Кожны верасень тысячы беларускіх бацькоў зноўку абмяркоўваюць добрую адукацыю для сваіх дзяцей. Некаторыя дзеці ўжо з маленства ведаюць па дзве мовы, паказваюць неверагодныя спартовыя вынікі ці могуць на роўных размаўляць з кандыдатамі навук.
Самы вядомы беларускі вундэркінд апошніх гадоў – Цімур Сушко. Ён пайшоў у гімназію ў 5 год. А ва ўзросце 12 год паступіў у медычны ўніверсітэт. Планаваў стаць нейрахірургам. Цімур паказваў высокія вынікі ў плаванні і нават марыў трапіць на Алімпіяду-2020 у Токіа.
«Мы ў гэтым годзе напісалі заяву на адлічэнне з медычнага ўніверсітэту, ён скончыў два курсы. Мы зрабілі выснову, што нельга сумяшчаць вялікую прафесію лекара і плаванне, бо гэта несумяшчальна», – кажа бацька Цімура Васіль Сушко.
Цяпер хлопец вучыцца ў БНТУ на спартова-тэхнічным факультэце. Бацька з сынам усё абмяркоўвалі і рашэнні прымалі супольна.
6-гадовы Лёша Маёраў набівае мяч больш за 12 000 разоў і марыць стаць топавым футбалістам.
«Хачу гуляць за зборную Беларусі. Тата ўключыў тэлевізар, я ўбачыў футбол, і мне спадабалася. Цяпер я гуляю ў ФК «Менск». Заўзею за «Берсэлону». Мой кумір – Мэсі, я яго вельмі люблю», – распавядае Лёша.
Трэнер па футбольным фрыстайле цешыцца з дасягненняў свайго выхаванца.
«Я яшчэ такога таленту не бачыў. У 5 гадоў ён набіваў 300 разоў, а ў 6 набіў 12 тысячаў, амаль 13», – кажа Кірыл Былінскі.
Бацькі падтрымліваюць захапленні сына да таго ж самі маюць непасрэднае дачыненне да спорту. Бацька Лёшы – майстар спорту па боксе і більярдзе, маці займалася балетам, а цяпер працуе як фітнэс-інструктарка. Але свой футбольны талент, хутчэй за ўсё, хлопец атрымаў ад дзеда – знакамітага беларускага футбаліста Аляксандра Кісценя, які ў свой час гуляў за «Дынама» (Менск).
«Асноўная задача бацькоў, каб у Лёшы засталася гэтая мэта, каб засталося жаданне займацца тым, чым ён займаецца, і каб не было ніякіх перагібаў», – лічыць футбаліст Віталь Радзівонаў.
У маленстве Дзіяне Крысінай лекары ставілі сумныя дыягназы датычна запаволенага развіцця.
«Калі дзіця ў 6 гадоў будзе пальцам паказваць на прадметы – радуйцеся!» – папярэджвалі бацькоў.
Нягледзячы на прагнозы дактароў, бацькі займаліся з дзіцём, і ў выніку ва ўзросце трох гадоў дзяўчынка пачала размаўляць, у 4 гады – вывучаць англійскую мову, а ў 6 – кітайскую.
Падобны лёс у 8-гадовага Ромы Ярмольчыка, лекары таксама сказалі, што ў яго будзе затрымка развіцця. Цяпер Рома займаецца ментальнай арыфметыкай ды імгненна складае двухзначныя і трохзначныя лікі.
Дык адкуль жа бяруцца дзеці-вундэркінды? Генетыка ці выхаванне? Найлепшыя эксперты краіны – у прэм’ерным выданні ток-шоу «Кожны з нас» раскрываюць сакрэты пра тое, як выхаваць здольнае дзіця і не перагнуць палкі.
Ток-шоу «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат без палітыкі» і на нашай старонцы.