Унук Рыгора Кастусёва пачаў рэабілітацыю ў Польшчы дзякуючы салідарным беларусам


Нашыя гледачы забяспечылі рэабілітацыю для ўнука Рыгора Кастусёва. У хлопчыка ДЦП. Цяпер ягоныя бацькі, палітычныя бежанцы, хочуць дапамагчы іншым сем’ям разабрацца ў тым, як атрымаць дапамогу для іхных дзяцей з інваліднасцю.

Палітыка Рыгора Кастусёва арыштавалі, абвінаваціўшы ў спробе дзяржперавароту. Дачка Галіна, зяць Зміцер і чацвёра ўнукаў былі вымушаныя з’ехаць ад палітычнага пераследу ў Беласток. Маленькаму ўнуку Антосю была неабходная рэабілітацыя ДЦП.

Беларус беларусу
Патрэбная дапамога родным палітвязня Рыгора Кастусёва
2022.01.21 17:00

Нашыя гледачы адгукнуліся – і сабралі сродкі, якіх хапіла не толькі на рэабілітацыю…

Пра стан Рыгора Кастусёва

У спадара Рыгора рак. Яго трымаюць у «Амерыканцы», дзе сяк-так спрабуюць лекаваць. Ён знаёміцца з матэрыяламі справы. Яму ўжо выставілі канчатковае абвінавачанне, але сям’я не ведае артыкулаў. Ён абыходзіць гэтую справу ў лістах, і адвакатка таксама нічога не кажа.

Пра стан здароўя спадар Рыгор піша, што тыя ўколы, якія перадала яму сям’я, дапамагаюць. Стан палепшыўся. Вядома, анкалогія нікуды не падзелася, але самаадчуванне і агульны стан – больш стабільныя.

Hавiны
КДБ завершыў расследаванне справы Фядуты, Кастусёва і Зянковіча
2022.06.02 20:17

Рэабілітацыя Антося

Праз пераезд у Антося атрымаўся доўгі перыяд без рэабілітацыі. У Беластоку знайшліся беларусы, якія ўзялі на сябе кошт курсу масажу і курсу ЛФК у прыватным цэнтры.

Таксама ў нашую праграму звярнуўся пан Ежы, былы гарадзенец, які даўно жыве ў Польшчы. Ён пералічыў сродкі на арганізацыю, праз якую надаецца дапамога Антосю.

Асобным цудам стала фінансавая падтрымка ад гледача Мікіты. Гэтыя сродкі сям’я выкарыстае не толькі на рэабілітацыю, але і каб купіць камп’ютар, які так неабходны дзецям для заняткаў, перадусім Антосю.

Антось.
Фота: сямейны архіў герояў

Кругазварот салідарнасці і дабрыні

«Безумоўна, вялікі дзякуй людзям за тое, што дапамагаюць. Мы, калі станем на ногі, таксама будзем дапамагаць, таму што мы адчуваем, што ў беларусаў ёсць патрэба, каб дапамагалі. Каб мы тут, у чужой краіне, не заставаліся сам-насам са сваімі праблемамі», – кажа Зміцер.

Нашыя героі хочуць стварыць ініцыятыву для сем’яў з дзецьмі з інваліднасцю, каб дапамагчы ім разабрацца ў польскай сістэме аховы здароўя. Як і што рэгістраваць. Як атрымаць неабходныя паперы. Куды звяртацца.

У вашай сям’і ёсць дзіця з інваліднасцю? Вы хочаце ці мусіце з’ехаць з Беларусі? Звяртайцеся да нас за кансультацыяй. Мы скантактуем вас са Змітром.

Антось і Зміцер.
Фота: «Беларус беларусу»

Вялікая радасць, калі ў выніку ўсё атрымліваецца. І, бачыце, сям’я Змітра і Галіны, дачкі Рыгора Кастусёва, падымаецца паціху на ногі. У выніку яны самі гатовыя дапамагаць рэпрэсаваным сем’ям з дзецьмі з інваліднасцю.

І вельмі цешыць, што дабро вяртаецца, беларуская салідарнасць працуе, і ўсё гэта дзякуючы вам, дзякуючы нам з вамі.

Калі б вы хоць нечым маглі дапамагчы нашым героям, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Гэта можна зрабіць з любога пункту свету. Публічна ці ананімна.

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь!

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.