«Поўны пакет у Нямеччыну каштуе 12 тысяч долараў». Як арганізаваны трафік з Курдыстану ў Еўразвяз


Трафікер мігрантаў з Курдыстану даў эксклюзіўнае інтэрв’ю «Белсату». Размова з Сяргеем Падсасонным выйшла ў праграме «Тыдзень» на нашым тэлеканале.

Суразмоўца «Белсату» абяцае новы маршрут, па якім мігранты будуць трапляць у Еўропу.

– Апішыце шлях з Курдыстану праз Беларусь у Еўропу.

– Спачатку кліенты прыходзяць з копіяй пашпарту. З адным фотаздымкам. Я раблю турыстычнае запрашэнне для іх з Беларусі. Праз дзесяць – пятнаццаць дзён паперы прыходзяць. Тады пачынаецца працэс, каб зарэзерваваць пералёт, страхоўку, тэст на каронавірус, каардынуем злучэнні паміж беларускімі авіялініямі і «Flydubai». Пасля ўсяго гэтага яны едуць у Дубай. А з Дубаю – у Беларусь. Іх сустракаў юрыст, каб спраўдзіць, ці ўсё правільна. І забіраў іх у гатэль. Гатэль быў зарэзерваваны на 8 дзён. Гэта займала каля трох-пяці дзён. Затым мы планавалі дарогу. Плацілі за яе. Мы каардынавалі дзеянні з сілавікамі з Беларусі, людзей забіралі ў аўта на мяжу з Польшчай ці Літвой, а тады ў Нямеччыну. Гэта крок па кроку ў Нямеччыну. Займала 20–25 дзён, каб дабрацца да Нямеччыны.

– Ці вы супрацоўнічалі з нейкімі беларускімі арганізацыямі, людзьмі ў Беларусі, з беларускімі ўладамі, магчыма?

– Сілавікамі? Так, мы супрацоўнічалі, мы куплялі маршрут. Сілавікоў на пунктах кантролю. І таксама мелі чалавека, які размаўляў на вашай мове, ён быў перакладчыкам для мігрантаў. І ён дапамагаў арганізоўваць маршрут.

– Міліцыя ці вайскоўцы?

– Людзі на прапускных пунктах.

– А можна больш дэталяў пра гэтых беларусаў? Яны былі на памежных пунктах кантролю – ці дзе?

– Мы куплялі людзей пры кантролі. Вы ведаеце, што на шляху ёсць кантроль. Напрыклад, казалі выходзіць з аўта. Тады чалавек, які ведаў мову, выходзіў і плаціў, каб іх прапускалі. Мы кажам: даць яму бакшыш. І яны тады дазвалялі сесці ізноў у аўта і ехаць.

– Ці вы дасылалі нейкія пашпартныя дадзеныя ў Беларусь, да каго?

– Пашпарты ішлі праз амбасаду, унутры аэрапорту таксама ёсць консульства. Калі чалавек спраўджваў і прымаў іх, мы прасілі турыстычную візу. Час побыту паводле запрашэння быў пятнаццаць дзён, яго можна было яшчэ працягнуць. І яны разумелі, што гэтыя людзі едуць у Нямеччыну. І прымалі дакументы кожнага.

ВІДЭА
Дарадца па правах чалавеку з Курдыстану: «Людзі на беларуска-польскай мяжы – двойчы ахвяры»
2021.12.09 22:05

– Як шмат грошай ты браў з аднаго чалавека?

– За чалавека з Эрбілю… Поўны пакет для аднаго чалавека ў Нямеччыну каштуе дванаццаць тысяч долараў.

– 12 тысяч за аднаго чалавека? Гэтыя грошы дзяліліся паміж табой ды іншымі. Якая доля была твая – а якая для астатніх?

– Толькі мае грошы – каля трох тысяч долараў.

– Што з рэштаю?

– Яна была для чалавека з Беларусі, юрыста і вялікай рыбы. Самая вялікая частка працы клалася на мае плечы. Я займаўся ўсім працэсам, каб усё рухалася, працы было шмат. Юрыст браў дзве – дзве з паловаю тысячы. Яшчэ мы плацілі грошы за дарогу. Для чалавека там, на месцы.

– Як шмат вы плацілі людзям у Беларусі?

– Яны бралі за падарожжа, не за кожную асобу ў аўце. Паўтары тысячы за кожнае падарожжа. Яны не бралі за кліента, толькі за групу ў аўце. Яны забіралі грошы, паўтары тысячы, і ўсё.

– Як вы пералічвалі грошы для людзей у Беларусі?

– Большасць нашых кліентаў маюць кагось у Нямеччыне, а таксама існуюць страхавыя офісы, дзе можна пакінуць грошы для выплатаў на просьбу. Мы маем чалавека ў Беларусі, ён курд. Гэта важная асоба паміж намі. Калі нехта завяршаў падарожжа, дасягаў Нямеччыны, наш важны чалавек з Беларусі плаціў беларускім праваднікам паўтары тысячы долараў. Ён не ўдзельнічаў у нашай працы, а толькі плаціў па факце. Калі аўта дасягала Нямеччыны, праца завяршалася.

