Расейскае войска пад кантролем ФСБ. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Ці Пуцін спіць з ядравай валізкаю і чаму заявы Лукашэнкі больш агрэсіўныя нават чым у гаспадара Крамля? Глядзіце ў праграме. А таксама інтэрв’ю з амбасадарам Францыі ў Беларусі, а расейскі палітычны каментатар Марк Фейгін ацэніць ваенную сітуацыю і закулісныя гульні ў Крамлі.

Чаму Пуцін не запалохваў ворагаў на парадзе Перамогі і чаго баіцца ён сам?

Парад 9 траўня ў Маскве павінен быў стаць эпахальным момантам. Але Пуцін усеагульнай мабілізацыі не аб’явіў, у рыторыцы абмежаваўся стандартнымі штампамі пра «генацыд мірнага народу Данбасу», а як вішанька на торце – нават адмяніў паветраную частку параду, у якой павінен быў удзельнічаць так званы «самалёт суднага дня» – Іл-80, з якога Пуцін можа аддаць каманду аб пачатку ядравай атакі. Чаму крамлёўскі дыктатар вырашыў адступіць ад канонаў запалохвання сваіх апанентаў і чаго баіцца ён сам? Адказ шукаў Зміцер Міцкевіч.

Масква адмовілася ад ідэі захопу ўсёй Украіны. На чым засяродзяцца расейцы? Інтэрв’ю з Маркам Фейгіным

Пры якіх умовах Масква пойдзе на сурʼёзныя перамовы з Кіевам і ці дазволіць Пуцін вывесці з блакады абаронцаў Азоўсталі? Што можа прынесці канфлікт фракцый вакол кіраўніка Расеі за высокімі сценамі Крамля? Як сябе будзе паводзіць крамлёўская ўлада? Інтэрвʼю Сяргей Пелясы з расейскім юрыстам і папулярным палітычным аглядальнікам Маркам Фейгіным.

Абвастрэнне фобіі Лукашэнкі. Чаму ягоныя заявы больш агрэсіўныя, чым Пуціна?

Рыторыка Лукашэнкі больш агрэсіўная, чым нават Пуціна, хаця беларускі дыктатар не адправіў беларускае войска супраць Украіны. Чаму незаконны кіраўнік нашай дзяржавы ў істэрычнай форме, адкрыта пагражае Захаду і заяўляе пра расейскую зброю? Навошта ён выпрошвае ў Пуціна ракетныя комплексы «Іскандэр» і «С-400»? Ці магчымая ядравая атака супраць Літвы з нашай тэрыторыі Беларусі якім будзе адказ? Матэрыял Надзеі Бельскай.

Што Макрон сказаў Лукашэнку пра ўдзел Беларусі ў вайне? Інтэрв’ю з амбасадарам Францыі ў Беларусі

Ці ёсць кантакты паміж афіцыйным Парыжам і рэжымам у Менску? Ці Беларусь знаходзіцца пад расейскай акупацыяй? Што пра гэта думае амбасадар Францыі ў Беларусі? Інтэрв’ю Аліны Коўшык з Нікаля дэ Лякостам.

«Калі яны адчулі, што ім трэба адыходзіць, тады яны сталі жорсткімі». Што вытваралі акупанты ў вёсцы пад Кіевам?

Рэпартаж з сяла Андрэеўка, Бучанскага раёна Кіеўскай вобласці. Гэта адзін з самых разбураных населеных пунктаў Украіны, дзе пасля расейскай акупацыі не засталося практычна ніводнага цэлага дому. Але ўспаміны пра зверствы расейскіх акупантаў і іх знаходжанні тут застануцца надоўга – падкрэсліваюць тыя, каму ўдалося выжыць. Сюжэт Антося Цялежнікава і Святланы Аўчаровай.

Фота: Sergei Savostyanov / TASS / Forum