Чорны лебедзь Беларусі. Як мы станем арэнай вайны


Заявы пра магчымасць выкарыстання Расеяй ядравай зброі ў вайне супраць Украіны наблізілі чалавецтва на адзін крок да апакаліпсісу. Такое развіццё падзеяў можа мець сумныя наступствы і для Беларусі.

У якім выпадку па Беларусі можа быць нанесены ўдар ядравай зброяй? Чаму вайна ва Украіне можа стаць чарговым «чорным лебедзем» для Лукашэнкі? І як будзе выглядаць новая бітва за Данбас? На гэтыя ды іншыя пытанні адказваюць эксперты і госці ток-шоу «План Б».

Наўпрост на тэрыторыі Беларусі баявыя дзеянні не адбываюцца. Аднак на чыгунцы робяцца дыверсіі, і міліцыянты ўжо страляюць па «рэйкавых партызанах». Агулам жа тэрыторыя Беларусі паўстала тылам групоўкі расейскіх войскаў, што наступала на Кіеў. Усё згаданае можна лічыць прыкметамі вайны, лічыць вайсковы эксперт Аляксандр Алесін.

«Пастановаю вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва ўсе абʼекты чыгуначнай інфраструктуры ўзятыя пад ахову не толькі міліцыяй, але і Узброенымі сіламі. Падрыхтаваныя ўмацаванні, скрыні з пяском, акопы выкапаныя. То бок, найбольш важныя абʼекты чыгуначнай інфраструктуры падрыхтаваныя да абароны на выпадак спробы іх узброенага захопу ці разбурэнняў».

Многія аналітыкі даўно разглядаюць магчымасць захопу Расеяй «сувалкаўскага калідору», які мог бы злучыць тэрыторыю Беларусі з Калінінградскай вобласцю. Пры такім сцэнары разглядалася магчымасць нанясення ўдару тактычнай ядравай зброяй па тэрыторыі Беларусі – для спынення наступу расейскага войска. Агулам, сцэнару прыходу поўнамаштабнай вайны на Беларусь таксама нельга адмаўляць, лічыць заснавальнік фонду «BySol» Андрэй Стрыжак.

«Гісторыя апошніх некалькіх гадоў паказала, што «чорныя лебедзі» лётаюць чародамі. Да апошняга вельмі шмат еўрапейскіх і беларускіх палітыкаў думалі, што паўнавартаснай вайны паміж Расеяй і Украінай быць не можа. Таму я дапускаю абсалютна любыя сцэнары. Бо Пуцін цяпер паказвае сваю абсалютную неадэкватнасць як геапалітычнага лідара».

Таксама ў праграме:

  • Здольныя толькі пільнаваць склады. Які баявы патэнцыял мае беларускае войска
  • Надзея толькі на сябе. Чаму не варта спадзявацца, што ўкраінскае войска пасля перамогі над Пуціным зрыне і Лукашэнку
  • Аслабленне Пуціна – гэта наш шанц. Перамога Украіны ў вайне дасць Беларусі магчымасць зрынуць дыктатуру

Глядзіце ток-шоу «План Б» на YouTube-канале «Белсат News», у праграме «Belsat Smart» для тэлевізараў з функцыяй «Smart», на мабільных прыладах з сістэмамі iOS і «Android», a таксама ў эфіры «Белсату».