«Я быў супраць сілавога рашэння». Гісторыя беларуса з батальёну Каліноўскага


Аляксандр Клачко – актывіст з Баранавічаў, удзельнік акцыяў пратэсту ў 2020 годзе. Тады ён выступаў за мірны шлях змагання з рэжымам Лукашэнкі. Але расейская агрэсия 2022 года супраць Украіны змяніла жыццё амаль кожнага неабыякавага чалавека. Нашая праграма таксама змяняецца, цяпер мы будзем распавядаць вам гісторыі беларускіх добраахвотнікаў, якія плячом да пляча з украінцамі супрацьстаяць расейскім акупантам.

Гэтае выданне «Маю права» здымалася ў зоне баявых дзеянняў ва Украіне. Наш герой Аляксандр Клачко – актывіст з Баранавічаў. Аляксандр удзельнічаў у акцыях у 2020 годзе, маляваў графіці, здымаў пратэсныя відэа. Галоўнай мэтай сваёй пратэснай дзейнасці лічыў грамадскі рэзананс, выступаў за мірны шлях, быў супраць сілавога развязання канфлікту. Аляксандра затрымалі 8 лістапада 2020 года на адным з дваравых чаяванняў, аштрафавалі на 10 базавых велічынь.

«У мяне міліцыянты скралі грошы, каля 100 еўраў, ударылі дубінкай. Напісаў у Следчы камітэт. Але адказ – няма злачынства ў іх дзеяннях. Факту паклёпу з майго боку таксама не знойдзена. Атрымалася, што ніхто нічога не парушаў, яны не парушалі і я не паклёпнічаў», – узгадвае Аляксандр.

18 снежня 2020 года, пасля спробы сілавікоў учыніць ператрус у ягонай кватэры, Аляксандр з’ехаў у Вільню.

«Калі Расея напала на Украіну, я быў вельмі ўзрушаны, абураны тым, што гэты напад быў таксама з Беларусі. Гэта, мабыць, была галоўная прычына, чаму вырашыў паехаць ва Украіну: каб давесці, што беларусы супраць агрэсіі, каб дзеяннем паказаць пратэст. Я вырашыў ехаць ваяваць з нашым агульным ворагам, Беларусі і Украіны», – тлумачыць Аляксандр.

Добраахвотнік упэўнены, што без перамогі ва Украіне Беларусь не ўздымецца з кален, так і застанецца пад Расеяй. Ваяр лічыць, што толькі сіла зможа перамагчы рэжым, што беларусам трэба ўздымацца і сілавым шляхам пераадольваць гэтую праблему. Менавіта з гэтых прычын наш герой хоча атрымаць ваенны досвед, якім пры неабходнасці зможа скарыстацца на радзіме. Аляксандр далучыўся да шэрагаў батальёну Кастуся Каліноўскага, дзе добраахвотнікі атрымліваюць ваенны досвед, трэнуюцца, шмат займаюцца фізічным рыхтаваннем.

«Я лічу, што ў пэўны час батальён Каліноўскага, сфармаваны на тэрыторыі Украіны, прыйдзе на тэрыторыю Беларусі. Я хацеў бы гэта бачыць», – гаворыць наш герой і заклікае прыязджаць ва Украіну і далучацца да батальёну Каліноўскага.

Аляксандр лічыць, што трэба павялічваць колькасць беларускіх жаўнераў, каб з батальёну склалася дывізія і нават армія. Чым больш беларускіх добраахвотнікаў будзе абараняць Украіну, тым потым прасцей будзе вызваліць Беларусь. Батальён перайшоў у склад ЗСУ, з беларускімі ваярамі заключылі кантракты, яны атрымалі ўкраінскія вайсковыя білеты, атрымліваюць грашовае забеспячэнне.

Эксперт нашай праграмы Алег Агееў даў прававы каментар і адказаў на пытанні наконт удзелу беларусаў у ваенных дзеяннях на тэрыторыі іншых краінаў.

Спадар Агееў патлумачыў, што ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсць артыкул 361-3, які прадугледжвае крымінальную адказнасць для грамадзянаў Беларусі за ўдзел у ваенных дзеяннях на баку іншай краіны. Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў. Артыкул набыў моц у 2014 годзе, калі пачалася акупацыя Крыму. А ўлічваючы тое, што Беларусь страціла права называцца прававой дзяржавай і адвольна ўжывае нормы крымінальнага і іншых галін заканадаўства, вельмі складана прадбачыць, як дзяржава будзе дзейнічаць.

Але ж гэтая акалічнасць не палохае Аляксандра.

«Што тычыцца наконт пераследу ў Беларусі, што ўдзельнічаю на баку Украіны, я не лічу сапраўднымі для сябе законамі законы нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі. Крыміналкі, якія заводзяцца, успрымаюцца як медаль, заслугі перад Беларуссю. Так успрымаецца, ніяк не іншым чынам», – тлумачыць Аляксандр.

Адзінае, чаго баіцца добраахвотнік, – гэта падвесці сваіх таварышаў у баі.

«Я хачу, каб я, каб мой сын, мае ўнукі, праўнукі ганарыліся, што яны жывуць у Беларусі, ганарыліся, што яны беларусы. Таму я тут», – гаворыць каліновец Аляксандр Клачко.

Гісторыі
Унук супрацоўніка КДБ ідзе ваяваць за Украіну. Паразмаўлялі з хлопцам пра дзеда і рашэнне ўзяцца за зброю
2022.04.14 15:07

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 18:10 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.