Hавiны
«План Б – шукаць іншы шлях у Еўразвяз». Што далей будзе з мігрантамі ў Брузгах?
2021.11.26 13:37

– Праз інтэрнэт?

– Не, не. Наш вялікі чалавек – у Беларусі, ён мае там жытло, але сам курд. Так-так, ён жыве ў Беларусі, мае дом, машыну, усё нармальнае жыццё.

– Колькі ты плаціў гэтаму чалавеку?

– Колькі? Кожнае падарожжа каштавала дванаццаць тысяч. Застаецца дзевяць тысяч без маіх грошай. Не забывайцеся пра сілавікоў, якім трэба плаціць. Ён браў тры з паловаю – чатыры тысячы.

– Ты ведаеш імя гэтага чалавека?

– Так, але мяне заб’юць, калі я скажу.

– Не можаш сказаць?

– Мяне забʼюць.

– Мы чулі шмат гісторыяў, што праваднікі падманвалі, людзі не дасягалі мэты, але страчвалі свае грошы. Што ты рабіў у такім выпадку?

– Гэта праўда. Нехта дрэнны быў, калісь яны пераправілі тысячу дзевяцьсот у аэрапорт. Гэта памылка не правадніка, але агенцтваў. Нехта ў Дубаі, нехта ў Турцыі, нехта ў Іярданіі, нехта ў Ліване. Яны дапамагалі выдаваць фальшывыя візы. І тут у аэрапорце не было як спраўдзіць, сапраўдныя яны ці не, не ведалі гэтага і ў аэрапорце Дубаю. Калі хто далятаў да Менску, у аэрапорце выяўлялася, што віза фальшывая. Тады пыталі: як ты прыехаў? У гэты момант пачынаўся гандаль праваднікоў, якія прапаноўвалі свае паслугі ў Менску. Прапаноўвалі забраць з лётнішча, але ты мусіш заплаціць. Так, ёсць добрыя і дрэнныя праваднікі. Не ўсе пальцы рукі аднолькавыя.

Hавiны
«Цкавалі сабакамі, пагражалі і вельмі моцна збівалі». Былыя мігранты апавядаюць пра дзеянні беларускіх сілавікоў
2021.12.07 16:34

– Як шмат людзей ты пераправіў у Беларусь?

– Шмат. Вялікая лічба. Я не ўпэўнены, колькі.

– Але гэта сотні, тысяча?

– Не, не, я не дасягнуў тысячы. Беларускі маршрут – новы маршрут. Яму толькі 8 месяцаў, усё пачалося ў красавіку, не так даўно.

– Ты вялікі ўдзельнік ці толькі маленечкі ў гэтай вялікай сістэме?

– Я жыву з гэтага. Гэта семдзесят адсоткаў маіх даходаў, з гэтакіх пераправаў. Павер мне, цяжкая праца тут, не ў Беларусі.

– Яшчэ крыху пра важнага чалавека ў Беларусі. На тваю думку, ён працуе з дазволу беларускіх уладаў – ці працуе разам з імі, з беларускімі сілавікамі?

– Дазволь табе сказаць нешта, браце. Сёння, калі ты купіў сілавікоў, ты купіў усю краіну.

– Гэта дамова паміж сілавікамі, спецслужбамі і ўладамі?

– Так, вядома, сто адсоткаў.

– Яны гэта арганізавалі?

– На маю думку, гэтыя людзі цяпер на мяжы паміж Польшчай і Беларуссю. І калі яны хацелі б развязаць гэты крызіс, то ён развязаўся б за хвіліну. Прах хвіліну вярнулі б усіх назад. Гэта палітычная гульня. Тыя ціснуць на гэтых. І ўсе бʼюць звычайных людзей па галаве. Кожны пільнуе свае інтарэсы. Праблема паміж двума ўрадамі. Калі б яны хацелі, маглі б выправіць сітуацыю цяпер.

– Як усё пачалося: хто табе сказаў, што праз Беларусь магчымы шлях?

– Наш чалавек, ён цяпер у Беларусі, быў Турцыі. Калі шлях праз Турцыю закрыўся, а ўлады змясцілі ягонае імя ў чырвоны спіс, ён прыехаў у Эрбіль. Сказаў мне, што адкрые бізнес у Беларусі – маўляў, калі туды дабяруся, наладжу справу, дасылай мне кліентаў.

– Ці гэты маршрут спыніўся?

– Цяпер? Так, шлях праз Беларусь закрыўся.

– Які будзе наступны?

– Мы чакаем сакавіка. Шлях ніколі не спыніцца. А з сакавіка пачнецца шлях паміж Расеяй і Украінай.

– Ён адкрыецца?

– Так, так, некаторыя офісы тут выдаюць візы ў Расею, паляцяць у аэрапорт у Маскву, а потым паедуць ва Украіну, людзі нармальна едуць.

Шчыра кажучы
«Памірайце там і не вяртайцеся». Як беларускія сілавікі катуюць мігрантаў
2021.12.01 15:41

Чытайце таксама:

belsat.eu