«Мне спрабавалі элегантна заткнуць рот»


Калі ты прапаведуеш слова Божае, то той, хто слухае, абавязкова захоча цябе закідаць камянямі, упэўнены Вячаслаў Барок – ксёндз з Расонаў, які пакінуў Беларусь. Развагі святара паслухаем у праграме «Беларускі свет».

Ксёндз Вячаслаў Барок ніколі не абмяжоўваўся касцельным амбонам. Трыбуну для казаняў ён знайшоў праз YouTube. Там стварыў свой канал, дзе разважае пра хрысціянства ў сучасным свеце, праблемы веры, найбольш балючыя моманты грамадскага жыцця. За гэта і быў узяты пад арышт, а потым апынуўся ў вымушанай «камандзіроўцы» ў Польшчы.

«Для мяне не было праблемаю другі раз пайсці за краты паводле абсурдных абвінавачанняў, на ўсё воля Божая. І вось, яны ў адзін дзень ліпеня, маючы санкцыі пракурора, хацелі забраць усё абсталяванне, дзякуючы якому я працаваў: смартфоны, камп’ютары, нотбук. Я быў бы пазбаўлены доступу да свайго каналу і прапаведавання. Іначай кажучы, мне элегантна хтосьці спрабаваў заткнуць рот».

Але калі прамаўляць і прапаведаваць, якія словы святар хацеў бы сказаць Лукашэнку?

«Жадання гаварыць з гэтым чалавекам у мяне няма. Хтосьці бачыць у ім харызматычную асобу, я бачу ў ім закамплексаванага чалавека. Чалавека, якога недалюбілі. Чалавек, які не зразумеў сэнсу свайго жыцця. Гэта хворы чалавек, ён недалюблены. Трыбунал. І потым як мага даўжэйшыя дні жыцця, каб чалавек абдумаў, што ён зрабіў».

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Ці падштурхнуць санкцыі працоўных да забастоўкі?
  • Раненні, лекаванне і новае студэнцкае жыццё па-за Беларуссю

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» ў аўторкі а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu