Адключэнне ад SWIFT: Лукашэнка стане паддоследным трусам


Ёсць рэчы, што нельга купіць за грошы. А для ўсяго астатняга ёсць крэдытная карта. Прынамсі, так банкі рэкламуюць свае паслугі. А што рабіць, калі банкаўская карта стане проста кавалкам пластыку, без магчымасці што-кольвек аплаціць? Сёння мы пагаворым пра санкцыі адносна дыктатур, якія могуць змяніць грашовыя плыні па ўсім свеце.

Артабстрэлы і ракетныя залпы па плошчах, бронетэхніка на вуліцах, масавае забойства мірнага насельніцтва – усё гэта можа паўтарыцца, як у 2014 і 2015 гадах, толькі паводле новага сцэнару. Крэмль сканцэнтраваў найбуйнейшую групоўку войскаў у кірунку Украіны – нібыта каб спыніць ад наступу ўкраінскія войскі.

«Пашыраная ў СМІ інфармацыя пра нібыта рыхтаванае ўварванне Расеі ва Украіну – хлусня», – заявіў начальнік Генштабу Ўзброеных сілаў РФ Валерый Герасімаў.

Кіеў і саюзнікі Украіны, натуральна, Крамлю не вераць. Асабліва тыя, хто мяжуе з Расеяй.

«Імавернасць расейскай агрэсіі вельмі высокая. Ёсць шмат прыкметаў, што будзе зрэалізаваны найгоршы сцэнар, а менавіта – вайсковая інтэрвенцыя на тэрыторыю незалежнай дзяржавы», – перакананы прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Але ні Вашынгтон, ні Брусель, ні Папа Рымскі не адправяць ва Украіну танкавых дывізіяў. У выпадку чаго, біць будуць па найдаражэйшых рэчах у сённяшняй Расеі – па кішэнях Пуціна.

«Мы чакаем ад Расеі зніжэння эскалацыі і стрымання агрэсіі супраць яе суседзяў, а таксама павагі да правоў незалежных дзяржаваў. Іначай Еўразвяз гатовы не толькі ўзмацніць дзейныя санкцыі, але і прыняць адчувальныя захады ў іншых сферах, ад эканомікі да фінансаў. Мы хочам добрых зносінаў з Расеяй, але гэта залежыць перадусім ад яе паводзінаў», – падкрэсліла Урзуля фон дэр Ляен, кіраўніца Еўракамісіі.

Каб знізіць градус канфлікту, Белы дом правёў відэаперамовы з Крамлём – і Джо Байдэн сказаў Пуціну: «Хэлоў

Прэзідэнт ЗША папярэдзіў кіраўніка Расеі, што ў выпадку ўварвання ва Украіну яго чакаюць санкцыі, якіх Пуцін яшчэ не бачыў. Чым канкрэтна пагражаў Джо Байдэн на закрытых перамовах, не агучваецца, але амерыканскія медыі кажуць у тым ліку пра «ядравы ўдар» па расейскіх фінансах.

«Я не выключаю такіх рэчаў, як санкцыі супраць трубаправоду «Паўночная плынь 2», адключэнне ад банкаўскай сістэмы SWIFT», – заявіў міністр замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевіч.

«ЗША і NATO не будуць ваяваць за Украіну ў любым выпадку, а будуць дзейнічаць эканамічнымі сродкамі. Гэта і магчымы ўдар па расейскім суверэнным доўгу, гэта і вядомае адключэнне ад сістэмы SWIFT… Санкцыі супраць расейскіх нафты і газу – гэта можа быць сурʼёзна», – мяркуе дырэктар Інстытуту сусветнай палітыкі Яўген Магда (Кіеў).

Ад банкаўскай сістэмы SWIFT прапаноўваюць адключаць не толькі пуцінскую Расею, але і Беларусь, пакуль уладу сілай і тэрорам утрымлівае Аляксандр Лукашэнка. І гаворка пра гэта ідзе даўно.

«Рэжым баіцца менавіта міжнароднага падтрымання, міжнароднага ціску. І гэтага цяпер троху не хапае. Шмат хто з людзей не разумее, як менавіта ажыццяўляецца гэтая дапамога. І мы чакаем канкрэтных рашучых крокаў. Напрыклад, адключэння Беларусі ад сістэмы SWIFT», – тлумачыў яшчэ год таму лаўрэат прэміі імя Сахарава Сцяпан Пуціла, больш вядомы як блогер NEXTA.

SWIFT расшыфроўваецца як «Society for Worldwide Interbank Financial Telecommunications». Па-беларуску гэта значыць «Таварыства міжнароднага міжбанкаўскага фінансавага злучэння». То бок – сістэма міжбанкаўскіх фінансавых каналаў сувязі, што абʼядноўвае больш за 11 000 фінансавых арганізацыяў у дзвюх сотнях краінаў. Банкі, далучаныя да сістэмы, маюць там карэспандэнцкія рахункі. І каб даслаць з Парыжу ў Сан-Францыска суму грошай, не трэба адпраўляць дыліжанс з банкнотамі ці самалёт з золатам. Дастаткова шыфраванага паведамлення ўнутры сістэмы, дасланага праз інтэрнэт. SWIFT патрэбны перадусім для буйных сумаў буйных кампаніяў, але яго карыстаюць і прыватныя асобы, і біржы, і брокеры.

