Беларуска паехала аднаўляць украінскія гарады пасля расейскае акупацыі


Мянчанка Марыя Бабовіч збегла ад турмы Лукашэнкі, але трапіла пад бомбы Пуціна. У Львове яна дапамагла арганізаваць шэлтар для бежанцаў, а потым паехала аднаўляць ачышчаныя ад расейскіх войскаў украінскія гарады.

Марыя Бабовіч – былая палітзняволеная, адна з фігурантак крымінальнай справы за надпіс «Не забудзем» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага. Яе забралі 9 верасня 2020 года і асудзілі на паўтара года «хатняй хіміі» паводле артыкулу 339 КК РБ.

Праваабаронца Ірына Траццякова патлумачыла нам, што дзеянні Марыі – выказванне меркавання аб грамадска-палітычных падзеях, якія адбываюцца ў Беларусі. Гэтыя дзеянні не могуць быць кваліфікаваныя як хуліганства, здзейсненае групай асобаў, як нанясенне шкоды збудаванням, гэта так жа і не ёсць адміністратыўным правапарушэннем. Выказванне меркавання – гэта права, дадзенае грамадзянам РБ, абароненае Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Дзяржаўнай абвінаваўцай у справе Марыі была Аліна Касьянчык.

Hавiны
Ад «хіміі» да 7 гадоў. У якіх справах адзначылася сумнавядомая Аліна Касьянчык
2021.03.31 20:34

Пасля абвяшчэння прысуду з Марыяй звязаўся інспектар, сказаў, што дзяўчына як «палітычная» – у так званым чорным спісе, патлумачыў правілы адбыцця пакарання, згодна з якімі Марыя мусіла прыходзіць адзначацца ў інспектара кожны панядзелак з 10-й да 12-й, а ўвесь астатні час быць у хаце. У выпадку 3 парушэнняў асуджаная асоба накіроўваецца ў папраўчую ўстанову.

«Першае маё парушэнне – я стаяла каля пад’езду, і нашая доблесная міліцыя якраз апынулася ў патрэбным месцы ў патрэбны час. Астатнія два парушэнні былі такога ж роду», – распавядае наша гераіня.

Марыя падумала, што на волі можна зрабіць больш усялякіх цікавых і карысных рэчаў, таму хутка пакінула Беларусь.

Марыя зʼехала ў Кіеў, дзе стала валанцёркай ініцыятывы «Лісты ў клетачку», бо лічыць, што кожны ліст, напісаны за краты, – гэта глыток паветра для палітвязняў.

Мaю прaвa
«Здавалася, што я паміраю». Палітвязень месяц прахварэў у камеры на Акрэсціна
2022.03.25 19:05

Калі расейскія войскі пачалі наступ 24 лютага 2022 года, Марыя эвакуявалася ў Львоў, дзе разам з мясцовымі актывістамі арганізавала шэлтар для ўцекачоў, які працуе і цяпер.

На працягу апошніх 1,5 месяца Марыя дапамагала аднаўляць гарады пасля вызвалення з-пад акупацыі. Такія, як Буча, Гастомэль, Ірпінь.

Дзяўчына не словам, а справай даказвае, што беларусы – разам з украінцамі з першага да апошняга дня вайны, каб свет бачыў адрозненне паміж беларусамі і нелегітымнымі ўладамі Беларусі, якія падтрымліваюць напад Расеі на Украіну.

«Разам мы зможам перамагчы краіну-агрэсара Расею і наш беларускі дыктатарскі рэжым. І я веру, што разам у нас усё атрымаецца, – перакананая Марыя. – Слава Украіне! Жыве Беларусь!»

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 18:10 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.