Як беларусы дапамаглі сям’і Паўла Спірына


Надоечы мы расказвалі гісторыю Паўла Спірына і ягонай сям’і. Сёлета ў лютым блогер Павел Спірын быў асуджаны на 4,5 гады калоніі строгага рэжыму за праўду, якую паказваў у сваіх фільмах на YouTube-канале.

За месяц з моманту запісу папярэдняй праграмы адбыўся сапраўдны цуд салідарнасці: нашыя гледачы дапамаглі пакрыць усе страты сям’і ды стварылі мора падарункаў і падтрымання для Ірыны і маленькага Арцёма, сына Паўла Спірына.

«Я атрымала адно спатканне з Паўлам. Ён перадаваў вялікую падзяку ўсім, хто нас падтрымаў. Цяпер прызначаны дзень разгляду справы ў Вярхоўным Судзе – 27 красавіка ў 9.30 на вул. Арлоўскай. Я спадзяюся, дзякуючы таму, што «выдаткі» аплачаныя, – могуць быць змякчэнні або змены ў прысудзе да лепшага», – кажа Ірына.

Жонка Паўла Спірына Ірына, іх сын Арцём.
Фота: Белсат

Ірына выказвае ўдзячнасць: Ганне, Наталлі, Вользе, Марыне, Алегу, Святлане і ўсім іншым неабыякавым беларусам, якія захацелі застацца ананімнымі, – за сапраўдныя падтрыманне і салідарнасць. А таксама ўсім настаўнікам і рэпетытарам, якія прапанавалі сваю дапамогу ў тым, каб займацца з Арцёмам матэматыкай.

«Я ўражаная, як адгукнуліся людзі: мне дарылі букеты кветак, кнігі для сына, а Паўлу нават пашылі адмысловую маску для сну!» – кажа Ірына.

Нашая папярэдняя гераіня, палітблогерка Вольга Такарчук таксама вырашыла падтрымаць Ірыну, як і яе падтрымалі салідарныя беларусы. Сярод астатняга яна перадала кранальны ліст падтрымання, які натхніў Ірыну.

«Ірачка, даражэнькая, мы пераможам, ведай гэта! У мяне ўсё яшчэ перад вачыма стаяць вочы Паўла пасля абвяшчэння прысуду. Першы час спаць не магла: сніла яго. Мы не маем права здавацца, на кану вельмі шмат жыццяў і лёсаў…» – Ірынін голас зрываецца, калі яна чытае ліст Такарчук.

Спадзяемся, неўзабаве здзейсніцца і галоўнае жаданне Ірыны: вызваляць усіх пацярпелых і палітвязняў.

  • Калі вы хочаце падтрымаць іншых нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна), звяртайцеся да нас: belarus2belarus@gmail.com.
  • І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога.

belsat.eu