Зміцер Дашкевіч больш за два гады нясе варту ў Курапатах, каб супрацьстаіць пабудаванаму ля месца масавых расстрэлаў рэстарану. Падчас масавых пратэстаў 2020 года Змітра расчаравалі і абурылі некаторыя пратэстоўцы.
Зміцер Дашкевіч – цясляр, пісьменнік, актывіст і абаронца Курапатаў. Апошняе, на ягоную думку, вельмі важна, бо нельга пераадольваць эканамічных праблемаў дзяржавы ў адрыве ад духоўных.
«Лукашэнка – заканамерны лагічны вынік неасэнсаваных Курапатаў. Гэтае месца, на жаль, не было ў 90-х гадах нашым грамадствам, народам нашым, асэнсаванае належным чынам. Таму прыйшоў чалавек, каторы сказаў: «А я вярну Савецкі Саюз!» – тлумачыць Зміцер.
Гісторыя Курапатаў дасюль неасэнсаваная грамадствам – у гэтым Зміцер пераканаўся падчас пратэстаў 2020 года.
Што зрабілі пратэстоўцы такое абуральнае? Якія складанасці сустрэў Зміцер, калі ў 19 гадоў вырашыў стаць беларускамоўным? Хто робіць беларусам своеасаблівую «прышчэпку» ад беларушчыны? Хто пераканаў Змітра падчас арышту ў тым, што ўсё грамадства перабывае ў працэсе пераменаў? Якую галоўную памылку ў беларускай мове робяць беларусы? Пра гэта ды іншае пагутарым са Змітром Дашкевічам.
У граматычнай частцы разбяромся, чым адрозніваюцца ў нашай мове «чай» ад «гарбаты» ды «кофе» ад «кавы».
Вядоўцы перадачы – Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская.
Адукацыйную праграму «Мова Нанова» глядзіце кожную нядзелю а 20:20 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.