Калі дзеянне санкцыяў Еўразвязу будзе больш адчувальным для Беларусі?


Нягледзячы на ўведзеныя Еўразвязам санкцыі пасля выбараў 2020 году, беларускі экспарт сёлета падскочыў ажно на траціну. Якім чынам адбыўся так званы «экспартны цуд»? Колькі ён працягнецца? Як санкцыі паўплываюць на простых беларусаў і тых, хто гэтыя санкцыі ўводзіць? Каментуюць эканамісты Леў Львоўскі, Кацярына Барнукова, Леў Марголін, Аляксандр Ізгародзін у праграме «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскай.

Здавалася б, Еўразвяз ударыў па аснове беларускага эканамічнага ладу – па экспарце калійных угнаенняў ды нафтапрадуктаў. Тым не менш, беларускі экспарт расце. Адным з галоўных экспартных прарываў стаў экспарт драўніны – вырас больш, чым у паўтара разу, дзякуючы павялічанаму сусветнаму попыту на яе.

«Спалучэнне сусветных коштаў і тое, што санкцыі мелі адкладзены характар, дазволілі адбыцца гэтаму «экспартнаму цуду». Цяпер мы чакаем, што напрыканцы 2021 года – пачатку 2022 будзе скончвацца гэты бум сусветных коштаў на калій, драўніну і гэтак далей, і адначасова пачне дзейнічаць большая частка санкцыяў», – мяркуе эканаміст Леў Львоўскі.

А вось інфармацыю па экспарце калійных угнаенняў ды нафтапрадуктаў улады засакрэцілі – Нацыянальны статыстычны камітэт болей гэтых дадзеных не публікуе. Але можна здагадвацца, што там беларускія прадпрыемствы цяпер таксама пажынаюць звышпрыбыткі.

Калій і нафта каштуюць цяпер амаль удвая даражэй, чым год таму. Бадай, найвялікшы гешэфт улады маюць на экспарце азотных угнаенняў. Бо кошт газу, з дапамогай якога яны вырабляюцца, падскочыў у Еўразвязе ў разы, а для Беларусі застаўся на леташнім узроўні.

Але, адзначаюць адмыслоўцы, экспартны цуд можа быць падкошаны ад пачатку наступнага году, калі пачнуць дзейнічаць сектаральныя санкцыі супраць беларускага калія і нафтапрадуктаў.

«Калі санкцыі на нафтаперапрацоўку і калій сапраўды запрацуюць напоўніцу, гэта будзе азначаць страты ад 5 да 10% ВУП Беларусі. То бок, штогод Беларусь будзе губляць ад 3 да 6 мільярдаў долараў. Гэта той кошт, якую Расея мусіла заплаціць Беларусі, каб нейкім чынам кампенсаваць санкцыі. На сёння, па-першае, Расея не дае нам грошай проста так. Па-другое, нават той аб’ём крэдытаў, якія даюць, ён нашмат ніжэй за гэтыя сумы», – такі прагноз дае эканамістка Кацярына Барнукова.

Наколькі такі эканамічны ціск апынуўся эфектыўным пры ціску на іншыя аўтарытарныя краіны? Ці шкодзяць санкцыі бізнесоўцам з атачэння Аляксандра Лукашэнкі? Якія беларускія прадпрыемствы ўжо адчулі на сябе ціск санкцыяў? Як Еўропа гатовая падтрымаць Беларусь у постсанкцыйны перыяд? Глядзіце ў выданні (відэа вышэй).

Праграма «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскай штосераду а 19.05 у эфіры «БелСату», а таксама на нашым канале YouTube.