Беларус ваяваў у «Азове», цяпер зноў змагаецца з акупантамі


У гэтым выданні «Ваяроў» вы пазнаёміцеся з беларускім ваяром з пазыўным Зубр. З 15 гадоў хлопец быў чальцом грамадскай арганізацыі «Зубр», адкуль і атрымаў мянушку.

У 2015 годзе Зубр з’ехаў ва Украіну, дзе ўступіў у полк «Азоў», там жа ён пазнаёміўся з беларусамі Ільлёй (Ліцвінам) Хрэнавым, Змітром (Гансам) Рубашэўскім і Аляксеем (Турам) Скобляй.

Пачатак поўнамаштабнай расейскай агрэсіі заспеў Зубра ў Бельгіі, дзе ён працаваў на будоўлі. У той самы дзень ваяр адправіўся ва Украіну і далучыўся да шыхтоў беларускіх добраахвотнікаў:

«У мяне ўжо было ўсё сваё: рыштунак, які мне неабходны, добры ўзровень падрыхтоўкі. Я шмат чаго ведаў: валоданне зброяй, тактыка, медыцына. Веды былі на парадак вышэйшыя, чым у шмат якіх ваяроў, якія прыязджалі ненавучаныя. І я прыехаў з добрым баявым досведам і адразу трапіў у асноўны склад».

Зубр абараняе незалежнасць Украіны амаль з першага дня вайны, прайшоў не адзін зацяты бой, але самай цяжкай лічыць бітву за Машчун, у якой загінуў Тур. Вось як згадвае яе беларускі жаўнер:

«Вельмі цяжкая лакацыя, максімальна цяжкая з тых, што бачыў, – гэта быў Машчун. Амаль уся група, акрамя аднаго чалавека, злавіла кантузіі. Артылерыя крыла пастаянна, мы там за два дні дзве машыны страцілі, іх разбамбілі артылерыяй. Там было вельмі цяжка».

Глядзіце гэтае выданне «Ваяроў», і вы даведаецеся як працуюць на фронце беларускія сапёры. І, як заўсёды ў «Ваярах», – эксклюзіўныя відэа з фронту з асабістага архіву героя.

Ваяры
Пазыўны Север. Яна ратуе жыцці каліноўцаў
2022.10.09 11:05