«Калі ўмоўны «Беларуськалій» прадае калійныя ўгнаенні ў Бразілію, то яны выкарыстоўваюць SWIFT, каб бяспечным спосабам, стандартным для ўсіх краінаў, гэтая інфармацыя паступіла праз міжнародную банкаўскую сістэму, і каб «Беларуськалій» пабачыў гэтыя грошы на сваім банкаўскім рахунку», – тлумачыць Алесь Аляхновіч, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у пытаннях эканамічных рэформаў.

«Чаму адключэнне ад сістэмы SWIFT ці нават пагроза адключэння можа быць моцным ударам па гаспадарцы, як гэта гучыць у санкцыйных заявах?»

«Міжнародная аплатная сістэма SWIFT практычна не мае альтэрнатываў. Усе іншыя альтэрнатывы не такія глабальныя. Ёсць расейская сістэма, кітайскія сістэмы. Але праз SWIFT праходзяць каля 70 % міжнародных трансакцыяў», – тлумачыць адмысловец.

Міжбанкаўская сістэма SWIFT дзейнічае больш за 40 гадоў. Вядома, свет не стаіць на месцы.

«Гэта не адзіная аплатная сістэма, і папраўдзе, я не думаю, што гэта крытычна для РФ. Хутчэй гэта крок псіхалагічны», – мяркуе Яўген Магда.

Адключэнне цэлай краіны ад глабальнай фінансавай сістэмы ўжо здаралася. 9 гадоў таму іранскія банкі былі часова ізаляваныя ад свету ў межах санкцыяў за развіццё ракетна-ядравай праграмы Тэгерану. У выніку міжнароднага ціску іранцы пайшлі на саступкі.

А што здарыцца з Расеяй у падобным выпадку?

«Еўрапейскія спажывальнікі расейскага газу не змогуць плаціць за газ. Расейскія спажывальнікі еўрапейскіх тавараў не змогуць аплаціць імпарт, што Расея атрымлівае з Еўропы. Будуць вазіць наяўныя, будуць расплачвацца золатам, будуць шукаць іншыя сістэмы», – тлумачыць логіку развіцця падзеяў расейскі эканамічны аглядальнік Максім Блант, аўтар праграмы «Грошы на свабодзе».

Максім Блант лічыць такі сцэнар малаверагодным. Зрэшты, як і сцэнар расейскага вайсковага ўварвання ва Украіну. Але падкрэслівае, што для Масквы магчымае адключэнне ад SWIFT будзе больш балючым. Бо гэта Еўразвяз для расейцаў галоўны гандлёвы партнёр – а не Расея для еўрапейцаў.

«Ёсць аўтарытарныя краіны. Іран, Куба, Венесуэла, Кітай, КНДР, Расея, Беларусь, Нікарагуа. Ці могуць аўтарытарныя дзяржавы стварыць уласную банкаўскую сетку для міжнародных разлікаў?»

«Бадай, не. Кожная такая аперацыя праводзіцца ў нейкай валюце. Гэта могуць быць долары, еўра, фунты і г. д. Беларускі рубель нават. І ў асноўным гандаль ідзе праз міжнародна прызнаныя валюты. Калі КНДР, Нікарагуа, Беларусь, Куба хацелі б пабудаваць такую сістэму, то яны мусілі б гандляваць між сабой у сваіх валютах», – тлумачыць Алесь Аляхновіч.

То бок замест свабодна канвертаваных долара і еўра – венесуэльскі балівар, беларускі «зайчык» і расейскі «драўляны» рубель, хай цяпер і ў лічбавым выглядзе.

Расея рыхтавалася да адключэння ад міжнароднай фінансавай сістэмы з моманту анексіі Крыму, тлумачыць Максім Блант. Тады Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць некалькіх расейскіх банкаў, у тым ліку супраць банку «Россия», што належыць Юрыю Кавальчуку, блізкаму да Пуціна.

«Людзі, у якіх былі карты «Visa» ці «MasterCard» гэтых банкаў, за мяжой зразумелі, што ў іх бац! – і ўсё перастала працаваць. Карта ёсць, але гэта непатрэбны кавалак пластыку», – нагадвае Максім Блант.

З тых часоў Крэмль рыхтаваўся адбіваць новыя санкцыі. Была створаная Сістэма перадачы фінансавых паведамленняў – унутрырасейскі аналаг SWIFT. Зрабілі і адмысловую аплатную сістэму «Мир», каб абыходзіць санкцыі.

