Як беларусы Варшавы выратавалі шматдзетную беларускую сям'ю


З вамі праект «Беларус беларусу», і мы не кідаем сваіх. Шматдзетная маці з’ехала за мяжу ў выніку рэпрэсіяў. Бацька застаўся з пяццю дзецьмі.

Паўгода таму таму мы расказалі гісторыю нашых герояў, сям’і Іны ды Іллі Дабратвораў, якія гадуюць пяцярых няпоўнагадовых дзяцей. Іна адседзела на Акрэсціна, звольнілася са школы на знак пратэсту супраць гвалту, а таксама забрала з дзяржаўных школаў малодшых дзяцей. Пазней жанчына размясціла партрэты палітычных вязняў на вокнах уласнай кватэры і ў падʼездзе. Шматдзетнай маці далі рэкордныя на той момант штрафы. Іна мусіла пакінуць краіну, а пасля допыту ў Следчым камітэце за ёю паехаў і муж з дзецьмі.

Першае выданне пра сямʼю Дабратвораў у межах нашага праекту: Шматдзетная маці зʼехала за мяжу з-за рэпрэсіяў. Бацька застаўся з пяццю дзецьмі

Неабыякавыя людзі не кінулі сямʼі Дабратвораў у бядзе і падтрымалі іх спачатку ў Менску, а пасля ў Варшаве:

Другое выданне пра сямʼю Дабратвораў у межах «Беларус Беларусу»: Беларусы зладзілі свята для семʼяў палітвязняў

«Муж заўсёды адчуваў сябе патрыётам, а я адчула сябе патрыёткаю пасля падзеяў 2020 года, калі ўсё гэта пачалося. Я паверыла ў салідарнасць. І хачу выказаць асобную падзяку фонду «Humanosh». Першыя месяцы яны забяспечылі мяне жытлом і харчаваннем, і я мела час, каб праводзіць навучанне онлайн і шукаць новую працу. Дапамаглі знайсці кватэру і ўсёй сямʼі. Таксама нам вельмі дапамог фонд «Вакно на Усход», яны вельмі падтрымлівалі і зладзілі летнік для нашых дзетак ды іншых шматдзетных семʼяў каля Беластоку, дзе дзеці і на экскурсіі хадзілі, і ўвогуле выдатна правялі час. А таксама актывістка Яна Шостак нам вельмі дапамагла…» – дзеліцца Іна.

Ілля цяпер падпрацоўвае таксоўцам, каб падтрымліваць адпаведны ўзровень жыцця сямʼі з рознаўзроставымі дзецьмі: «Хацелася б, канечне, больш займацца сваёй прафесійнаю дзейнасцю, але і камунікацыя з людзьмі важная.

Хачу больш працаваць на перамены, спадзяюся, атрымаецца надзяляць гэтаму больш часу і ўвагі! Бо канец дыктатара блізкі. Увогуле нас вельмі падтрымалі беларусы Варшавы і беларускія арганізацыі тут».

Калі вы хочаце падтрымаць любога з герояў праграмы (публічна ці ананімна з любога пункту свету), звяртайцеся да нас: belarus2belarus@gmail.com.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога.