Фатограф уратаваўся ад смерці ў Бучы і вывез фотавыставу пра беларускую рэвалюцыю


Двойчы ўцякач. Малады таленавіты фатограф Аляксандр Сушчэўскі зазнаў ціск рэжыму. Больш за 20 ператрусаў у яго і ягоных сваякоў. Адміністратыўны арышт і дзве спробы завесці крымінальную справу. Ён мусіў пакінуць Беларусь – і воляю лёсу з’ехаў ва Украіну.

Першая нашая размова з ім адбылася там: у Кіеве і Гастомэлі. Ён марыў сваю выставу «Made in Belarus / Made of Pain» – пра беларускіх актывістаў, пра беларускі боль – прывезці ў Польшчу, паказаць свету. Праект складаецца з пяці частак: «Колер нашага пакалення», «Па той бок», «Судзілішча», «За кратамі» і «Краіна ў выгнанні».

«У гэтым праекце ёсць слова «боль» – і гэта нездарма. Шмат для каго з нас (прынамсі, для чальцоў нашай каманды) гэта, мусіць, слова года. Слова апошніх некалькіх гадоў. У гэтым праекце мы паказваем усю гідоту і ўсё чарноцце гэтай сістэмы», – узрушана расказвае Аляксандр пра стварэнне праекту.

Ва Украіне Аляксандр жыў у студэнцкай камуналцы разам з такімі самымі рэпрэсаванымі маладзёнамі, дзе і ствараў свой фотапраект «Made in Belarus / Made of Pain».

Мінула зусім няшмат часу з нашай першай размовы – і Аляксандр, які жыў у Гастомэлі, апынуўся ў самым пекле бамбаванняў. Мы былі на сувязі – і ўвесь час ён пісаў нам: «Не магу адказаць, бамбяць».

Аляксандр здолеў уратаваць дыскі з фотаздымкамі пад стрэламі, а пасля і самому атрымалася выехаць праз гуманітарны калідор. Праўда, далёка не адразу – давялося правесці 2 тыдні ў Бучы ў прыватным доме.

«Я б не назваў гэта вайной. Гэта генацыд Украіны. Гэтае знішчэнне яе зямлі, усяго таго, чаго яна дасягнула за гэтыя гады», – кажа Аляксандр.

Цяпер Саша марыць толькі пра адно: каб творы ягонай выставы «Made in Belarus / Made of Pain» былі выдрукаваныя, а праца каманды хаця б часткова акупілася.

Дапамагчы Аляксандру ажыццявіць ягоную мару вы можаце з любога пункту свету, публічна ці ананімна. Лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com.

I памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога!

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.