Пакуль жонка была у СІЗА, мужа выслалі з краіны


Праваабаронца Уладзімір Яворскі разам з 9-гадовым сынам Данілам вымушана з’ехаў ва Украіну ў сярэдзіне красавіка. Здымачная група «Маю права» сустракаецца са спадаром Уладзімірам у Кіеве.

«Мне казалі, што я мушу ўсё распавесці, ва ўсім прызнацца, нават у тым, чаго я не ведаю. Інакш мяне арыштуюць, давязуць да мяжы і дэпартуюць назаўсёды. А дзіця, якое ў той момант знаходзілася ў хаце, забяруць у дзіцячы дом, – распавёў Уладзімір. – У нас фактычна было 30 гадзінаў, каб сабраць рэчы і зляцець».

Жонка Уладзіміра Таццяна Гацура-Яворская – таксама праваабаронца і арганізатарка кінафестывалю «Watch Docs». У сям’і Яворскіх чацвёра дзяцей. У звязку з апошнімі падзеямі Таццяна арганізавала ў Менску цэнтр для рэабілітацыі затрыманых, а пасля зладзіла выставу «Машына дыхае, а я – не».

Мaю прaвa
Калі СК і Нацбанк скралі ў яго грошы ад «BY_help», з’ехаў у Кіеў
2021.04.30 20:05

«Выстава была пра дактароў, якія працавалі ў часе ковіду, – кажа пра дзейнасць сваёй жонкі Уладзімір Яворскі. – Я так разумею, што ўлады ўспрынялі яе як крытыку на свой адрас».

Выстава праіснавала ўсяго пару дзён. Пасля візіту нечаканых наведнікаў з санстанцыі ды Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, яе зачынілі. Таццяну Гацуру-Яворскую і чатырох прадстаўнікоў грамадскага аб’яднання «Звяно» затрымалі.

«Ім «прышылі» адміністратыўную справу за непадпарадкаванне. Але ўсе яны праходзілі ў крымінальнай справе пра арганізацыю, фінансаванне, падтрыманне масавых беспарадкаў».

У офісе арганізацыі «Звяно» ды ўдома ў праваабаронцаў адбыліся ператрусы.

Мaю прaвa
Пенсіянерку падазраюць у тэрарызме
2021.01.22 19:05

Сабака сям’і Яворскіх апынуўся запёртым у памяшканні. У чаканні сваіх гаспадароў ён амаль содні правёў без ежы і выгулу.

«Прадстаўнікі міліцыі казалі, што яны маглі яго застрэліць і хацелі гэта зрабіць, бо сабака на іх кідаўся. Але ён ніколі ў жыцці ні на каго не кінуўся, – распавядае пра свайго хатняга гадаванца спадар Уладзімір. – Гэта такая парода, парода, якая не ўмее брахаць».

Таццяна Гацура-Яворская правяла ў СІЗА нумар адзін 10 дзён.

«Маю жонку вызвалілі 14 красавіка. А 12 красавіка ў нас у кватэры прайшоў другі ператрус, – распавядае У. Яворскі. – Зноўку ўсё перарылі, шукалі, нічога не знайшлі. Тады ўжо мяне забралі на допыт».

Уладзімір Яворскі кажа, што допыт праводзілі прадстаўнікі КДБ і Дэпартаменту фінансавых расследаванняў.

«Некалькі гадзінаў дапытвалі, у выніку мне паведамілі, што я мушу пакінуць Беларусь, забраць дзяцей і з’ехаць да таго моманту, як мая жонка мусіць выйсці».

Старэйшыя дзеці засталіся з маці ў Менску, малодшы Даніла цяпер жыве з бацькам у Кіеве.

«Ва Украіне працягнуць навучанне цяжка, таму мы ўзялі беларускія падручнікі і паспрабуем школьную праграму прайсці самастойна, – кажа спадар Уладзімір, дапамагаючы сыну з заняткамі. – А ўжо з верасня пойдзе ва ўкраінскую школу, трэба за чатыры месяцы вывучыць украінскую мову».

Мaю прaвa
Нагавіцы – рэальная прычына затрымання гарадзенкі Любові Сарлай
2021.03.12 19:05

Алена Чаховіч, праваабаронца з арганізацыі «Нuman constanta» пракаментавала сітуацыю сям’і Яворскіх:

«Я мяркую, што якая б ні была ўжытая мера да Уладзіміра, у любым выпадку было парушэнне заканадаўства. Калі гэта дэпартацыя, то мусіў быць распачаты адміністратыўны працэс. Калі гэта высыланне, то там зусім іншая працэдура. Яго мусілі заранёў папярэдзіць пра пачатак працэдуры высылання, запрасіць на разгляд справы датычна высылання і толькі пасля выправаджваць з краіны або не», – падсумавала праваабаронца Алена Чаховіч.

Мaю прaвa
Ахоўнік СІЗА сказаў: «Ты палітычны, ты тут здохнеш!»
2021.03.19 19:05

Уладзіміра Яворскага, які мае ўкраінскае грамадзянства, выслалі з нашае краіны на 10 гадоў. Цяперашняя мера стрымання для ягонай жонкі Таццяны Гацуры-Яворскай – падпіска аб нявыездзе.

«Яна гатовая ездзіць туды-сюды, але з’яджаць з краіны яна не хоча, яна хоча далей там працаваць, рабіць сваю справу. Гэта прынцыпова. Таму што, калі ўсе з’едуць, краіна не зменіцца», – падсумаваў Уладзімір Яворскі.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • «Ведай свае правы!» – пра змены ў Працоўным кодэксе
  • Як дапамагаюць беларускім уцекачам у Кіеве
  • Пакуль была ўдома, зладзіла пікет у полі

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life»або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.