Выпадкова аступіўся? – Памілаваць!


Памілаваць тых, хто выпадкова аступіўся ды трапіў за краты за наркотыкі – загад Аляксандра Лукашэнкі. На яго ж загад у Беларусі ўвялі і звышжорсткае пакаранне паводле артыкулу 328 КК.

Кіраўнік краіны даручыў адказным асобам распрацаваць новыя падыходы ў практыцы пакаранняў за наркотыкі. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч патлумачыў:

«Калі сваякі возьмуць на сябе адказнасць за гэтых людзей, то гэта будзе адзін з крытэраў, паводле якога будзе прымацца індывідуальнае рашэнне аб памілаванні. Калі яны не скарыстаюцца гэтым шанцам і зноў возьмуцца за сваё, то, вядома, адказнасць будзе вельмі суровая».

Аляксандр Лукашэнка загадаў праверыць людзей, якія адбываюць турэмныя тэрміны, бо, магчыма, яны ўжо ўсвядомілі, што аступіліся, і заслугоўваюць умоўна-датэрміновага вызвалення. Кіраўнік хоча, каб праваахоўнікі канцэнтраваліся не на затрыманні дробных распаўсюднікаў, а перакрывалі буйныя каналы пастаўкі наркотыкаў. Цяпер нават дробныя фігуранты наркасправаў у сярэднім атрымліваюць ад 5 да 10 гадоў турмы. Дэдлайн на перагляд практыкі пакаранняў – 1 студзеня 2020 года.

Тэму абмяркоўваем са стваральніцай Руху маці 328 Ларысай Жыгар:

« Ужо ў следчым ізалятары, калі за хлопцам ці дзяўчынай зачыняюцца дзверы, нашым дзецям становіцца зразумела якую памылку яны зрабілі. Дзеці не на столькі вінаватыя, каб атрымоўваць такія вялікія тэрміны, якія ім намалявалі. Мы спадзяемся, што будзе звернута ўвага на непаўнагадовых якія праходзяць па часты 4 артыкулу 328, бо для іх нічога ня зроблена. Тэрміны па 10-15 год – гэта вельмі жорстка».

Віталь Бабін belsat.eu

Фото: Reuters Photographer / Reuters