Мастаўчаніна пасадзілі за пудзіла міліцыянта ў труне, а беларусы дапамаглі ягонай сям'і


Надоечы мы падзяліліся гісторыяй шматдзетнай сям’і з Мастоў, якая жыве ў недабудаваным доме на заробак адной маці, 460 рублёў. Муж і бацька цяпер адбывае пакаранне ў калоніі агульнага рэжыму. Яму прысудзілі 1 год зняволення, нібыта за тое, што ён развешваў на прыпынках грамадскага транспарту пудзілы ў міліцэйскай форме, і адно з іх нават паклаў у труну. Нібыта за набыццё гэтай самай труны i яе перавоз у Віктара канфіскавалі аўтамабіль.

За куплю і перавоз труны ў Віктара канфіскавалі аўтамабіль. Характэрна, што прадавец рытуальнай крамы не запомніў пакупнікоў – толькі нумар аўтамабіля. Іншых паказанняў не было, а шматдзетны бацька віны не прызнаў. Але судом гэта ўлічана не было, і Віктару прызначылі рэальны тэрмін. Таццяна з дзецьмі засталася адна, яна працуе кухарам у дзіцячым садку і зарабляе 460 рублёў. Сям’і цяпер патрэбныя грошы.

«Пасля нашага рэпартажу з’явіўся чалавек, які нам купіў квіткі ў цырк, і сёння, 22 траўня, мы прыехалі ў цырк на тры гадзіны, на выступленне.

Былі тэлефанаванні. Вядома, не з нашага гораду ўсё. З іншай краіны нават. Падтрымліваюць. Ну, як хто рэагуе на гэтую сітуацыю», – расказвае Таццяна.

Дзякуючы людзям, якія не засталіся абыякавымі да Таццянінай бяды, мы змаглі ажыццявіць ейную маленькую мару. Яна хацела, каб іхныя з Віктарам дзеці з’ездзілі ў Менск паглядзець горад і наведаць цыркавое прадстаўленне. Нам удалося зладзіць для iх невялікае свята.

Таццяна і дзеці ў McDonald’s.
Фота: Белсат

«Спадабалася ўсё. Ведаеце, я першы раз у цырку за столькі гадоў. Спадабалася ўсё, пачынаючы з акрабатыкі, жанглёры, клоуны. Клоуны, вядома, для дзяцей – самы пік, калі яны смяяліся. Мне нават аж шчокі балелi», – дзелiцца з намi Таццяна.

Здавалася, што радасць мамы і дзяцей была бязмежная. І ўсё гэта дзякуючы вам – неабыякавым людзям. У гэты няпросты час вы не страцілі чалавечнасці і разумееце, што чужой бяды не бывае. Вам нізкі паклон і шчырыя словы ўдзячнасці ад нас i нашых герояў.

«Хочацца ўсім сказаць людзям, якія не засталіся абыякавымі да маёй сям’і, да маёй бяды, ведаўшы мой стан і ўсю маю сітуацыю: вялікі-вялікі дзякуй. Нізкі ўсім паклон. Вядома, без вашай дапамогі ў мяне б нічога не атрымалася».

Калі вы хочаце падтрымаць іншых нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) – лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога.