КДБ і ФСБ пабіліся за беларуску і тая змагла ад іх уцячы


Нашая гераіня – праваабаронца і актывістка Наталля. Яна сведчыць, што за ёю цікуюць спецслужбы Расеі і Беларусі. Ейная дачка Юля, таксама праваабаронца, засталася на радзіме за кратамі, ёй прысудзілі 4 гады турмы.

Наталля свярджае, што яе хацелі пасадзіць больш чым на 20 гадоў.

«Я ездзіла як праваабаронца па ўсёй Беларусі на суды і бараніла невінаватых людзей, якіх хацела скарыць сістэма. Думаю, тое, што рэжым сфабрыкаваў справы супраць мяне, – і ёсць помстаю за гэта», – успамінае Наталля.

Наталля ў зоне АТА ва Украіне.
Фота: Natalya Basaliga / Facebook

Таксама яна была назіральніцай ад АБСЕ на выбарах ва Украіне, а пазней паехала ў зону АТА і публічна казала, што гэта не ўнутраны канфлікт, а агрэсія Расеі. Як вынік, у ліпені 2020 года Наталлю схапілі супрацоўнікі ФСБ і меркавалі везці ў Расею. Але ў беларускага КДБ былі свае планы на актывістку.

«Я прыбегла ў аэрапорт і набыла самы танны квіток… Хацела ў Стакгольм, але атрымалася да Варшавы, бо самалёт у Польшчу ляцеў першы, так апынулася тут. Фінансавая падтрымка ад польскай дзяржавы складае 750 злотых (190 долараў) – я здымаю маленькі пакойчык, мяне ратуе толькі тое, што я мала ем. Каб не салідарнасць нашая – не ведаю, як бы мы вытрымалі. Так, тут няпроста. Але, прынамсі, я ведаю, што мяне ніхто не заб’е…» – кажа гераіня.

Наталля з фота дачкі Юліі Гарачка на акцыі пратэсту.
Фота: «Беларус беларусу»

Раней Наталля хадзіла практычна на ўсе акцыі салідарнасці ў Беларусі – і фіксавала іх на відэакамеру для гісторыі. Цяпер такой магчымасці няма, тэхнікі таксама няма. Актывістка марыць пра тэхнічныя сродкі, каб зноў фіксаваць нашую салідарнасць.

Калі вы хочаце падтрымаць яе і іншых нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) з любога пункту свету – лістуйце нам:

belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашай суполкі ў Facebook.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.