Дапамагла сумленным настаўнікам, якіх рэпрэсаваў рэжым


Пасля выбараў 2020 года беларуская спявачка і акторка, лідарка гурта «Naka» Наста Шпакоўская звольнілася з Тэатру імя Максіма Горкага на знак пратэсту супраць гвалту і беззаконня ў нашай краіне. Яна была вымушаная пераехаць у Кіеў пасля пагрозаў з боку невядомых і шантаж дзецьмі. Ва Украіне Наста стварыла беларускую онлайн-школу, каб дапамагчы беларускім дзецям у эміграцыі ды рэпрэсаваным настаўнікам. Цяпер яна марыць, каб школа працягнула сваё існаванне і спадзяецца знайсці фінансавую падтрымку праекту.

Наста разрываецца паміж сям’ёй, прафесійнаю дзейнасцю і грамадскай актыўнасцю. Але яе найвялікшае жаданне – захаваць беларускую школу ва Украіне. У любым фармаце. Таму яна шукае спонсараў і людзей, якія падтрымаюць гэты важны, значны для Беларусі праект.

«Вымушаная была сысці з тэатру. Бо зразумела пасля жнівеньскіх падзеяў, што не змагу далей працягваць працаваць у дзяржаўнай установе. Нават, бачыш, слёзы коцяцца. Калі дзяржава аддае такія загады супраць свайго народу, як там можна працаваць далей… У маёй галаве гэта былі несумяшчальныя рэчы.

Тэатральнае жыццё змянілася, у корані. Я нават не спрабавала ўладкавацца ў нейкі тэатр у Кіеве. Па-першае… Ёсць надзея, што мы хутка вернемся дадому. А па-другое, проста цяпер складана ўявіць сабе, як можна граць у спектаклях, якія ніяк не будуць датычыць падзеяў у Беларусі. Таму ўсе тыя тэатральныя прапановы, якія былі ў мяне ў Кіеве, – ад беларускіх рэжысёраў. І адлюстраваныя ў гэтых спектаклях былі беларускія падзеі. Калі разглядаць мой шлях увогуле… І ў дваццатым годзе, і ў дзясятым годзе, і гурт «Naka», які быў у чорных спісах… Я была і ў ініцыятыўнай групе Бабарыкі, і наагул супрацоўнічала са штабам. Мы пісалі шмат песень. Рабілі відэаролікі. Відэазвароты былі. Культпратэструх. Шмат чаго было, за што можна было мяне…

Hавiны
«Дзе вы вучыліся быць нягоднікамі»? Беларускія музыкі запісалі песню – пытанне да беларускіх уладаў. ВІДЭА
2020.07.07 23:33

Калі казаць пра тое, што было апошнім момантам… Калі мы вырашылі, што трэба з’язджаць. Гэта былі ўжо тэлефанаванні ад невядомых людзей, якія цікавіліся, дзе мае дзеці. З называннем іхных прозвішчаў, імёнаў, імёнаў па бацьку, нават датаў нараджэння. Апошнімі пытаннямі ў гэтых званках было, ці ўпэўнена я ў бяспецы маіх дзяцей. І потым знянацку нашая размова прыпынялася…» – згадвае гераіня.

Наста са дзецьмі.
Фота: «Беларус беларусу»

«І самае галоўнае, што мяне падштурхнула да стварэння сваёй школы, – гэта тое, што няма, са зразумелых прычынаў, ні беларускай мовы, ні беларускай літаратуры, ні гісторыі Беларусі. Гэта асноўнае, што падштурхнула. І потым, каранцінныя ўсялякія захады. Гэта локдаўны, якія адбываліся адзін за адным. І я зразумела, што трэба рабіць беларускую школу ва Украіне. Зразумела, што трэба яе рабіць у онлайн-фармаце, каб дзеці маглі навучацца, не зважаючы на ўсе каранцінныя захады. Атрымалася так, што мы знайшлі прыватную ўкраінскую школу, адну з наймацнейшых ва Украіне, якая нашым дзецям дае атэстацыю дзяржаўнага ўзору. То бок гэта не проста нейкія курсы дадатковыя. Гэта паўнавартасная школа. І да гэтай украінскай прыватнай школы мы дадалі ўвесь спектр беларускіх прадметаў», – дзеліцца Наста.

У школе 13 чалавек, большасць з якіх застаецца ў Беларусі. Гэта тыя людзі, якія ахвяравалі сваёй грамадзянскай пазіцыяй і праз гэта страцілі працу. Ёсць настаўнікі, якія цяпер пад прысудам і на «хіміі». Тыя людзі, у якіх адзіная магчымасць зарабіць сабе на жыццё, – гэта Беларуская школа ва Украіне. Вялікая колькасць вучняў вучацца бясплатна ў школе, бо гэта дзеці з сем’яў, чые бацькі былі рэпрэсаваныя. Пакуль школа не выходзіць нават у нуль. Таму ўся надзея на неабыякавых людзей.

«Калі гаварыць пра мары, што датычаць школы, – разумееш, колькі мы ўжо ўклалі ў яе сілы, душы ды сэрца… Канечне, вельмі хацелася б, каб мы працавалі далей. Асабліва тады, калі разумееш, як гэта трэба дзецям. Калі да цябе звяртаюцца з падзякаю бацькі. Калі да цябе тэлефануюць і вельмі просяць, каб залічылі новага нейкага вучня. Ты разумееш, што нашая справа вельмі патрэбная. І, вядома, гэта нават ужо не пра мары, а пра тое, я лічу, што нам трэба зрабіць усё ад нас залежнае, каб нашая школа існавала. І ўвесь гэты адукацыйны працэс працягваўся.

Наста ў школе «Midgard».
Фота: «Беларус беларусу»

Цяпер такі час, калі трэба зразумець кожнаму беларусу, які хоча перамогі, што шмат чаго залежыць менавіта ад кожнага з нас. Ад таго, як мы здольныя падтрымліваць адно аднаго. І гэта датычыць вельмі розных галінаў нашага жыцця. Але ж я як стваральніца менавіта першай беларускай онлайн-школы ва Украіне хацела б, каб знайшліся тыя неабыякавыя людзі, якія падтрымалі б нас у нашай такой складанай, але вельмі важнай справе», – дзеліцца артыстка.

Калі вы хочаце падтрымаць Насту Шпакоўскую і беларускую школу, захаваць месца сілы, адукацыі адраджэння для беларускіх дзяцей у эміграцыі ды рэпрэсаваных настаўнікаў, то лістуйце нам. Падтрымаць нашых герояў можна з любога пункту свету, публічна ці ананімна: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашай суполкі ў Facebook.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.