«У вас ёсць карта «Сбербанку» або «ВТБ». Пакуль вы ездзіце з ёй па свеце, яна – «Visa». А калі прыязджаеце з ёй у Крым – яна «Мір». Бо яна выкарыстоўвае іншую аплатную сістэму, бо на тэрыторыі Крыму «Visa» і «MasterCard» не працуюць», – распавядае Максім Блант.

Магчымае адключэнне ад SWIFT ударыць перадусім па валютных прыбытках расейскіх кампаніяў і бюджэту. Але на пачатак снежня расейскі «Центробанк» назапасіў $ 622,8 млрд золатавалютных рэзерваў.

І калі новае эканамічнае супрацьстаянне зацягнецца, Крэмль будзе ціснуць яшчэ і з дапамогай эмбарга на заходнія тавары.

«Скасоўвайце супраць нас санкцыі, мы скасуем контрсанкцыі, або паслабім, вы паслабіце – мы паслабім. І тады вы зможаце выйсці на адзін з найвялікшых спажывецкіх рынкаў паводле колькасці насельніцтва, паводле плошчы краіны. І гэта важна для шмат якіх лідараў краінаў NATO і Еўразвязу. Чаму? Бо яны залежаць ад вынікаў выбараў», – тлумачыць Яўген Магда.

А што з Беларуссю? Каб пакараць еўрапейцаў і амерыканцаў за санкцыі, рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўжо забараніў заходнія харчовыя тавары.

«Санкцыі ідуць як пакаранне за парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. Тое, што Лукашэнка робіць з людзьмі: садзіць у турмы, прыніжае, звальняе з прадпрыемстваў, некаторых забівае, катуе і г. д. – не можа заставацца беспакараным. Тут няма іншага выйсця. Санкцыі мусяць спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітвязняў – і ўрэшце прывесці да нацыянальнага дыялогу», – тлумачыць Алесь Аляхновіч.

Адключыць ад SWIFT Лукашэнку значна прасцей, чым Пуціна.

«Для Еўропы ён (Лукашэнка) можа стаць такім паддоследным трусам, на якім будуць выпрабоўваць і глядзець: а давайце мы Расею пакуль не чапаем, бо незразумела, што з газам і нафтай – а давай мы пакуль Беларусь адключым», – смяецца Максім Блант.

Якім будзе эфект? Тут меркаванні экспертаў падзяляюцца.

«Усе беларускія банкі падключаныя да сістэмы расейскага «Центробанку» і маюць сваю ўнутраную фінансавую экасістэму», – нагадвае Яўген Магда.

«Сістэма SWIFT – самая танная, і калі яе абыходзіць праз расейскую сістэму, то трэба будзе нейкім чынам дамаўляцца з расейскімі банкамі, нейкую маржу ім аддаваць», – падкрэслівае Алесь Аляхновіч.

Ізаляцыя беларускай фінансавай сістэмы пазбавіць яе значнай часткі экспартных прыбыткаў – а рэжым Лукашэнкі не зможа існаваць без валюты.

«На жаль, дыктатары не разумеюць мовы дыпламатыі, яны разумеюць толькі мову ґвалту і моцы. Мы ўпэўненыя, што толькі абʼяднаная пазіцыя дэмакратычных краінаў, якія нас падтрымліваюць, абʼяднаны ціск на рэжым Лукашэнкі, з аднаго боку, і падтрыманне грамадзянскай супольнасці Беларусі, з другога, прынясуць нам змены, за якія мы змагаемся», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Усе беларускія банкі ўжо інтэграваныя да расейскай плацежнай сістэмы, які ў Маскве называюць аналагам SWIFT-а. Праўда, гэта не міжнародная сістэма, а ўнутрырасейская, і замяніць SWIFT яна не зможа. Але ці не прывядзе гэта да паглынання беларускіх банкаў расейскімі?

«Беларусь цяпер такая ж таксічная тэрыторыя, як Крым. У прынцыпе, прыходзь у Крым, працуй – ніхто не хоча. І ў Беларусі ніводзін прыстойны банк не тое каб кагосьці паглынаць – свайго маленькага аддзялення адкрываць не будзе», – мяркуе Максім Блант.

І ў Еўразвязе, і ў Злучаных Штатах папярэдзілі Маскву, што пасля сфальсіфікаваных выбараў і масавага тэрору Аляксандр Лукашэнка не мае права называцца прэзідэнтам Беларусі, а значыць, любыя інтэграцыйныя пагадненні, падпісаныя ім, не будуць легітымнымі.

Будзем спадзявацца, што неўзабаве надыдзе час глабальных зменаў у Беларусі, нашыя грамадзяне вернуцца дадому з вымушанай эміграцыі, высокакваліфікаваныя спецыялісты адновяцца на працы, выйдуць з палітычных турмаў, і мы не будзем ізаляваныя ад свету, а наадварот, будзем шукаць у ім сваё належнае месца, як свабодны і годны народ.

Калаж з фота: Alexei Nikolsky / TASS / Forum