Як распадзецца Расея? «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Аляксандр Лукашэнка не рэагуе на паразу Расеі пад Харкавам. Якую тактыку ён выбярэ калі ўкраінцы працягнуць вызваленчы паход? Якая заходняя зброя набліжае перамогу Украіны? Зноў ліецца кроў армянаў і азербайджанцаў. Чаму яны не могуць дамовіцца? А таксама – чаму расейцы прабуюць забіць сапраўднага спадкаемцу Русі? Інтэрв’ю з гісторыкам Аляксандрам Паліям

Румынскі фінал. Як бунт сілавікоў можа зрынуць рэжым Лукашэнкі?

Лукашэнка махае сякерай перад носам палякаў і пачынае чарговыя вайсковыя вучэнні, аднак не рэагуе на ашаламляльны поспех украінцаў. Гаворка пра амністыю палітычных вязняў ідзе, але махіна рэпрэсіяў працуе як і раней. Ніякіх сур’ёзных перадумоваў для хаця б спробы дыялогу з Захадам няма. Зрэшты – ягоная роля цяпер – крамлёўскі жандар на акупаванай тэрыторыі. Ці ўдасца яму адсядзецца? Якім чынам у Беларусі можа паўтарыцца румынскі сцэнар, калі частка сілавікоў выступіла супраць дыктатуры? Мы спыталі Аляксандра Класкоўскага, Валера Карбалевіча і Марэка Будзіша. Сюжэт Вольгі Міцкевіч.

Расейцы прабуюць забіць сапраўднага спадкаемцу Русі. Інтэрв’ю з гісторыкам Аляксандрам Паліям

Расейцы прабуюць сябе выставіць нашчадкамі Русі. Ці армія нявольнікаў можа перамагчы армію вольных людзей? Дзе хаваюцца гістарычныя карані расейскай агрэсіі супраць Украіны ды Беларусі? Інтэрв’ю з украінскім гісторыкам і палітолагам Аляксандрам Паліям.

Зброя будучай перамогі. Чым украінцы б’юць оркаў?

Украінскія войскі стаханаўскімі тэмпамі вядуць вызваленне Харкаўскай, Данецкай і Луганскай абласцей ад расейскіх акупантаў. За пяць дзён яны вызвалілі больш за 3000 кв. кіламетраў тэрыторыі. Гэта больш, чым Расея здолела захапіць за 5 апошніх месяцаў вайны. Што забяспечвае такі тэмп руху Узброеных сілаў Украіны? Якія тэхналогіі дазваляюць украінскім ваярам паспяхова знішчаць ворага? Зміцер Міцкевіч бліжэй паглядзеў на тэхніку, якая цяпер вызначае лёс Украіны. 

Паўднёвы Каўказ зноў у крыві. Ці выратуе Арменію Пуцін?

У крыві памежжа Арменіі і Азербайджану. Дзясяткі асобаў забітыя ўсяго за некалькі дзён абстрэлаў. Чаму зноў азербайджанцы і армяне забіваюць адзін аднаго, бо нібыта дамовіліся два гады таму, ці не дамовіліся? Баку абвінавачвае Ерэван у тым, што армяне справакавалі азербайджанцаў. Армяне адмаўляюць. Армянскі прэмʼер Нікол Пашынян звярнуўся па дапамогу ў АДКБ і Уладзіміра Пуціна. Аднак саюзнікі і Крэмль пакуль не спяшаюцца на дапамогу. Пра што Баку з Ерэванам не могуць дамовіцца? Якія мэты Азербайджану, што такое «Зангезурскі калідор»? Ці дапаможа Пуцін Арменіі? Мы запісалі каментары абодвух бакоў канфлікту. Сюжэт Юліі Лабанавай.

Фота: MAXIM SHEMETOV / Reuters / Forum