Вірус Дэльта: новыя схемы і махлярства са статыстыкай


Змаганне з каронавіруснай пандэміяй каштавала дзяржаве мільярд долараў, паводле Аляксандра Лукашэнкі. Ці ўсе грошы пайшлі на ратаванне жыццяў?

У новым супольным расследаванні праграмы «Давайце разбірацца», Альянсу незалежных расследавальнікаў Беларусі і кіберпартызанаў выкрываем новыя карупцыйныя схемы ў медыцыне.

Вы даведаецеся, як бізнесоўцы Лукашэнкі зарабляюць на леках і медычным абсталяванні, колькі насамрэч людзей памерла ад COVID-19, чаму Белстат засакрэціў звесткі пра памерлых падчас пандэміі, і за якія лекі беларускім шпіталям сорамна.

Разынка праграмы – эксклюзіўныя запісы размоваў высокапастаўленых чыноўнікаў з загадчыкамі шпіталяў, здабытыя кіберпартызанамі. Як урадоўцы злоўжываюць службовым становішчам, каб выратаваць ад пандэміі сваіх родных, а таксама размяркоўваюць дэфіцытную вакцыну супраць каронавіруса – глядзіце ў праграме «Давайце разбірацца».

Дарагія лекі, схаваныя ахвяры, тэлефанаванні «па блаце». Як у Беларусі змагаюцца з каронавірусам

Улады Беларусі кажуць, што выдаткавалі на барацьбу з каронавірусам больш за $ 1 000 000. Але, як высветлілі даследнікі праграмы «Давайце разбірацца», экспарт медыкаментаў за завышаныя кошты працягваецца. Акрамя таго, медыкі не цураюцца перавышаць службовае становішча, аказваючы першую дапамогу блізкім і добра знаёмым людзям. Пры гэтым афіцыйная статыстыка аб колькасці ахвяраў каронавіруса відавочна шытая белымі ніткамі.

Завышаныя цэны

Сёлета ў сакавіку Аляксандр Лукашэнка загадаў жорстка кантраляваць цэны на лекі і медычнае абсталяванне, каб не дапусціць неабгрунтаванай дарагоўлі. Але расследаванне паказала, што шэрагу бізнесоўцаў удавалася нядрэнна зарабіць на барацьбе з каронавірусам.

Паводле вынікаў закупак «Белфармацыі», у кастрычніку дзяржаўны размеркавальнік лекаў меў набыць буйную партыю расейскага тыяпенталу натрыю, які выкарыстоўваецца пры штучнай вентыляцыі лёгкіх, на паўмільёна рублёў. Даследнікі прыгледзеліся да кошту канкрэтных дозаў у гэтай партыі і выявілі, што лекі выходзяць амаль удвая даражэйшыя, чым у Расеі. У выніку толькі за адну гэтую партыю бюджэт пераплаціў 185 тысяч рублёў.

Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат
Скрыншоты дакументаў з супольнага расследавання праграмы «Давайце разбірацца», Альянсу незалежных расследавальнікаў Беларусі і кіберпартызанаў / Белсат

А зарабіла на пастаўцы беларуская фірма «Вітфарммаркет». Яе мажарытарны ўласнік – бізнесовец Леанід Томчын, фігурант «справы медыкаў». У паслужным спісе жонкі Томчына – пасада галоўнага доктара Віцебскага анкалагічнага дыспансеру і дэпутацтва ў Віцебскім абласным савеце дэпутатаў.

Скрыншоты дакументаў з супольнага расследавання праграмы «Давайце разбірацца», Альянсу незалежных расследавальнікаў Беларусі і кіберпартызанаў / Белсат
Скрыншоты дакументаў з супольнага расследавання праграмы «Давайце разбірацца», Альянсу незалежных расследавальнікаў Беларусі і кіберпартызанаў / Белсат

Як вынікае з базы закупак, прыватная кампанія «Вітвар» паставіла «Белфармацыі» прэпарат «Меціпрэд».

Скрыншоты дакументаў з супольнага расследавання праграмы «Давайце разбірацца», Альянсу незалежных расследавальнікаў Беларусі і кіберпартызанаў / Белсат

Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе яго хворым на ковід супраць запаленняў. У Расеі фінскі вытворца зарэгістраваў на гэтыя лекі цану – няпоўных 6 беларускіх рублёў за ўпакоўку. Але «Белфармацыя» лічыць нармальным купляць іх у «Вітвары» амаль за 30 рублёў.

Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат
Скрыншоты дакументаў з супольнага расследавання праграмы «Давайце разбірацца», Альянсу незалежных расследавальнікаў Беларусі і кіберпартызанаў / Белсат
Скрыншоты дакументаў з супольнага расследавання праграмы «Давайце разбірацца», Альянсу незалежных расследавальнікаў Беларусі і кіберпартызанаў / Белсат
Скрыншоты дакументаў з супольнага расследавання праграмы «Давайце разбірацца», Альянсу незалежных расследавальнікаў Беларусі і кіберпартызанаў / Белсат

«Вітвар» кантралюецца сям’ёй віцебскага бізнесоўца Аляксея Сычова. Ён таксама быў фігурантам «справы медыкаў». Але на момант пачатку судовага працэсу апынуўся ў бальніцы, таму ягоную справу вылучылі ў асобную вытворчасць. У кампаніі «Націвіта», якую Сычоў заснаваў, сцвярджалі, што той быў пакараны – заплаціў велізарны штраф. У 2020 годзе бізнесовец, вядомы сваімі сувязямі з высокапастаўленымі беларускімі чыноўнікамі, пераехаў з Беларусі ў Славаччыну. А сёлета Камітэт дзяржкантролю аштрафаваў «Націвіту» на 32,3 млн рублёў за завышаныя кошты на лекі.

Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат
Скрыншоты дакументаў з супольнага расследавання праграмы «Давайце разбірацца», Альянсу незалежных расследавальнікаў Беларусі і кіберпартызанаў / Белсат
Скрыншоты дакументаў з супольнага расследавання праграмы «Давайце разбірацца», Альянсу незалежных расследавальнікаў Беларусі і кіберпартызанаў / Белсат

Як высветліла каманда «Беларускага расследніцкага цэнтру», які робіць праграму «Давайце разбірацца» для «Белсату», у 2018 годзе ва ўласнасць малодшага сына Аляксея Сычова перайшла кватэра тагачаснага міністра аховы здароўя Васіля Жарко, якая месціцца ў прэстыжным раёне Менску. У медыях Васіля Жарко называлі пратэжэ папярэдняга міністра аховы здароўя – Людмілы Пастаялкі. Пастаялку, у сваю чаргу, медыі называлі бабуляй малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі – Мікалая.

Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат

Вось як патлумачылі сітуацыю работнікі «Націвіты» парталу TUT.by пасля нашага расследавання: «У 2011 годзе жонка Сычова – Святлана Галоўкіна – набыла ў дачкі Жарко кватэру на Нямізе «за рынкавы кошт». Праз сем гадоў гэтую кватэру «падаравала Галоўкіна свайму сыну Фёдару».

Неўзабаве пасля названай угоды пастаўкі Сычова ў арганізацыі Міністэрства аховы здароўя пачалі імкліва расці.

Гэтым летам РНПЦ кардыялогіі, які летась перапрафілявалі пад ковід, пастанавіў закупіць 25 такіх масак для неінвазіўнай штучнай вентыляцыі лёгкіх. Узялі іх у беларускай кампаніі «Белмедснабтэхніка» па 600 з нечым рублёў за штуку.

Гэта маскі нямецкай вытворчасці – і мы параўналі, за колькі іх прадаюць у Нямеччыне. Там яны каштуюць удвая танней. У Польшчы з коштамі сітуацыя прыкладна тая ж, што і ў Нямеччыне.

Пры гэтым на пачатку закупаў РНПЦ планаваў выдаткаваць на 25 такіх масак прыкладна Br 5600 бюджэтных сродкаў.

Але ў выніку кіраўніцтва РНПЦ падпісала дадатковае пагадненне, паводле якога кошты на маскі павялічыліся ўтрая да Br 15 125.

Дапамога па блаце

Аўдыязапісы ад «Кіберпартызанаў» паказалі яшчэ адну цікавую тэндэнцыю: чыноўнікі злоўжываюць службовым становішчам, каб выратаваць ад каронавіруса сваіх блізкіх. Вось некалькі прыкладаў.

Аднаму з медыкаў Менскай абласной клінічнай бальніцы патэлефанаваў чалавек, голас якога падобны да голасу першага намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Менскага аблвыканкаму Зіновія Гозмана.

Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат

– Кірэеву ведаеце?

– Чуў, не памятаю, шчыра.

– Кірэева Ірына Аляксандраўна, начальнік упраўлення экспертызы якасці і зваротаў грамадзянаў Міністэрства аховы здароўя, правая рука Піневіча, ягоная ўлюбёнка. Ірына Аляксандраўна звярнулася з такім пытаннем. Разумееце, калі ў мужыка тэмпература 38–39, і з ім у кабінеце ў адным сядзіць чалавек з ковідам, то, напэўна, у яго ковід. Ну, так, паміж намі, дзяўчынкамі, кажучы. Але, зразумела, што месцы эканомім, ковід не ставім. Вы, калі ласка, прасачыце, каб іх не адфутболілі. Бо хуткай дадуць каманду завезці на КТ, а потым везці да вас.

– Зразумела.

Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат

Як вынікае з запісу, у непрацоўны час, увечары да чыноўніка з асабістай просьбаю звярнулася Ірына Кірэева.

На іншым аўдыязапісе аказалася размова паміж чалавекам, чый голас падобны да голасу былога кіраўніка Міністэрства аховы здароўя, а цяпер старшыня Гарадзенскай вобласці Уладзіміра Караніка і, як сцвярджаюць «Кіберпартызаны», Наталляй Баярскай, начальніцай Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Менскага аблвыканкаму.

– Так, Уладзімір Сцяпанавіч!

– Добры дзень, Наталля Іванаўна! Вы ж выдатна разумееце, я тэлефаную не для таго, каб пачуць такі прыемны голас, а каб загрузіць чарговай праблемай. У нашай вельмі добрай знаёмай тэмпература 38. Можна, я звесткі перакіну, каб там пад крылца ўзялі, мо кудысьці зацягнулі яе?

– Так. Вядома, Уладзімір Сцяпанавіч. Добра. Безумоўна.

Даследніку не ўдалося пацвердзіць сапраўднасці апублікаваных аўдыязапісаў. Фанаскапічнага даследавання, якое б пацвердзіла, ці сапраўды галасы на запісах належаць тым людзям, якія пазначаныя ў матэрыялах «Кіберпартызанаў», не праводзілася. Раней ніхто не абвяргаў аўдыязапісы, прадстаўленыя «Кіберпартызанамі», тэлеграм-канал якіх у Беларусі прызнаны экстрэмісцкім.

Сакрэтная статыстыка

Агульнавядома, што афіцыйная смяротнасць ад каронавіруснай інфекцыі ў Беларусі выглядае анамальна нізкай: на чвэрць ніжэй за сусветныя паказчыкі на душу насельніцтва. Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя РБ Аляксей Шчарбінскі лічыць, што Беларусь дасягнула стабільнасці ў смерцяў «за кошт якаснай медычнай дапамогі».

Пры гэтым паміраць у Беларусі ў цэлым з пачатку пандэміі сталі больш. Летась Белстат засакрэціў колькасць памерлых беларусаў. Медыі апублікавалі звесткі, пададзеныя ўладамі ў ААН: у другім квартале 2020 года памерлі на 5600 беларусаў больш, чым за аналагічны перыяд 2019 года. Чаму сёлета Белстат не толькі не апублікаваў справаздачы для насельніцтва, але і не перадаў актуальных лічбаў у ААН?

Графіка: nashaniva.com

– Пакуль яшчэ ўсё ў працэсе распрацоўкі. Цяжка падлічыць з-за ковіду. Мы нічога спецыяльна не прычэсваем. Усё толькі на падставе афіцыйных дакументаў фармуецца. Таму тут гэты момант наогул выключаецца, – сказала намесніца начальніка Галоўнага ўпраўлення і начальніца ўпраўлення дэмаграфічнай статыстыкі і статыстыкі аховы здароўя Ірына Бічан.

Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат
Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат

Заніжэнне статыстыкі: доказ 1 – загсы

Пакуль Белстат лічыць, да журналістаў трапляюць злітыя базы звестак. Невядомыя даслалі ў рэдакцыю «Медыязоны» справаздачу менскіх загсаў аб смяротнасці ад ковіду і экстраныя паведамленні пра тых, хто захварэў у 2020 годзе.

«За лістапад – снежань у нас атрымалася 700 памерлых ад ковіду ў Менску. Калі ў Міністэрства аховы здароўя было 415 ва ўсёй краіне за той самы перыяд. Дзень у дзень. Што да хворых, было па-рознаму. У перыяды піку эпідэміі розніца была ў два разы. Атрымлівалася, што ў нас у Менску 2000–2200 хворых за дзень рэгістравалі. Калі Міністэрства аховы здароўя давала 1000 ува ўсёй краіне, напрыклад».

Такім чынам, звесткі Міністэрства аховы здароўя па ўсёй краіне ўдвая ніжэйшыя за лічбы загсаў і эпідэміёлагаў аднаго толькі Менску! Але наколькі надзейны гэты зліў?

Каб адказаць на гэтае пытанне, мы сабралі фокус-групу з 75 мінакоў, якія перахварэлі на ковід і маюць дакументы аб непрацаздольнасці. Аднак у базе мы знайшлі 25 з 75 – усяго траціну. У беларусаў, якія туды трапілі, цалкам супалі час хваробы і нумары лякарняў.

Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат

Заніжэнне статыстыкі: доказ 2 – бабруйская бальніца

А як з матэматыкай у рэгіёнах? З мінулага года Міністэрства аховы здароўя засакрэціла і гэтыя звесткі. Але былы работнік Бабруйскага цэнтру гігіены даслаў нам справаздачу экстранных паведамленняў. І калі ў краіне, як кажуць чыноўнікі, летась перахварэла ўсяго 2 % насельніцтва, то звесткі з Бабруйску дэманструюць нашмат вышэйшы паказнік: 10 %, кожны дзясяты. У нашым распараджэнні аказаўся і архіў выпісак з бабруйскай бальніцы, з якога вынікае, што толькі 3 чэрвеня ва ўстанове памерлі 8 чалавек, а Міністэрства аховы здароўя ва ўсёй краіне давала 11 смерцяў.

Заніжэнне статыстыкі: доказ 3 – крэматорыі

Тым часам лічбы аб смяротнасці не змяншаюцца. Работнік менскага крэматорыю распавёў аб вялікай загружанасці: «30–40 прывозяць штодня».

Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат

Намеснік дырэктара ў ідэалагічнай працы Спецкамбінату КБА Менскага гарвыканкаму Сяргей Тур гэтую інфармацыю абверг:

«У нас усё планава. У рэжыме працы нагрузкі ніякай няма. Як раней працаваў крэматорый, пяць-дзесяць гадоў таму, так ён і цяпер працуе. На дзень прымаем ад 15 да 25 памерлых на крэмацыю».

Даследнікі паназіралі за ўстановаю. І ў першы дзень зафіксавалі 22 труны, у другі – 72, у трэці – 40.

Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат

Заніжэнне статыстыкі: доказ 4 – пахавальныя плацяжы

Акрамя таго, вядома, што ў першым квартале 2021 года арганізатары пахаванняў і звязаных з гэтым паслуг у паўтара разу павялічылі выплаты ў бюджэт – 2,2 млн рублёў супраць 1,4 млн рублёў за такі ж перыяд летась. Пры гэтым кошт паслуг пахавальных бюро практычна не змяніўся.

Калаж з фота: vkurier.by, euroradio.fm