Рэбусы на фасадах гарадзенскіх дамоў


Новы Свет – раён Горадні, які пачаў забудоўвацца ў другой палове ХІХ ст. Шмат якія будынкі ў Новым Свеце ацалелі да сёння і служаць нагадваннем пра гістарычныя падзеі. Якія – раскажа гісторык Андрэй Чарнякевіч.

Спяшаючыся рабіць свае справы, мы абыякава праходзім паўз незнаёмыя дамы. Хіба што мільгане думка: вось бы ў такім жыць або працаваць. Або наадварот: фу, якая пачварнасць. Куды больш эмацыйна мы рэагуем на будынкі, звязаныя з падзеямі нашага жыцця: школа, дзе вучыліся, шпіталь, дзе лячыліся, дом, дзе ўзрасталі, і г. д. Мы маем эмацыйную повязь з гэтымі дамамі.

Усталяваць гэткую повязь можна не толькі праз уласны досвед, але і праз веданне гісторыі. Вось у гэтай віленскай камяніцы была друкарня Скарыны, вось у гэтай Свіслацкай гімназіі вучыўся Каліноўскі, а ў гэтым менскім доме склалі Трэцюю Устаўную грамату, што абвяшчала незалежнасць БНР. Гэтыя адрасы не могуць пакінуць абыякавымі тых, хто разумее значэнне падзеяў, што тут адбыліся.

Адкрыць Новы Свет, пазнаёміцца з яго будынкамі ды разгадаць іх загадкі дазволіць экскурсія кандыдата гістарычных навук Андрэя Чарнякевіча.

Якую ролю адыграў дом Максіма Багдановіча, аўтара вершу «Пагоня», у беларускім адраджэнні канца 80-х – пачатку 90-х гадоў? Які помнік царскай дынастыі перажыў СССР? Чаму вядомая польская пісьменніца і жонка галоўнага жандара апекавалася беларускімі партызанамі? Што за фінскі напіс відаць на адным з фасадаў? Якія важныя для беларускай гісторыі асобы жылі ў Новым Свеце?

Вядоўца і аўтар праграмы – доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 19:10. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.