Як начальнік ізалятару прымушаў спыніць галадоўку


На знак пратэсту і нязгоды з рэжымам 54-гадовы Ігар Краўчанка абвясціў галадоўку і не еў усе 28 дзён арышту. Які далейшы лёс мужчыны, даведаемся ў праграме «Беларускі свет».

Ігар Краўчанка супрацоўнічаў з Міжнародным камітэтам расследавання катаванняў у Беларусі. Упершыню быў затрыманы 9 жніўня 2020 года, адбываў 10-дзённы арышт. У студзені 2021-га яго зноў затрымалі.

«Адразу пасля суда мяне перавезлі ў РАУС. Прыйшлі супрацоўнікі КДБ, дапытвалі да позняй ночы. Калі прывезлі мяне ў ІЧУ, я адразу напісаў заяву, што абвяшчаю галадаванне. (…). На наступны дзень мяне вывезлі ў ІЧУ Буда-Кашалёва, малы ІЧУ, там у камерах нават няма туалета, вядро замест туалета, у камерах няма вады», – узгадвае Ігар Краўчанка.

Першыя восем дзён арышту Ігар сядзеў у камеры адзін, потым да яго пачалі падсяляць алкаголікаў.

«Начальнік ІЧУ ўгаворваў, што калі я не маю грошай, то магу есці, і за гэта не буду плаціць. Потым праз некаторы час мне казалі: «Давай ты будзеш есці, але пра гэта ніхто не даведаецца. Мы нікому не скажам. У апошні тыдзень, гэта было больш за 20 дзён галадавання, ад мяне адчапіліся, бо зразумелі, што калі столькі пратрымаўся, то бессэнсоўна далей. Першыя 13 содняў я быў на адной вадзе. (…) Далей – гарбата і цукар».

З красавіка Ігар Краўчанка тры месяцы вымушаны быў хавацца ў Беларусі, пазней пры дапамозе сяброў і аднадумцаў праз лясы і балаты мужчыну вывезлі ва Украіну.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Трэнер адмовіўся ўтрымліваць рэжым за свае падаткі і пераехаў у Польшчу;
  • Скрыпачку, якая ў антракце звярнулася да публікі з асуджэннем гвалту, звольнілі адусюль

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» ў аўторкі а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu