэстаты: музычнай школы і ліцэю пры кансерваторыі. Нашая першая гераіня грае на цымбалах, выкладала ў музычнай школе, грала ў філарманічным аркестры. Зазнаўшы палітычныя рэпрэсіі, у снежні 2020 года вымушаная была пераехаць у Літву.

«Затрымалі мяне 10 жніўня. Калі мы з сяброўкаю пабачылі, што адбываецца на вуліцах, пабачылі фота збітых людзей, вырашылі, што не можам заставацца ўбаку, – распавядае Ганна. – Паколькі мая сяброўка мае медычную адукацыю, мы набылі медыкаменты, накіраваліся ў горад, каб дапамагаць людзям».

Калі дзяўчаты шпацыравалі па Менску, то пабачылі чырвоны мікрааўтобус з амапаўцамі. Тыя хапалі мінакоў, пераважна мужчынаў. Напэўна, амапаўцы прынялі сяброўку Ганны за хлопца, пабеглі за ёй і павалілі на асфальт.

«Я абарочваюся і бачу, што яна ляжыць на асфальце, а над ёй стаіць здаравенны амапавец, – прыгадвае жнівеньскія падзеі Ганна. – Я падышла і пачала пытаць, чаму маю сяброўку затрымалі. На што ён мне прамармытаў кшталту: «Не мая справа, там разбяруцца» – і нас абедзвюх павялі ў аўтобус».

Мaю прaвa
Віталь Алейнік: Не трэба здавацца, трэба рабіць усё, што ад нас залежыць
2021.10.08 18:05

У Першамайскім РУУСе затрыманыя стаялі ў двары тварам да сцяны. Праз некаторы час, пасля фармальных працэдураў, усе апынуліся ў спартовай зале. Там было прыблізна 60 асобаў, сярод іх толькі дзве дзяўчыны: нашая гераіня і ейная сяброўка.

«Я трапіла да капітана Лялінай (Іна Ляліна, намесніца начальніка УГіМ УУС. – Заўвага «МП»). Калі Ляліна рабіла агляд маіх рэчаў, то пабачыла ножык. Яна накіравала яго на мяне і казала: «Ты мяне, с*ка, гэтым нажом пырнуць хацела?» – і кінула яго на падлогу, – распавядае Ганна. – Калі я завяла размову пра адваката, то мне адказалі кшталту: «Сядзеш гадоў на 6 або 8, будзе табе тады адвакат».

Потым быў суд. Ганну завезлі ў Першамайскі раён сталіцы, ёй трапіўся суддзя Максім Трусевіч. У рэйтынгу «А суддзі хто?» (www.23-34.net/judges) ён займае першае месца сярод суддзяў, якія каралі людзей соднямі і штрафамі паводле арт. 23.34 КаАП (старая рэдакцыя. – Заўвага «МП»).

«Табе зачытваюць твой адміністратыўны пратакол, а ты проста не разумееш, што наогул гучыць. Я папросту стаяла і плакала, казала, што я гэтага не рабіла. Мне далі 6 содняў арышту».

Мaю прaвa
Былы студэнт пра затрыманне, пераслед і ратаванне за мяжою
2021.10.01 18:05

Нашая другая гераіня – Алена Амнуэль. Яна была акрэдытаванаю назіральніцаю на выбарах-2020. Адзіная зняволеная камеры № 18, якая дамаглася прысутнасці адваката на судзе. Суд над Аленаю доўжыўся 7 хвілінаў. Пасля падзеяў 2020 года Алена вымушаная была пераехаць спачатку ва Украіну, затым – у Польшчу.

«Мяне затрымалі 8 жніўня 2020 года а 10:00 на ўчастку для галасавання і завезлі ў Першамайскі РУУС, – распавядае Алена. – Там адбываўся допыт, вопіс рэчаў… Каля 15:00 мяне завезлі ў ІЧУ на Акрэсціна, дзе я прабыла да вечара, пасля нас этапавалі ў ІЧУ Менскага раёну, там мяне трымалі да 10 жніўня 2020. У той дзень недзе ў абед нас развезлі па РУУСах. Мяне зноўку завезлі ў Першамайскі, там і адбыўся суд. Мне далі 12 содняў».

11 жніўня 2020 года Ганну і Алену этапавалі на Акрэсціна. Яны разам ехалі ў аўтазаку, трымаліся за рукі і плакалі.

Ганне Лепяшкевіч удалося пранесці ў камеру толькі папяровыя сурвэткі і антыдэпрэсанты.

«Я запыталася, ці магу ўзяць акуляры, бо ў мяне зрок -8, я нічога не бачу, – расказвае Ганна. – Хлопец, які забіраў мае рэчы, адказаў, што перапытае. Ён паклікаў нейкага начальніка, і той адказаў: «С*цы не паложана чытаць, у яе там усё роўна ніх*я не будзе».

Нашыя гераіні трапілі ў сумнавядомую камеру № 18.

«Дзверы адчыніліся, і адтуль, як з лазні, дыхнула скварам. Ты стаіш, глядзіш і разумееш, што там больш за 30 асобаў – у камеры, разлічанай на чацвярых. Мы проста стаялі на ўваходзе і не маглі прайсці далей. Мы стаім і не разумеем, як туды магло змясціцца столькі людзей», – прыгадвае Ганна.

Пазней дзяўчаты палічылі, што ў камеры № 18 адначасова трымалі 36 асобаў. У камеры былі два двухузроўневыя ложкі, дзве тумбачкі, прыбіральня і ўмывальнік.

«Было вельмі горача, усе раздзяваліся, не было чым дыхаць. І яшчэ гэтае нязгаснае жоўтае святло, якое б’е ў вочы. Паветра не было – кармушку адкрывалі толькі ўначы», – распавядае Алена Амнуэль.

А пасля была самая жудасная ноч у жыцці нашых гераінь.

«Ты ляжыш вельмі стомленая, спрабуеш заснуць, але не можаш, бо чуеш крыкі з калідору, суседніх камераў, вуліцы, – распавядае Ганна Лепяшкевіч. – Гэта страшна! Цяжка ўявіць, што трэба рабіць з людзьмі, каб яны выдавалі такія гукі».

Мaю прaвa
Ахоўнік СІЗА сказаў: «Ты палітычны, ты тут здохнеш!»
2021.03.19 19:05

Юрыст з праваабарончага цэнту «Вясна» Павел Сапелка падкрэслівае:

«Калі наш цэнтр праводзіў даследаванне ўмоваў утрымання адміністратыўна арыштаваных, то крывая скаргаў на ўмовы ўтрымання, на ўжыванне жорсткіх формаў абыходжання рэзка скокнула ўверх менавіта ў тыя вядомыя некалькі дзён жніўня 2020 года».

Потым нашых гераінь этапавалі ў ізалятар Жодзіна. Там былі зусім іншыя ўмовы ўтрымання – на 10 ложкаў было прыкладна 15 асобаў. Пад вечар 14 жніўня ў калідорах ізалятару пачаўся гоман. Затрыманых пачалі выводзіць у калідор, і яны зразумелі, што іх адпускаюць. Ганну Лепяшкевіч сукамерніцы выводзілі на волю пад рукі, бо яна фактычна нічога не бачыла без сваіх акуляраў.

«Мы выходзім, і я чую матуліна: «Аня!» У мяне першая думка: мяне маці зараз заб’е, – прыгадвае той момант Ганна. – А яна падбегла да мяне і прамовіла: «Дачка, я табою ганаруся!»

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Адміністратары telegram-каналаў – ворагі ўладаў

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.