Сілавы сцэнар перамог сярод беларусаў?


Палітолаг Анатоль Котаў лічыць, што менскі рэжым немагчыма зрынуць мірным шляхам. Сябра Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова ўпэўнена, што перадумоў для сілавога сцэнару ў Беларусі няма. Хто з іх мае рацыю?

У новым выданні праграмы «Двубой» з вядоўцам Віталём Цыганковым эксперты шукаюць адказ на пытанне: «Мірны пратэст альбо сілавы варыянт»?

Госці праграмы – палітолаг, былы супрацоўнік адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Анатоль Котаў і сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, сябра Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова.

Анатоль Котаў лічыць, што менскі рэжым немагчыма зрынуць мірным шляхам, і 2020 год гэта даказаў. Вольга Кавалькова ўпэўнена, што магчымасці мірнага пратэсту да канца не вычарпаныя, у Беларусі няма перадумоваў для сілавога варыянту, да таго ж ён можа прывесці толькі да трагічных вынікаў.

Аднак згодна апошнім сацыялагічным даследаванням, у 2022 годзе за сілавы сцэнар выступаюць 88% беларусаў, зацятых праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі. У 2020 годзе іх было ўсяго 4,5%, а 75% выступалі за мірны пратэст. Палітолаг Андрэй Ягораў тлумачыць, у чым была праблема магчымасцяў для сілавога сцэнару ў 2020 годзе: «Палітычныя лідары тады яны не былі падрыхтаваныя да аніякага сцэнару развіцця падзеяў. Увесь разлік ішоў да 9 жніўня, да дня выбараў і не было выразнага разумення: а што пасля?»

«Я лічу, што калі мы жывем у ХХІ стагоддзі і людзі мы дарослыя, то ў нас ёсць магчымасці дамаўляцца.У нас ёсць магчымасці праз камунікацыю вырашаць усе свае пытанні. І я пераканана ў тым, што за гэтым варыянтам любых зменаў будучыня. Таму што іншыя сцэнары – яны ўсе прыводзяць да гібелі людзей. Мы бачым тое, што ўвогуле адбываецца ва ўсім свеце, не толькі ў Беларусі, якая сітуацыя звонку. І я лічу, што падмурка для сілавога сцэнару ў Беларусі няма… У Беларусі ніколі не было ніякіх арганізацый, якія б маглі ўвогуле ўзяць на сябе такую ролю і адказнасць у Беларусі, выхаваць увогуле гэта ў Беларусах. І для мяне беларусы – яны не тое, што будуць цярпець, але яны больш медыятары. Нашая гістарычная роля ў рэгіёне – яна такая, што мы заўсёды ўсіх аб’ядноўвалі», – выказвае сваё стаўленне Вольга Кавалькова.

Анатоль Котаў прытрымліваецца супрацьлеглай пазіцыі і лічыць, што з рэжымам Лукашэнкі пасля падзеяў 2020 года дамовіцца больш немагчыма, бо любыя перамовы ён будзе ўспрымаць як пагрозу сваёй улады, якую намагаецца захаваць любым коштам.

«Мірны пратэст у гэтай сітуацыі – ён фактычна немагчымы. Калі мы паглядзім і прымем той тэзіс, які гучаў у мінулай праграме ў Віталя, што Беларусь – акупаваная тэрыторыя, то з-пад акупацыі таксама кветачкамі не вызваляюць. Відавочна, паглядзіце на тое, што адбывалася зараз ва Украіне, Херсон, калі адбываліся пасля акупацыі нейкія мірныя акцыі, але вызвалілі Херсон толькі Збройныя сілы Украіны. І ніякага іншага сцэнару там не магло быць. Беларусь, калі прызнаць, што яна знаходзіцца пад акупацыяй, калі прызнаць увесь той досвед, які мы прайшлі праз два гады, паказвае, што сцэнару няма. Улада будзе трымацца, рэжым будзе трымацца да апошняга, пакуль не пабачыць сілу, якая яму зможа супрацьстаяць», – тлумачыць Анатоль Котаў.

Для Беларусі цяпер актуальны прыклад Херсону і поспеху ЗСУ? Колькі беларусаў выехалі за мяжу і ці гатовыя яны далучыцца да сілавога супраціву рэжыму Лукашэнкі? Ці ўвогуле магчыма яшчэ дамовіцца з уладамі ў Беларусі, каб мірным шляхам вырашыць палітычны крызіс? Чаму мы не перамаглі ў 2020 годзе і няўжо Беларусь чакае грамадзянская вайна? Які з варыянтаў сілавога сцэнару магчымы ў Беларусі і ці прывядзе ён да ўлады хунту? Якое месца ў гэтым займае полк Кастуся Каліноўскага і чаму кожны беларус павінен дапамагаць беларускім добраахвотнікам ва Украіне? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні шукайце ў новым выданні праграмы «Двубой».

Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube

Калаж з фота: Белсат; полк Каліноўскага / Youtube