«Глядзелі на рану і захапляліся, як гумовая куля разарвала мяккія тканкі»


Як сілавікі калечылі беларусаў падчас мірных пратэстаў, шахцёра з Салігорску пераследавалі за бел-чырвона-белы рэйд на лыжах і як звольненага гісторыка прынялі на год у Польскую акадэмію навук, даведаемся ў праграме «Беларускі свет».

Мікіту 22 гады. 10 жніўня падчас пратэсту «алмазавец» стрэліў гумавай куляй хлопцу ў нагу. Некалькі гадзінаў сілавікі збівалі яго дубінкамі наўмысна па ране.

«Мы бачылі, як людзі беглі, у іх стралялі, і яны падалі. Стралялі тупа ў спіну. (…) На дах залезлі сямёра сілавікоў, падышлі на край даху і пабачылі нас. І адразу: «Мордай у падлогу, на зямлю». Я падняў рукі і пачаў прысаджвацца на кукішкі. І ў гэты момант супрацоўнік «Алмазу» стрэліў ва ўпор. Я быў у шоку, паглядзеў на нагу, там была дзіра тры на тры сантыметры», – расказвае Мікіта.

Хлопец трапіў у шпіталь. Медыкі, ацаніўшы сур’ёзнасць ранення, не далі сілавікам яго забраць. Пасля таго, як хлопец напісаў заяву ў Следчы камітэт, да яго прыйшлі міліцыянты. Мікіта быў вымушаны бегчы з краіны.

«Я вельмі хачу помсты, я вельмі злы. Ты страляеш у чалавека, які ўцякае. Ты страляеш ва ўпор. Ты б’еш людзей па галаве. Як можна не ўсведамляць сваіх дзеянняў? Запыталі: «А дзе ў цябе нага прабіта, пакажы?» Я думаў, можа, яны не бачаць? Паказваю нагу і бачу, як дручок з усёй хуткасці нясецца да маёй раны. Каля я ляжаў, яны разглядалі маю рану, захапляліся, як ад гумовай кулі разрывае мяккія тканкі», – дадае Мікіта.

Мікіта трапіў у праграму медычнай эвакуацыі «Medevac» у Празе, дзе прайшоў курс фізіятэрапіі. Пакуль у Беларусь вяртацца не плануе.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Шахцёр з Салігорску вымушаны быў пакінуць краіну пасля ўдзелу ў лыжным прабегу.
  • Менскі гісторык Мікола Волкаў, аўтар кнігі «Замкі і фартэцыі Радзівілаў», а таксама вядомы абаронца Старога замку ў Горадні, мусіў з’ехаць у Польшчу.

Калаж з фота: Stringer / Reuters / Forum

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» ў аўторкі а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu