Ціханоўская заменіць Макея


Беларусь – гэта частка «русского мира» ці кандыдат у Еўразвяз? А можа, мы маем магчымасці заставацца нейтральнай, незалежнай дзяржаваю паміж Захадам і Усходам, і карыстацца сваім месцам на Зямлі, не ўваходзячы ў палітычныя саюзы, і жыць заможна і спакойна? Вітаю, спадарства, з вамі Яраслаў Сцешык, на Белсаце праграма «Глабальнае пытанне». Сённяшняя тэма – суседства з Еўразвязам.

Напрыканцы чэрвеня ў Менску ў Міністэрства замежных справаў быў тэрмінова выкліканы прадстаўнік Еўразвязу ў Беларусі Дырк Шубэль. Дыпламата паставілі перад фактам: яго выганяюць у Брусель, а Беларусь прыпыняе дзеянне пагаднення аб рэадмісіі – вяртанні мігрантаў, і ўдзел у праграме «Усходняе партнёрства». Гэта быў адказ на шырокія еўрапейскія санкцыі, уведзеныя за фальсіфікацыю выбараў, брутальныя задушэнні мірных пратэстаў, катаванні палітвязняў і паветранае пірацтва адносна рэйсу Афіны – Вільня.

«Лукашэнка хацеў паказаць, што ён гаспадар і ён кантралюе сітуацыю. І тут прынцып палітыкі «вока за вока». Вы нам санкцыі высунулі, і мы зробім вам горш», – тлумачыць спецдакладчык Еўрапарламенту аб Беларусі Пятрас Аўштравічус.

Але санкцыі за санкцыі ўвесці проста немагчыма – сілы няроўныя. Таму назло маме адмарозілі вушы – прыпынілі ўдзел у праграме «Усходняе партнёрства», ад якога Беларусь мела шмат выгадаў.

«Усходняе партнёрства» было асноўнай рамкай узаемадзеяння між Беларуссю і Еўразвязам», – падкрэслівае аналітык Цэнтру Еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Праграма існуе ўжо 12 гадоў. «Усходняе партнёрства» – гэта спосаб Еўразвязу наладзіць двубаковыя дачыненні з усходнімі суседзямі. Удзельнікі – Арменія, Азербайджан, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна. Запрашалі і Расею, але тая адмовілася.

Гэта не інтэграцыйны праект – Арменія і Азербайджан дагэтуль ваююць між сабой. І не зацягванне новых чальцоў у Еўразвяз – удзел у праграме ніяк не залежыць ад інтэграцыі з той жа Расеяй.

Як ні дзіўна, еўрапейцы выдаюць на «Усходняе партнёрства» мільярды еўраў, каб атрымаць прыбытак – грашовы і ўскосны. Перадусім на продажы еўрапейскіх тавараў і тэхналогіяў. Чым менш бар’ераў, мыта і бюракратыі, тым вышэйшыя абароты.

«Калі мы кажам пра сувязі з краінамі Еўразвязу, гэта сувязь эканомік, абмен, імпартна-экспартныя аперацыі, якія вызначаюцца ў выніку нашай узаемнай супрацы», – тлумачыць Аксана Юрынэць, прафесар Інстытуту эканомікі і менэджменту Нацыянальнага ўніверсітэту «Львівська політехніка».

«Еўразвяз разлічвае пры дапамозе гэтай праграмы атрымаць нейкія палёгкі ў гандлі. Таксама бязвіз выгадны, як краіне «Усходняга партнёрства», так і Еўразвязу. Бо гэта і грошы, і працоўная сіла», – распавядае Настасся Яўмен, беларуская палітычная аглядальніца ў Вільні.

Вось асноўныя прыярытэты праграмы «Усходняе партнёрства»: эканамічнае развіццё і шырокія рынкавыя магчымасці, узмацненне інстытутаў кіравання і прынцыпу вяршэнства права, узмацненне сувязяў (у тым ліку транспартных), энергаэфектыўнасці і экалагічнасці, а таксама мабільнасць і кантакты паміж людзьмі – гэта і спрашчэнне візавага рэжыму.

«Ізалявацца ў глабальным свеце немагчыма, калі гэтая краіна лічыць сябе дэмакратычнай, калі яна заможная і тым больш месціцца ў еўрапейскім рэгіёне», – тлумачыць Настасся Яўмен.

Таму Еўразвяз выбраў актыўнае добрасуседства, і не толькі з намі. Шмат гадоў працуе праграма «Міжземнаморскае партнёрства», для супрацы з краінамі ад Албаніі да Алжыру.

І калі Еўразвяз інвестуе ў магутныя сонечныя электрастанцыі ў Марока ці пастаўляе ў Туніс абсталяванне для аховы ўзбярэжжа, ён робіць гэта дзеля агульнай выгады і бяспекі. Проста каб побач не было войнаў і крызісаў.

Але нам які інтарэс удзельнічаць у еўрапейскіх гешэфтах? Інтарэс немалы – каля ста мільёнаў еўраў на год – і гэта толькі тое, што Еўразвяз і дзяржавы-партнёры Еўразвязу давалі Беларусі без адсоткаў, тлумачыць Андрэй Ягораў:

«Частка гэтай дапамогі – гэта было «Усходняе партнёрства». Акрамя гэтага былі крэдыты міжнародных фінансавых інстытуцыяў. Напрыклад, Еўрапейскага інвестыцыйнага банку».

