Каго пакрывае ГУБАЗіК у справах, звязаных з наркотыкамі? Прызнанні былога следчага


У 2014 годзе Аляксандр Лукашэнка абвесціў жорсткую вайну наркотыкам. Ці дапамаглі драконаўскія метады перамагчы наркаманію? Як цяпер працуе наркабізнес і якое месца Беларусі ў ланцугах наркатрафіку? Як за наркотыкі асудзілі праваахоўнікаў і што з гэтага выйшла? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Шчыра кажучы».

Барацьба з забароненымі рэчывамі ў Беларусі ідзе паспяхова, прынамсі на паперы: у 2014–2019 гадах колькасць злачынстваў, звязаных з наркотыкамі, скарацілася ў 1,5 разу. Аднак які кошт гэтай аптымістычнай статыстыкі? У турмы паводле наркатычных артыкулаў трапляюць практычна дзеці: узрост, з якога можна сесці за наркотыкі, знізілі з 16 да 14 гадоў. Крымінальная адказнасць у такім веку нішчыць усё далейшае жыццё.

ВІДЭА
Мікалая Карпянкова амаль звольнілі, а ГУБАЗіК ліквідавалі. Інтэрв’ю з былым падпалкоўнікам міліцыі Аляксандрам Азаравым
2021.05.14 16:22

Акрамя падлеткаў, нярэдка ў збыце наркотыкаў фігуруюць і праваахоўнікі. Самая гучная – «справа сямнаццаці», калі ў 2016-м судзілі 17 асобаў, якія гадамі распаўсюджвалі наркотыкі ў Беларусі. Тады на лаве ў судзе сярод іншых апынуліся супрацоўнікі КДБ, ГУБАЗіК і МУС. Але падобна, што некаторыя з іх хутка выйшлі на свабоду. Чаму так здарылася і да каго суд паставіўся больш прыхільна, у праграме распавядае Аляксандр Азараў, былы начальнік аддзелу Галоўнага ўпраўлення ў барацьбе з арганізаванаю злачыннасцю і карупцыяй.

Закулісны бок судоў у наркатычных справах прыадкрые былы суддзя Аляксей Пацко. Пра тое, наколькі лёгка знайсці працу наркакур’ера і набыць наркотыкі, распавядзе юрыст Алег Калінкоў, а звесткамі, як забароненыя рэчывы трапляюць у Беларусь, падзеліцца былы следчы Ігар Лобан. Усё гэта – у новым выданні праграмы «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскай.

Калаж з фота: Onliner.by, depositphotos.com, belsat.eu