Генералы ліквідуюць Лукашэнку? «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Ці паўторыць Пуцін спробу здабыць Кіеў, але з іншага боку? Навошта Лукашэнка лётаў на касмадром? Пра гэта ў «ПраСвеце». Таксама пакажам рэпартаж, як былы польскі вайсковец вучыць беларусаў і ўкраінцаў ратаваць параненых на полі бою.

Пуцін зноў пойдзе на Кіеў?

Пуцін канцэнтруе на Данбасе армію, што будзе ў 5 разоў перавышаць украінскія сілы. Пра гэта паведамляе брытанскае выданне «The Times». Ці мае намер крамлёўскі гаспадар адрэзаць увесь Данбас – або ён хоча пайсці далей, на горад Дняпро і потым на Кіеў? Што супрацьпаставяць украінцы планам Масквы? Пакуль ва ўкраінскай сталіцы адносна спакойна. Яе наведалі прэзідэнты Польшчы і дзяржаваў Балтыі. Напярэдадні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прымаў у Кіеве прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Борыса Джонсана і кіраўніцтва Еўразвязу. Злучаныя штаты перадаюць чарговую партыю зброі – у тым ліку ракетную артылерыю і верталёты. Ці дапамогуць яны спыніць арду? Высвятляла Вольга Міцкевіч.

Якія шанцы ў Пуціна перамагчы Украіну? Інтэрв’ю з Тарасам Беразаўцом

Найлепшая частка расейскай арміі ўжо ва ўкраінскай зямлі, лічыць Тарас Беразавец. Украінскі палітычны аналітык у інтэрвʼю Сяргею Пелясу разважае, ці хопіць Расеі сілаў для абкружэння ўкраінцаў на Данбасе. Тарас Беразавец таксама заяўляе, што ў выпадку паразы Пуціна першым упадзе Лукашэнка. Як гэта можа адбыцца?

Пуцін выйшаў з бункеру дзеля Лукашэнкі

Лукашэнка злётаў у госці да Пуціна на Дзень касманаўтыкі. Наведванне касмадрома «Восточный» ператварылася ў пасядзелкі з абмеркаваннямі правільнасці гэтак званай спецаперацыі і абмываннем костак заходнім партнёрам – маўляў, «нам і з санкцыямі някепска жывецца». Якія сапраўдныя мэты візіту беларускага дыктатара да гаспадара Крамля? Матэрыял Надзеі Бельскай.

Паляк вучыць украінцаў і беларусаў ратаваць жыцці

Беларусы ў складзе батальёну Кастуся Каліноўскага працягваюць змагацца супраць расейскай акупацыі ва Украіне. На гэтым тыдні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прысвоіў пасмяротнае званне Героя Украіны тром вайскоўцам. Сярод іх і беларус Аляксей Скобля (пазыўны – Тур), які загінуў у баях пад Кіевам. Шэрагі добраахвотнікаў працягваюць папаўняцца. У Польшчы для іх правялі серыю заняткаў у тактычнай медыцыне, каб максімальна падрыхтаваць да рэаліяў ваеннага часу. Ветэран місіі ў Афганістане, былы ваенны ратаўнік Сільвестр Вінярскі вучыць беларусаў і ўкраінцаў ратаваць параненых на полі з выкарыстаннем найноўшых дасягненняў медыцыны. Рэпартаж Святланы Аўчаровай.

Макрон ці Ле Пэн? Інтрыга – хто зойме прэзідэнцкае крэсла – захоўваецца.

Разрыў паміж дзейным прэзідэнтам Францыі і ягонай галоўнай канкурэнткай Марын Ле Пэн паводле вынікаў першага туру галасавання складае пяць адсоткаў. Ці будзе палітыка Парыжу прарасейскай, калі Ле Пэн стане прэзідэнткаю? Як будзе паводзіцца Макрон, калі ён застанецца ў палацы дэ ль’Элізэ? Высвятляла Юлія Лабанава.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:40. Падпісвайцеся на «ПраСвет» у профілях у Facebook і «Одноклассниках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота: president.gov.by