Вада ў беларускіх гарадах, цеплавыя і электрычныя сеткі, рэканструкцыя дарог, развіццё банкаўскай сістэмы, спрыянне малому і сярэдняму прадпрымальніцтву, рэканструкцыя гістарычных каштоўнасцяў, падтрыманне культуры і навукі – Еўразвяз вылучаў грошы на безліч праектаў. У тым ліку і на ўзмацненне беларускіх межаў і стварэнне міграцыйных цэнтраў для тых, хто мяжу парушае. А яшчэ танныя еўрапейскія крэдыты.

«Толькі Еўрапейскі інвестыцыйны банк з 2014 года ўкладаў у Беларусь каля 500 млн еўраў у розныя праекты, якія пераважна былі звязаныя з беларускай дзяржавай. У прынцыпе, уся гэтая дапамога, 80–90 %, наўпрост ці ўскосна звязаная з цэнтральнымі або мясцовымі ўладамі», – тлумачыць палітолаг.

Пры гэтым «Усходняе партнёрства» – зусім і не інструмент зрынання дыктатараў. У Бруселі доўга трывалі і Лукашэнку, і Ільхама Аліева, спрабуючы заахвоціць іх менш парушаць правы грамадзянаў. Узровень дапамогі залежаў ад жадання дзяржавы супрацоўнічаць, і ад прагрэсу ў дэмакратызацыі.

«Беларусь не надта жадала гэта рабіць, таму была аўтсайдарам у межах «Усходняга партнёрства». Але, тым не менш, атрымоўвала даволі шмат ад «УП». У параўнальным сэнсе гэта было больш, чым ад супрацы з Расейскай Федэрацыяй, калі мы разглядаем такога кшталту праекты дапамогі, тэхнічнай дапамогі для Беларусі, і танныя крэдыты, якія магла атрымліваць Беларусь», – распавядае Ягораў.

Гэта была свядомая палітыка ўладаў Беларусі. «Было сказана: калі сітуацыя зменіцца, Беларусь зможа стаць паўнавартасным чальцом «Усходняга партнёрства». І па-мойму, гэта было правільна. Мы вытрымалі гэтую палітыку, гэтую лінію. Мы не звязалі сябе з рэжымам Лукашэнкі, хоць некаторыя спробы былі нават з боку Еўразвязу. Некаторыя палітыкі казалі, што трэба перайсці ідэалагічную рысу і супрацоўнічаць», – прыгадвае Пятрас Аўштравічус.

Але гэта было б здрадай грамадзянскай супольнасці Беларусі.

«Дыктатура Лукашэнкі не зацікаўленая ў дэмакратыі, у якім-кольвек прагрэсе ў пытанні правоў чалавека і ліберальных каштоўнасцяў», – кажа Карын Карлсбра, віцэ-старшыня дэлегацыі Еўрапарламенту ў сувязях з Беларуссю.

Ад гэтага і Беларусь страчвае шмат магчымасцяў. Лідары ў праграме «Усходняе партнёрства» цяпер Украіна, Малдова і Грузія.

«Там ідуць і рэформы, і дапамога, і макрафінансавая дапамога. І бязвізавы рэжым з Еўразвязам», – нагадвае Пятрас Аўштравічус.

«Іншага фармату ў нас пакуль няма, і ў гэтым фармаце ўзаемадзеяння ў нас вельмі шмат перавагаў. У прыватнасці, скажу як прафесар кафедры замежнаэканамічнай і мытнай дзейнасці. У нас ёсць праграма «Эразмус» – «Усходняе партнёрства» – «Магчымасці для Украіны», праграма адукацыйнага абмену, абмену прафесарамі і студэнтаміі. І моладзь вельмі добра разумее, навошта нам гэта трэба», – распавядае Аксана Юрынэць.

Цяпер, пасля прыпынення ўдзелу ў праграме, прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка абяцае знайсці замену еўрапейскім грошам у азіяцкіх інвестараў.

Але ў Еўразвязе кажуць, што дзеянні рэжыму Лукашэнкі не маюць ніякай сілы. Бо не для яго праграму стваралі, а для беларускага народу.

«Гэта нелегітымнае рашэнне нелегітымнага рэжыму. Разам з тым, я заўважыла, што абраны прэзідэнт Беларусі Святлана Ціханоўская падтрымлівае «Усходняе партнёрства», важную супрацу між Беларуссю і Еўразвязам», – падкрэслівае Карын Карлсбра.

Так што Беларусь працягне ўдзел ва «Усходнім партнёрстве», толькі на саміце ў снежні там больш не будзе Уладзіміра Макея, а будуць прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў.

Доўгі час удзел у еўрапейскіх праграмах быў для ўладаў спосабам дэманстраваць шматвектарную палітыку. Вось мы з усімі сябруем, гатовыя на любыя дыялогі і супрацу, дайце грошай. Але момант ісціны паказаў, якія каштоўнасці для рэжыму Лукашэнкі на першым месцы – абсалютная ўлада любым коштам. Грубыя парушэнні дамоўленасцяў зрабілі беларускі крызіс пагрозаю міжнароднай бяспецы. І наблізілі развязку. З вамі быў Яраслаў Сцешык, да сустрэчы роўна праз тыдзень на Белсаце, абмяркуем Глабальнае пытанне.

Калаж з фота: SPUTNIK / Reuters / Forum; POOL / Reuters / Forum; Pixabay