Скрадзеная «Ева» Суціна вяртаецца


Кіраўнік невялікай дзяржавы ў цэнтры Еўропы вырашыў скрасці карціну Хаіма Суціна «Ева», якая сталася сімвалам адной рэвалюцыі. Ён нават не здагадваўся, да якіх фатальных наступстваў гэта прывядзе. Ці можна крыўдзіць памерлых і катаваць жывых і спадзявацца, што яны не прыйдуць, каб адпомсціць? У чарговай серыі «Лабірынтаў» даведаемся пра «патрыярха», які дапусціў фатальную памылку, хаця спадзяваўся на беспакаранасць.

Да 2012 года ў нашым слаўным цэнтры Еўропы не было ніводнай карціны Хаіма Суціна, аднаго з найбольш яскравых еўрапейскіх мастакоў беларускага паходжання ХХ стагоддзя. Спачатку «Белгазпрамбанк» набыў пейзаж Суціна «Вялікія лугі ў Шартры», а затым ужо і «Еву». Да гэтага дня застаецца загадкай: хто пазіраваў Суціну для гэтага партрэту?

«Цяжка сказаць, хто выяўлены на карціне Суціна «Ева». Евай яе называлі яшчэ пры жыцці Суціна. Мабыць сапраўды, дзяўчыну так звалі. Я магу выказаць меркаванне, што дзяўчына была з нашага краю. Гэтыя вочы, якія адначасова глядзяць і на гледача і на саму сябе… Яна ж глядзіць унутр сябе. У Евы не проста так складзены рукі, яны даюць ёй нейкі незалежны і ганарлівы характар», – расказвае мастацтвазнаўца, дырэктар фонду «Спадчына і час» Юры Абдурахманаў.

Ева стала сімвалам пратэсту супраць таго, што адбываецца ў Беларусі. І, як лічыць Юрый Абдурахманаў, Суцін вельмі здзівіўся б, калі б даведаўся, што не толькі Ева, але любая ягоная праца стала нейкім сімвалам, бо мастак быў далёкі ад палітыкі. Але мы, нашчадкі, можам спадзявацца, што калі «адкульсьці» ён за гэтым назірае, яму мусіць быць прыемна, «што на яго радзіме яго праца стала сімвалам аднаўлення».

«Крыніцаю стылю Суціна было ягонае паходжанне: габрэй, юдэй, ускраіны Еўропы. Гэта была самота – што ў сям’і, што ў новай, чужой, незнаёмай краіне. Гэта, імаверна, нейкія медычныя праблемы, звязаныя не абавязкова з псіхічнымі. Гэта маглі быць праблемы з вачыма, з суставамі. І, канечне, эпоха каласальных еўрапейскіх зменаў», – тлумачыць мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

Падобна, Беларусь у сэрцы Хаіма Суціна засталася краем бясконцага болю, несправядлівасці, паламаных рук і ног, дзе ніколі нічога не зменіцца.

Таксама ў праграме «Лабірынты»:

  • Чыя смерць, пабачаная Хаімам Суціным у дзяцінстве, пакінула адбітак у ягонай памяці на доўгія гады?
  • Чаму Хаім маляваў бычыныя тушы?
  • Чым адметныя пейзажы Суціна?

Belsat.eu