Трагедыя, якая зламала сусветны парадак і дапамагла Лукашэнку


21 год таму адбыўся найбуйнейшы ў свеце тэрарыстычны акт. Міжнародная ісламісцкая тэрарыстычная арганізацыя «Аль-Каіда» атакавала Злучаныя Штаты і ў выніку выклікала глабальную «Вайну супраць тэрарызму». І сёння мы прыгадаем трагедыю, якая ўмомант зламала парадак у свеце.

Гэтая карціна назаўжды засталася ў памяці мільярдаў тэлегледачоў і тысячаў жывых сведкаў. Гарыць хмарачос Сусветнага гандлёвага цэнтру. Затым – на вачах усяго свету – у суседні будынак уразаецца самалёт – на вачах усяго чалавецтва. 11 верасня 2001 года на Амерыку напалі тэрарысты з групоўкі «Аль-Каіда».

«Сёння сама свабода трапіла пад атаку бязлікіх баязліўцаў. І свабода будзе абароненая», – звярнуўся да нацыі 43-і прэзідэнт ЗША Джордж Буш – малодшы ў дзень тэракту.

У гэты дзень загінулі амаль 3 тысячы чалавек. Амерыканцы і замежнікі, бізнесоўцы і пажарнікі, паліцыянты і вайскоўцы.

Тэракт 11 верасня 2001 года – гэта некалькі скаардынаваных тэрактаў. 19 выканаўцаў, падзеленыя на групы, з дапамогай халоднай зброі захапілі чатыры пасажырскія авіялайнеры. Два самалёты, адзін за другім, тэрарысты скіравалі ў вежы-блізняты Сусветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку, дзе разбурылі самі хмарачосы і ўвесь комплекс будынкаў. Для тэрарыстаў фінансавы квартал Мангэтану быў мішэнню – як сімвал заможнасці Злучаных Штатаў.

Адзін самалёт быў скіраваны ў Пэнтагон – штаб-кватэру Міністэрства абароны ЗША ў штаце Вірджынія. Мегабудынак быў моцна пашкоджаны, была разбураная частка пабудовы, дзе размяшчалася камандаванне вайскова-марскіх сілаў. Удар у самае сэрца амерыканскага войска.

Яшчэ адзін самалёт ляцеў на Вашынгтон, каб атакаваць Капітолій, будынак Кангрэсу, або Белы дом – афіцыйную рэзідэнцыю амерыканскага прэзідэнта. Але авіялайнер упаў у поле ў штаце Пенсільванія.

Амерыканцы за адзін дзень надоўга страцілі адчуванне бяспекі і ў жывым эфіры пабачылі рэальную смерць.

«Натуральна, для гэтых людзей тое было не толькі трагедыяй для краіны, але сталася ўласнаю псіхалагічнаю траўмай», – распавядае прафесар Атлантычнага ўніверсітэту Флорыды.

Амерыканцы і ўвесь свет пабачылі, што наймацнейшай і найбагацейшай дзяржаве можа смяротна пагражаць групоўка рэлігійных фанатыкаў. Групоўка «Аль-Каіда» пад кіраўніцтвам Усамы бін Ладэна хацела пабудаваць Вялікі ісламскі Халіфат і абвесціла ЗША ворагам нумар адзін за прасоўванне дэмакратыі ды правоў чалавека, падтрыманне Ізраілю і некаторых свецкіх рэжымаў на Блізкім Усходзе.

«Менавіта на ЗША, як меркавалася, базаваўся новы сусветны парадак, які моцна адрозніваўся ад ісламісцкага парадку дня», – тлумачыць дырэктар Інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Злучаныя Штаты разам з саюзнікамі распачалі шэраг ваенных аперацыяў.

«Гэта першы раз у гісторыі, калі быў задзеяны артыкул № 5 Вашынгтонскай дамовы пра калектыўную бяспеку. І ў гэты момант усе дзяржавы NATO атрымалі новага апанента, займелі новы сэнс існавання блоку. Адпаведна, гэта стала пачаткам новай геапалітыкі – барацьбы з тэрарызмам», – падкрэслівае Аляксандр Краеў з Рады замежнай палітыкі «Украінская прызма».

У Афганістане саюзнікі зрынулі ісламісцкі ўрад руху «Талібан«, які прытуліў у сябе «Аль-Каіду». А ў Іраку – дыктатуру Садама Хусэйна, які меў сувязі з рознымі тэрарыстычнымі групоўкамі і раней труціў курдаў хімічнай зброяй цэлымі паселішчамі.

Але ў пабудове мірнага жыцця ў Афганістане ды Іраку Вашынгтон зрабіў шэраг памылак і паспяшаўся, тлумачаць адмыслоўцы.

«Не былі ўлічаныя этнічныя асаблівасці, рэлігійныя, нават племянныя ў некаторых галінах. Памылка была ў тым, што не было адаптацыі», – пералічвае Аляксандр Краеў.

«Злучаныя Штаты меркавалі, што дастаткова даць людзям магчымасць выбару дэмакратыі, і гэтая дэмакратыя зробіцца рэальнасцю. Як аказалася, усё нашмат больш складана», – тлумачыць Андрэй Казакевіч.

Не варта думаць, што гэтыя глабальныя падзеі абмінулі Беларусь. 9 верасня 2001 года ў нас прайшлі прэзідэнцкія выбары – і Аляксандр Лукашэнка з дапамогаю Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай афіцыйна набраў 75 % галасоў. А праз два дні выбухнуў тэракт у ЗША, і пра Беларусь усе забыліся. А Расея ў глабальнай вайне супраць тэрарызму была саюзнікам Амерыкі, што дапамагло Уладзіміру Пуціну часткова апраўдаць ваенныя злачынствы ў Чачэніі ды змякчыла эфект ад уварвання ў Грузію ў 2008-м.

Ваенныя аперацыі NATO мелі яшчэ адзін пабочны палітычны эфект.

«Для ўсемагчымых папулістаў, дыктатараў, аўтакратаў, скрайне правых і скрайне левых у роўнай ступені дзеянні Злучаных Штатаў і саюзнікаў супраць тэрарызму, асабліва ў Іраку і Афганістане, якія пацягнула за сабой вайна супраць тэрору, – яны сталі для іх апраўданнем іхнага існавання», – нагадвае Аляксандр Краеў.

Славянафілы, камуністы і радыкальна правыя атрымалі дадатковую аргументацыю: глядзіце, што амерыканцы робяць у Іраку і Афганістане?!

«Адпаведна, ідэалогіі такіх, прабачце, ідыётаў, як ДугінПраханаў і ўсе іншыя, зноў атрымалі рэвіталізацыю, асабліва ў расейскім грамадстве», – распавядае ўкраінскі эксперт.

У амерыканскім грамадстве тэракт 11 верасня выклікаў хвалю патрыятызму.

«Людзі пачалі часцей хадзіць у царкву адразу пасля здарэння. Пачалі пераглядаць свае сямейныя каштоўнасці. І такі цікавы факт, што нават пачалі часцей вывешваць амерыканскі сцяг», – нагадвае Паліна Прысмакова.

20 гадоў таму ў ЗША адбылася найбуйнейшая рэарганізацыя органаў улады – прынялі Акт нацыянальнай бяспекі, які стварыў Дэпартамент унутранай бяспекі (Homeland Security), каб спецслужбы больш не заміналі адна адной. Бо цэлы шэраг урадавых расследаванняў прыйшоў да высновы: калі б не было нездаровай канкурэнцыі між CIA i Федэральным бюро расследаванняў, тэракт можна было б перадухіліць.

«Пасля гэтай падзеі дзяржаўны апарат быў змушаны перагледзець сітуацыю і пашукаць шляхі развязання, бо на гэта звярнула ўвагу не толькі ўся нацыя, але і вонкавыя актары. Вынікам было стварэнне новага міністэрства – Міністэрства нацыянальнай бяспекі», – распавядае прафесар.

У 2011 годзе Усама бін Ладэн быў зліквідаваны ў сваім сховішчы ў суседнім Пакістане. Яго застрэліў амерыканскі спецназ.

«Нашая вайна – не супраць ісламу, бо бін Ладэн ніколі не быў мусульманскім лідарам. Ён быў серыйным забойцам, у тым ліку і мусульманаў», – звярнуўся тады да суайчыннікаў 44-ы прэзідэнт ЗША Барак Абама.

Каб тэракт не паўтарыўся, па ўсім свеце прайшла рэформа бяспечнасці авіялініяў.

«Мы не чуем у такой колькасці пра тэрарызм у ЗША, як у Еўропе за апошнія 20 гадоў. То можна падсумаваць, сказаўшы, што мэта стварэння гэтай «Homeland Security» – Міністэрства нацыянальнай бяспекі – дасягнутая ў тым сэнсе, што тэрарызм больш не ёсць галоўнаю праблемаю цяпер. Але гэта не значыць, што над ёю не працуюць. Я думаю, мы пра гэта не чуем акурат таму, што над гэтым працуюць», – мяркуе Паліна Прысмакова.

«Аль-Каіда» фактычна разбітая, «Ісламская дзяржава» больш не валодае вялізнымі тэрыторыямі і бюджэтамі ў Іраку.

«Калі міжнародны тэрарызм не пераможаны да канца, то як мінімум ён загнаны ў пэўныя сектары, дзе яго спрабуюць кантраляваць», – мяркуе Аляксандр Краеў.

Намесніка бін Ладэна, які працягнуў ягоную справу, знішчылі толькі гэтым летам.

«Шаноўныя суайчыннікі, у гэтую суботу, паводле майго загаду Злучаныя Штаты паспяхова здзейснілі авіяўдар у Кабуле ў Афганістане і знішчылі эміра «Аль-Каіды» Аймана аз-ЗаўахірыЗаўахіры ўвесь час быў чалавекам нумар два ў «Аль-Каідзе» падчас атакі 11 верасня ды актыўна браў удзел у планаванні тэракту», – звярнуўся да амерыканцаў 46-ы прэзідэнт ЗША Джоўзэф Байдэн.

«Талібан» хоць і вярнуўся да ўлады ў Афганістане, цяпер засяроджаны на ўнутранай палітыцы, а не на джыхадзе. А ў Злучаных Штатах рыхтуюцца абараняцца ад тэрарызму новага тыпу – кібертэрарызму, хакерскіх атак на інфраструктуру.