Што Напалеон быў гатовы даць за Беларусь?


З часу заканчэння вайны 1812 года прайшло больш як дзвесце гадоў, баталіі вакол яе не спыняюцца і па сённяшні дзень. Спрэчкі апошняга часу звязаныя з вяртаннем тэрміну «айчынная вайна» у школьныя падручнікі Беларусі. Чыя была гэта вайна? Высвятляем у праграме «Intermarium».

Ваенная кампанія, якую распачаў французскі імператар у 1812 годзе супраць Расейскай імперыі, была толькі адным з эпізодаў «напалеонаўскіх войнаў», якія Францыя з пераменным поспехам вяла з канца XVIII стагоддзя. Натуральна, што беларускія землі ў гэтым канфлікце ў якасці асобнага суб’екту не выступалі. Адначасова два імператары вялі барацьбу за розум і сэрцы жыхароў беларуска-літоўскага краю.

«Раней даследаваў тое, што можна назваць палітычным бачаннем расейскіх элітаў на пачатку ХІХ стагоддзя. І магу сказаць, што гэта палітычнае бачанне з выразным імперскім акцэнтам. Гэта перакананасць у тым, што Расея вялікая, і павінна мець вялікую сферу ўплыву, і таксама выразная вера ў тое, што ўсё, што аднойчы трапіла ў межы Расеі, ніколі не павінна вярнуцца. То бок і ВКЛ і Рэч Паспалітую расейскія эліты не трактавалі як часовы набытак», – тлумачыць польскі гісторык, доктар гістарычных навук Ярослаў Чубаты.

Дзеля прыцягнення на свой бок большай колькасці прыхільнікаў і нейтралізацыі прафранцузскіх настрояў Аляксандр І імкнуўся рэалізаваць гэтак званы план Адама Чартарыйскага – аб’яднанне зямель былой Рэчы Паспалітай пад скіпетрам расейскага імператара. У той час Напалеон разыгрываў «польскую карту» і абяцаў аднаўленне Рэчы Паспалітай. Што б рэальна прапанаваў нашым элітам Напалеон?

«Прапанаваў бы Канстытуцыю, набліжаную да той, што мела Варшаўскае княства. Напэўна, прапанаваў бы Кодэкс Напалеона, бо гэта жалезны элемент усёй імперыі, усе дзяржавы, уключаныя ў вялікую імперыю, мелі сучаснае грамадзянскае права, дадзенае Напалеонам. Не вельмі вядома, якая была б тэрытарыяльная форма той дзяржавы. Тагачасныя назіральнікі, удзельнікі тых падзеяў з боку Напалеона дапускалі, што тэрыторыі сучаснай Літвы і сучаснай Беларусі былі б злучаныя з Варшаўскім княствам. […] Увядзенне Кодэксу Напалеона на тэрыторыях Рэчы Паспалітай, якія трапілі пад расейскую ўладу, азначаў бы ні больш ні менш наданне волі сялянам», – дадае прафесар Ярослаў Чубаты.

Вайна і спадарожныя ёй абставіны прывялі да велізарных стратаў сярод тых, хто браў непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях, але таксама і мясцовага насельніцтва. Знішчаная і разбураная была сялянская і шляхецкая гаспадарка, духоўная і матэрыяльная спадчына беларуска-літоўскага краю.

Госці праграмы «Intermarium»:

  • Ярослаў Чубаты, прафесар, доктар гістарычных навук, Варшаўскі ўніверсітэт, Польшча
  • Вячаслаў Швед, прафесар, доктар гістарычных навук, Горадня, Беларусь

Belsat.eu