«Было адчуванне, быццам хтосьці стаяў каленам на маіх грудзях». Вялікая размова з Кацярынай Сныцінай


Як выходзіць з дэпрэсіі, што адчувае ў абдымках з Ціханоўскай і як ставіцца да вакцынацыі ад ковіду. Напярэдадні старту новага сезону «Белсат» паразмаўляў з вядомай спартоўкай.

Кацярына Сныціна – экс-капітан беларускай нацыянальнай баскетбольнай зборнай. Спартоўка адмовілася выступаць за нашую каманду пасля вядомых падзеяў жніўня 2020-га. Таксама Кацярына падпісала знакаміты ліст за сумленныя выбары і супраць тэрору. Менавіта праз сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю яна не наважылася наведаць сёлета радзіму і правяла адпачынак на мяжы з Сінявокай, у Літве. Баскетбалістка выступае за турэцкі клуб, і цяпер яна ўжо за тысячы кіламетраў ад Беларусі. Напярэдадні старту новага сезону мы пагутарылі з Кацярынай і даведаліся шмат цікавага: як выходзіць з дэпрэсіі, што адчувае ў абдымках з Ціханоўскай, стаўленне да вакцынацыі ад ковіду. І гэта далёка не ўсё.

Першае пытанне, скажам так па гарачых (слязах) слядах. Ты больш за тыдзень таму ў сацсетках напісала: «Сныціну накрыла», а вось нядаўна зноў з’явілася на прасторах інтэрнэту і сказала, што Сныціну адпусціла. Расказвай: што гэта было?

Гэта сапраўды па гарачых слязах, бо два тыдні таму быў турнір, былі тры сяброўскія гульні, і, зразумела, эмоцыяў з нагоды баскетболу я не адчуваю. Раней было па-іншаму, у баскетбол я ўцякала, сыходзіла ад нашых навінаў, перазагружалася… Цяпер я разумею, што сяджу на лаўцы запасных ці ў распранальні і думаю, як праверыць навіны, каму адпісацца, нешта зрабіць. А калі ехала ў аўтобусе 6 гадзінаў, зразумела, што так справа не пойдзе, я не магу вось так узяць і запароць свой баскетбольны сезон. Паўстала пытанне, чаму мяне так шмат людзей слухае, шмат падпісаных на мяне, прыслухоўваюцца. Проста таму, што я паспяховая баскетбалістка. Я зразумела: каб далей трымаць баланс паміж палітычным жыццём і жыццём спартовым, трэба сканцэнтравацца на сваім баскетболе. Заўтра ў мяне пачынаецца чэмпіянат, і я вельмі радая, што на мінулым тыдні таксама быў турнір у Анкары, і мы яго выгулялі, мы занялі першае месца. Усё, што хацела, у перапынку без навінаў, я зрабіла. Я вярнула адчуванне радасці, калі гуляю са сваёй камандаю, калі я ў калектыве. Калі ў мяне трэнаванне або гульня, у гэты момант я перазагружаюся маральна, і пасля гэтага з новымі сіламі магу вярнуцца ды працягваць рабіць тое, што рабіла раней. Быў класны тыдзень для мяне, вельмі патрэбны.

Kaciaryna Snycina, zdj.: FB KS
Кацярына Сныціна.
Фота: ksnytsina / Facebook

Атрымліваецца, што ў гэтым выпадку баскетбол цябе не ўратаваў? Маю на ўвазе цалкам акунуцца ў гульню, што табе раней удавалася.

Так, у мяне было цяжкае адчуванне, быццам хтосьці стаяў каленам на маіх грудзях, і я не магла дыхаць нармальна. Я ўспамінала час, калі Лену пасадзілі ў мінулым годзе, увесь гэты стрэс і хаос, інфармацыйную хвалю, якую мы спрабавалі падняць з хлопцамі. Усё гэта канчалася тады, калі я адкладала тэлефон убок і выходзіла на гульнявую пляцоўку на дзве гадзіны. Але былі моманты, калі ў перапынку гульні я проста раўла ў распранальні, у душавой. І зноў клала тэлефон на месца ды вярталася ў гульню на паркет яшчэ на 20 хвілінаў. Тут жа ў мяне такога не атрымлівалася. Заўсёды думала пра тое, калі ж гэтыя 40 хвілінаў мінуць. Баскетбол – гэта маё эмацыйнае ратаванне. Мне пішуць шмат людзей, але я запомніла ліст адной дзяўчыны-мастачкі, якая напісала, што не можа цяпер маляваць простых рэчаў, ёй здаецца, што трэба маляваць толькі пратэставыя. Я ёй адказваю: не! Трэба маляваць усё, не думайце, што цяпер гэта нікому не трэба. У першую чаргу гэта трэба асабіста вам. Раней я таксама думала: як можна бегаць з мячом, калі ў цябе ў краіне забіваюць людзей? Але гэта ўжо частка нашага жыцця, то бок тое, на што мы можам цяпер адключыцца, перазагрузіцца.

Дэпрэсія – гэта цяжка ў тваім выпадку?

Было весела. Толькі я магу сказаць, што гэта было весела. Я гэта не пазначала, што гэта дэпрэсія, а акрэсліла эмацыйнай ямай. Было цяжка першыя тры дні: я ўключала самую слязлівую музыку, што ў мяне ёсць, і раўла. На трэці дзень зразумела, што няма чым раўці, слёзы высахлі, і пасля гэтага мне стала лягчэй дыхаць. Плюс лісты сяброў падтрымлівалі мяне, спрабавалі рассмяшыць, падняць настрой. Я ім адказвала, каб не перашкаджалі мне пакутаваць у гэты перыяд жыцця, мала каму наагул адказвала. Цяпер гэта ўжо смешна, калі згадваю той час, калі перамяшчэнне з кухні ў пакой заканчваецца тым, што кладуся на падлогу і плачу. Але насамрэч страшна, бо пасля тыднёвага маўчання я праверыла свае паведамленні, якія дасылалі людзі ўвесь гэты час маўчання, зразумела, што многія праз гэта праходзілі, і не аднойчы. З мінулага жніўня ў некаторых гэта здаралася 3 ці 4 разы, у больш цяжкай форме. Я зусім не чакала, што такое можа быць і ў такой колькасці. І гэта страшна!

Кацярына Сныціна.
Фота: ksnytsina / Facebook

Не было думкі кінуць усё і праявіць сябе ў новым вобразе? Каця Сныціна – жонка, маці.

Я тыдзень пажыла ў сваім мінулым, калі я не цікавілася, што адбываецца ў маёй краіне, а жыла ў сваім уласным свеце. І я тады зразумела, што гэта ўжо не пра мяне. Новыя вобразы – жонка, маці… Гэта ўсё будзе. Але цяпер без барацьбы і без усяго таго, што я раблю для сваёй краіны, я ўжо больш не хачу і не буду так жыць. Кінуць і забыць усё? Ніколі і ні за што.

Пасля мінулага сезону ты так і не даехала да Беларусі, тым не менш максімальна наблізілася да межаў Сінявокай. Раскажы, як прымалася такое рашэнне?

Я была на мяжы ў намётавым лагеры, каб падтрымаць людзей, якія там застаюцца. Было вельмі дзіўнае пачуццё, калі ты зусім побач са сваёй радзімай, але разумееш, што табе туды лепш цяпер не ехаць. Праязджалі фуры, машыны сігналілі нам, спыняліся камунікаваць з намі. Быў цікавы час.

Як правяла вольны час у Літве? Бачыў у інтэрнэце тваё відэа, дзе ты давала майстар-класы, распавядала і паказвала трэнаванні. Чым яшчэ сябе забаўляла?

Калі я абвясціла, што не буду гуляць за нацыянальную каманду пры гэтым рэжыме, прыехала ў Вільню. Два месяцы была тут і ведала, што рабіць, каму дапамагаць, было вельмі шмат інтэрвʼю, актыўнасць з дыяспараю, звычайнымі беларусамі, і я ні разу не пашкадавала пра гэтую актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Hавiны
Баскетбалістка Кацярына Сныціна выставіла на дабрачынны аўкцыён медаль чэмпіянату Еўропы
2021.01.26 09:06

Чэмпіянат Еўропы па баскетболе глядзела? Бо ў падсвядомасці, мабыць, было, што ты ў прынцыпе капітан гэтай самай зборнай і магла быць там на паркеце, змагацца за медалі разам з Ленай Леўчанкай.

Я ўключыла першую гульню зборнай Беларусі і глядзела яе хвілінаў пяць, а потым зразумела, што мне зусім не хочацца глядзець менавіта гэты матч. Я глядзела іншыя сустрэчы класных камандаў (Сербія, Францыя), мне было цікава, але за беларускаю зборнай я прынцыпова не сачыла, мне проста не хацелася гэтага рабіць. Застаўся асадак і неразуменне, як можна маўчаць пра тое, што адбываецца ў нашай краіне.

Як ты сама сказала, дзіўны дзень у тваім жыцці, калі цябе абняла Святлана Георгіеўна. Твае адчуванні?

Ух! Цяпло і спакой! З мяне Мікіта Мелказёраў пастаянна паджартоўвае, што я даўно ў фан-клубе Ціханоўскай. І вы яшчэ з такім пытаннем. Я яе ўбачыла на выставе: праходзячы побач, я адчула нешта роднае і моцнае. Яна вельмі спакойная, разважлівая, і калі абняліся – як быццам падладавала мяне сваёй суперэнергіяй. Цяпер я фанатка Ціханоўскай!

Цяпер, за тысячы кіламетраў ад радзімы, што ў цябе на душы? Дыхаецца на поўныя грудзі ці ёсць нейкая недасказанасць?

Пасля тыднёвага дэтоксу (я тыдзень не глядзела навінаў, не ведала, што ў нас адбываецца, не цікавілася, як рухаліся нашыя санкцыі, непрызнанне дыктатара ў свеце і гэтак далей) у мяне адкрылася другое дыханне. У мяне ніколі няма і не было адчування, што мы прайграем. І гэты тыдзень яшчэ больш даў упэўненасці ў тым, што мы пераможам на 100 %. Гэта як другое дыханне ў спорце да перамогі. Так, я хачу прыляцець дадому ў Менск, я хачу ўбачыць родных і блізкіх, абняць сваю сабаку і гэтак далей, але разумею, у якой сітуацыі я цяпер. А каму патрэбны зарад бадзёрасці, то звяртайцеся да мяне!

Кацярына Сныціна, Калаж: Sergio Perez/Reuters/Forum

Бяссонніца не мучыць, калі так, то які рэцэпт у цябе яе пераадолець? Фільмы, музыка, таблеткі?

Таблеткі – не, яшчэ засну на якой-небудзь гульні. Але і рэцэпту няма. Стараюся шмат шпацыраваць без тэлефона, а ў ціхай хатняй абстаноўцы фонам ідуць, бубняць серыялы, без якіх я ўжо 1,5 года не магу абыходзіцца. Пачала медытаваць, наш псіхалагічны стан не менш важны за фізічны. Пакуль мяне не прыбіла, я гэтага не ўсведамляла.

Які ў цябе распарадак дня? Па-ранейшаму 8 гадзінаў на дзень завісаеш у тэлефоне ці статыстыка памянялася?

Учора праверыла сторыз, паказала, што 9,5 гадзіны завісала ў тэлефоне. Зараз пачнецца чэмпіянат, афіцыйныя гульні, пераезды, у мяне фізічна не будзе столькі часу сядзець у тэлефоне. Хоць у мінулым сезоне мне гэта не перашкаджала.

У свеце чацвёртая хваля каронавіруса. У Беларусі нават афіцыйная статыстыка б’е ўсе рэкорды. Ведаю, ты перахварэла на ковід. І надзённае пытанне: прышчапляцца ці не? Ты на якім баку ў гэтым эпізодзе?

Я прышчапілася яшчэ ў ліпені ў Вільні, бо мне так спакайней. Я не кажу, што пасля гэтых дзвюх прышчэпак я несмяротная, я веру ў абарону прышчэпкі, узмацненне імунітэту, антыцелы і гэтак далей. Учора адкрыла адзін сайт і пачытала статыстыку ў Беларусі – зразумела, гэта страшна, людзі паміраюць! Шмат знаёмых дактароў, якія працуюць без абеду, бо не стае часу на гэта праз велізарную колькасць пацыентаў. Яны дасюль змагаюцца за жыцці беларусаў, нягледзячы на тое, што ім самым патрэбная дапамога. Гэта ўжо даўно не псіхоз, свет ужо амаль два гады жыве з гэтым, і нам трэба рабіць усе захады, змагацца ўсімі метадамі. Я за маскі, за сацыяльную дыстанцыю, за мыццё рук 100 разоў на дзень, за прышчэпку, за здаровае харчаванне, за шпацыры на свежым паветры. Мне 35 гадоў, я вяду здаровы лад жыцця, але пасля таго як перахварэла, яшчэ два месяцы ледзь хадзіла. А людзі ў больш сталым узросце зусім па-іншаму гэта пераносяць. Я вельмі баюся за сваіх суграмадзянаў і вельмі прашу ўсіх да мяне прыслухацца.

Новы сезон, новы выклік, зноў у бой. Твае думкі, твой сэнс жыцця, пажаданні ад Каці Сныцінай.

Сэнс жыцця на гэтым этапе – давесці да канца і да перамогі тое, чым мы цяпер жывём: новыя выбары ў нашай новай, свабоднай краіне. На гульнёвай пляцоўцы – выгуляць кубак, дабрацца да медалёў і як мінімум да паўфіналу. Толькі наперад і пабольш!

М. Д.

Фота: Sergio Perez/Reuters/Forum