«Каб перажыць гэты трэш, трэба дапамагаць іншым». Беларуска пра салідарнасць


Беларуска завезла 14 аўтамабіляў з медычнай дапамогаю ўкраінцам, а ейны муж распрацаваў чат-бот пра легалізацыю і жыццё ў Польшчы.

Наталля і Зміцер – беларусы, якія вымушаныя былі з’ехаць у Польшчу 15 гадоў таму. Яшчэ ў 2014 годзе яны дапамагалі першай хвалі ўцекачоў з Украіны.

«Напэўна, з тых часоў само дапамаганне – вельмі важнае і для мяне, і для Наталлі. Мы з розных прычынаў гэта робім. Часта проста хочацца зрабіць штосьці добрае. Ты бачыш, што тое, што ты робіш, змяняе свет навокал, – хаця б патроху, але змяняе да лепшага. Але часам гэта і форма самадапамогі», – распавядае Зміцер.

З пачаткам вайны ў 2022 годзе Зміцер і Наталля валанцёрылі на вакзале ў Польшчы ў якасці перакладчыкаў для ўкраінцаў. Калі ж хваля ўцекачоў спала, то Наталля пагадзілася на прапанову калегі і стала перапраўляць аўтамабілі з медычнымі наборамі з Польшчы ва Украіну, для добрахвотнага медычнага батальёну «Госпітальєри». На ейным рахунку – 14 аўтамабіляў. Перад чарговым выездам Наталля і Зміцер тлумачаць свайму сыну, што «мама едзе на вайну».

Зміцер з уласнай ініцыятывы стварыў чат-бот @belPolska_bot для дапамогі беларусам у легалізацыі ў Польшчы. Цяпер у ім зарэгістраваныя 7,5 тысяч карыстальнікаў. Зміцер марыць пра тое, што пры дапамозе гледачоў праграмы «Беларус беларусу» яму ўдасца сабраць сродкі на развіццё праекту, каб быць яшчэ больш карысным беларусам.Чаму Наталля і Зміцер заняліся валанцёрствам? Як яно змяніла жыццё іхнай сям’і? Як праходзіць перагон аўта з Польшчы пад Львоў на базу добраахвотнага медычнага батальёну «Госпітальєри»? Як Зміцер прыдумаў свой чат-бот @belPolska_bot? Якія пытанні найбольш турбуюць карыстальнікаў: карта побыту, медыцына або страхаванне? Якое хобі ў Змітра і аб чым ён марыць для развіцця свайго праекту?

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў, нязломных артыстаў і іхных дзяцей, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.